Ода салдату

У мінулы аўторак краіна адзначыла адно з самых важных святаў у сваёй  гісторыі – Дзень Перамогі. Для беларусаў гэта не толькі святочны дзень, але яшчэ і дзень памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці савецкім воінам, працаўнікам тылу, партызанам і падпольшчыкам – усім, хто набліжаў Перамогу.
У сталіцы ўрачыстасці пачаліся з рэспубліканскай акцыі «Беларусь помніць» і ўскладання вянкоў да манумента Перамогі. У цырымоніі прынялі ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, грамадскасць, прадстаўнікі маладзёжных і дзіцячых арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў.  Пасля ўскладання вянкоў Аляксандр Лукашэнка з цеплынёй паразмаўляў з ветэранамі, пацікавіўся, якія пытанні іх хвалююць, павіншаваў з Днём Перамогі і пажадаў доўгіх гадоў жыцця.
На плошчы Перамогі адбыўся ўрачысты марш з удзелам роты і аркестра ганаровай варты, а таксама прайшло тэатралізаванае выступленне.
Святочныя акцыі, канцэрты, шэсці і іншыя мерапрыемствы з нагоды 72-й гадавіны Перамогі праходзілі ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Для жыхароў і гасцей Брэста стала даўняй традыцыяй сустракаць Дзень Перамогі ў Брэсцкай крэпасці. Сёлета ў мемарыяльным комплексе на ўрачысты мітынг сабраліся больш за 30 тысяч чалавек. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс павіншаваў усіх з вялікім святам і адзначыў, што беларусы шануюць ветэранаў і клапоцяцца пра захаванне міру.
Пасля мітынгу ў крэпасці пачаўся канцэрт творчых калектываў Брэстчыны. Святочныя пляцоўкі размясціліся і ў іншых частках горада.  А ў 23.00 неба над абласным цэнтрам расквеціў салют Перамогі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *