І слова, і справа гучаць ва ўнісон

Прафсаюзныя лідары Васілій Гарбачоў, Ірына Чура, Святлана Курэц, Святлана Бялецкая.

Па выніках 2016 года лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне” стала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі за работу па патрыятычным выхаванні грамадзян, адной з яркіх старонак якой стала маштабная рэканструкцыя Кургана Славы. Гэта – не адзіны аб’ект, над якім узялі шэфства прафсаюзы. У кожнай вобласці выбраны свае знакавыя месцы. Цяпер  ФПБ актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы прапаноў па змяненні дзеючага заканадаўства аб працы.  Прэзідэнт Беларусі падтрымаў ініцыятыву прафсаюзаў аб народным кантролі за цэнамі. Таксама ФПБ прапануе 2018 год аб’явіць у Беларусі Годам чалавека працы, на варце інтарэсаў якога стаіць гэта самая масавая грамадская арганізацыя.

Расказаць пра мясцовыя дасягненні, абмеркаваць праблемы, падзяліцца вопытам, падтрымаць добрыя ініцыятывы – дзеля гэтага сабраліся за круглым сталом “ЛВ”  раённыя прафсаюзныя лідары.

Святлана КУРЭЦ,  старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:

–  4 раённыя арганізацыйныя  структуры, 88 пярвічак, 3 цэхкамы, 8500 чалавек – такая Ляхавіччына прафсаюзная сёння. Павышэнне эканамічнага патэнцыялу раёна і рост заработнай платы, развіццё рынку працы і скарачэнне ўзроўню беспрацоўя, выніковая прававая дзейнасць і належны грамадскі кантроль у сферы сацыяльна-эканамічных адносін, ахова працы, развіццё адукацыі і медыцыны, культурнага патэнцыялу, прапаганда здаровага ладу жыцця і многае іншае – прыярытэтныя  накірункі  работы нашага раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Заключанае паміж райвыканкамам, раённымі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2016-2020  гады пагадненне з’яўляецца асновай для распрацоўкі  калектыўных дагавораў. Па стане на 1 мая  ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама зарэгістраваны 74 дзеючыя калектыўныя дагаворы.  Яшчэ на 5 прадпрыемстваў распаўсюджваюцца дагаворы вышэйстаячых арганізацый. Распрацоўваецца гэты дакумент і ў ЗТАА “БелДан”.

Асаблівая ўвага на так званы “сацыяльны пакет” з рознымі гарантыямі і бонусамі для работнікаў, абгаворанай адказнасцю абодвух бакоў. Некаторыя прадпрыемствы і арганізацыі аплачваюць сваім супрацоўнікам палову кошту абедаў і праезду, прадастаўляюць бацькам школьнікаў 1 верасня свабодны ад работы дзень, выплачваюць матэрыяльную дапамогу і прэміі да прафесійных святаў па выніках работы за год, за працоўныя дасягненні і інш.

Адзін з важных  накірункаў дзейнасці – стварэнне прафсаюзных пярвічак у прыватным сектары эканомікі.  З двух навічкоў у прафсаюзе –  арганізацый, створаных у ЗТАА “БелДан” і ТАА “Трансэлектракамплект”, –  асабліва хачу адзначыць менавіта апошнюю.  У “Трансэлектракамплекце” аператыўна распрацаваны і зацверджаны калектыўны дагавор.  Дырэктар прадпрыемства Генадзій Сакуць – адзін з ініцыятараў стварэння пярвічкі, актыўна  падтрымлівае прафсаюз. Дарэчы, добра  было б пераняць гэты  вопыт  і  яшчэ  13 прадпрыемствам і арганізацыям нашага раёна.  Работнікам бляшаначнага завода “Інтэрлак”, завода “Металапластмас”, “Ажуруны”, “Ібіры”, “Ляхавічыдрэў”, “ТМТ”, гандлёвага дома “Уладзімір”,  аўтацэнтра “Вікторыя”, “Карвенты” не былі б лішнімі дадатковыя  сацыяльныя гарантыі.

Пра іншыя прафсаюзныя плюсы: для нашых сацыяльных партнёраў і членаў прафсаюза ўся юрыдычная дапамога бясплатная, прадастаўляюцца 25-працэнтныя скідкі на адпачынак у санаторыях ФПБ.

Пад пільнай увагай  пытанні аховы працы.  На прадпрыемствах створаны  48 грамадскіх камісій, працуюць больш як 200 грамадскіх інспектараў. Штогод у раён прыязджаюць рэйдавыя групы тэхнічных інспектараў абласнога аб’яднання прафсаюзаў.  Летась маніторынг ахапіў 13 прадпрыемстваў Ляхавіччыны, сёлета  такі запланаваны на жнівень.

Святлана БЯЛЕЦКАЯ, старшыня райкама  прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:

– Педагогі актыўныя і ініцыятыўныя не толькі ў сваёй прафесіі, але і ў грамадскай рабоце. Ім давяраюць, іх паважаюць.  Дарэчы, за апошняе дзесяцігоддзе 18 старшынь пярвічак сталі кіраўнікамі ўстаноў, арганізацый.

Наш галіновы прафсаюз аб’ядноўвае ў сваіх дружных радах 25 пярвічак і 1650 чалавек, з якіх 1200 – працуючыя, а 450 – ветэраны працы.  92 працэнты  работнікаў устаноў адукацыі – члены прафсаюза. РК прафсаюза адзначаны дыпломам ІІІ ступені Брэсцкага абкама галіновага прафсаюза і ўпраўлення адукацыі аблвыканкама па выніках работы за 2015/2016 навучальны год.

Неаднаразова пярвічкі ўстаноў адукацыі станавіліся пераможцамі абласных этапаў шматлікіх конкурсаў, а сёлета 1 месца на рэспубліканскім этапе галіновага спаборніцтва на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю за аховай працы заваявала пярвічка СШ № 1 (старшыня Таццяна Абражэвіч, дырэктар школы Наталля Кулак).

Сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму праводзім вучэбныя семінары для наймальнікаў і прафкамаў па пытаннях заключэння і прадаўжэння кантрактаў, рэжыму работы ўстаноў, матэрыяльнага стымулявання, прадастаўлення працоўных і сацыяльных водпускаў.

Прафсаюзныя лідары не вызвалены ад асноўнай работы і выконваюць грамадскую нагрузку за невялікую надбаўку да зарплаты. Але колькі актыўнасці,  неабыякавасці і энергіі ў гэтых людзей! Асабліва актыўныя пярвічкі гімназіі, СШ № 1 і № 2, Тухавіцкай, Крывошынскай, Навасёлкаўскай СШ, Дараўскага і Падлескага ВПК, ясляў-сада № 3 і № 4.

Святлана КУРЭЦ:

– Калектыўна-дагаворная работа, якую праводзіць райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, – прыклад для пераймання.  Яму ўдалося значна пашырыць пералік сацыяльных гарантый для работнікаў галіны ў параўнанні з абласным пагадненнем, у тым ліку – павышэнне тарыфнай стаўкі, прадастаўленне дадатковага водпуску; устанаўленне надбавак за складанасць і напружанасць у рабоце, прэміраванне работнікаў, якія працуюць у аздараўленчым лагеры “Чайка”, удзельнічаюць у спартакіядах, турыстычных злётах, творчых фестывалях, пераможцаў раённых этапаў конкурсаў прафмайстэрства; прадастаўленне працоўнага водпуску па жаданні работніка асобным катэгорыям у зручны для іх час; аказанне матэрыяльнай дапамогі мнагадзетным і адзінокім бацькам для падрыхтоўкі дзяцей  да новага навучальнага года, ветэранам вайны, аднаразовыя выплаты маладым спецыялістам, якія  пасля абавязковай адпрацоўкі далі згоду наймальніку на заключэнне кантракта на тэрмін не менш як 3 гады.

Ірына ЧУРА, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу:

– Наш галіновы прафсаюз – самы прадстаўнічы ў Ляхавіцкім раёне, у яго ўваходзіць 3333 чалавекі, аб’яднаныя ў 18 пярвічак. Прафсаюз  ужо даўно не асацыюецца толькі з арганізацыяй культурна-масавай работы і аказаннем матэрыяльнай дапамогі. Ён  займае актыўную пазіцыю і ў сацыяльна-эканамічным накірунку, наладжаны  грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы. У нас дзейнічаюць  28 грамадскіх інспектараў.  Прафсаюз уважліва сочыць за выкананнем усіх палажэнняў калектыўнага дагавора,  аказваюцца бясплатныя кансультацыі па жыллёвых, пенсійных пытаннях. Прадастаўляем і абараняем інтарэсы работнікаў АПК  падчас разгляду працоўных спрэчак у судзе.

Прафсаюз – і райкам, і пярвічка – заўсёды  побач з працаўнікамі. Раённае спаборніцтва “Наш жывёлавод”, ініцыяванае РК прафсаюза, сваёй мэтай ставіць падтрымку лепшых. Дастойна выступілі аператары машыннага даення Таццяна Шустал з ААТ “Шлях новы”, Наталля Дараневіч з ДП “Нача” і Лілія Русак з ААТ “Жарабковічы” ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства “Беларускі майстар-2017”, адным з ініцыятараў якога быў галіновы абкам прафсаюза. А Таццяна Шустал атрымала дыплом у намінацыі “самы вопытны аператар машыннага даення”. Штогод райкам лепшым на сяўбе і жніве ўручае  граматы, падарункі. Сёлетнія важнейшыя сельскагаспадарчыя кампаніі – не выключэнне.

Не забываем і пра вучобу прафсаюзных актывістаў. У гэтым годзе яна праводзілася двойчы. У чэрвені запланаваны сумесны семінар і выязны прэзідыум райкама галіновага прафсаюза на базе ААТ “Жарабковічы”.

Прыемна, што рады нашай масавай арганізацыі растуць. За апошнія 2 гады створаны пярвічкі ў “Трансэлектракамплекце” і “БелДане”.  Разам з тым незразумелая пазіцыя кіраўнікоў некаторых прадпрыемстваў і арганізацый, у тым ліку і недзяржаўнай формы ўласнасці, дзе няма прафсаюзных пярвічак. Няма прафсаюзнай арганізацыі –

адсутнічае калектыўны дагавор, адпаведна наймальнік аднаасобна ўстанаўлівае формы, памеры аплаты працы  работнікаў, надбавак за высокую кваліфікацыю; ажыццяўляе кантроль за ўмовамі і аховай працы на вытворчасці і многае іншае.

Сіла прафсаюзнай арганізацыі – у яе масавасці, згуртаванасці, у энергічным і прынцыповым прафкаме.

Васілій ГАРБАЧОЎ, старшыня  пярвічнай   прафсаюзнай арганізацыі  цэнтральнай раённай бальніцы:

– Прафсаюзная медыцынская пярвічка аб’ядноўвае  больш за 600 чалавек (99,8 працэнта ад усіх працуючых ва ўстановах аховы здароўя). Узначальваю яе 13 гадоў. Да гэтага прафсаюзнымі лідарамі былі Яраслаў Лойчыц, Сяргей Бяляеў, Леанід Лапіч.

З 30 мая ў райбальніцы дзейнічае новы калектыўны дагавор. Гэта  чарговы крок на шляху сацыяльнага партнёрства паміж адміністрацыяй райбальніцы і прафкамам як прадстаўніком калектыву даволі выніковы.    Ахова працы – адно з пытанняў, на якім бальнічны прафсаюз акцэнтуе сваю ўвагу. Нездарма наша пярвічка ў гэтым накірунку работы – адна з лепшых сярод медпярвічак Брэстчыны. Клопат пра ветэранаў працы – таксама наш абавязак. Запрашаем іх на сумесныя святы, ушаноўваем. У зоне асаблівай увагі – моладзь. У калектыўны дагавор унесены раздзел “Сацыяльная абарона маладых”, дзе запісаны ўсе льготы, сумы матэрыяльных выплат. За навічкамі замацаваны вопытныя спецыялісты – урачы і медсёстры.

Прафсаюз не  проста назіральнік, ён актыўна дапамагае медыкам, у тым ліку і матэрыяльна. Без фінансавай падтрымкі  штогод не застаюцца працуючыя маці, якія адны выхоўваюць дзяцей, тыя, хто доўгі час хварэе. Работнікі ўстаноў аховы здароўя, якія атрымалі пуцёўку ў прафсаюзныя здраўніцы, маюць права на грашовую падтрымку ад прафсаюза і адміністрацыі бальніцы. Кампенсуем і частку расходаў на дзіцячыя пуцёўкі ў летнікі.

Акрамя ўсяго вышэйпералічанага, прафсаюзы клапоцяцца і пра  арганізацыю вольнага часу працуючых, адпачынку іх дзяцей, пра пераемнасць пакаленняў.

Святлана КУРЭЦ:

– У 2016 годзе заключана трохбаковае Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, райкамам БРСМ і раённай ветэранскай арганізацыяй. Сумесна праведзены акцыя “Тут жыве ветэран”, раённая спартакіяда, “Адкрыты дыялог”, свята “Павіншуем маму разам” і іншыя.

Без удзелу прафсаюзаў не абыходзіцца ні адно раённае мерапрыемства. Граматы, падарункі, віншаванні атрымліваюць самыя актыўныя работнікі да Дня абаронцаў Айчыны, Дня жанчын, Дня маці. Сёлета ў маі на ўрачыстасцях, прымеркаваных да Дня працы, таксама ўшаноўвалі лепшых.

Штогод са сродкаў ФПБ аказваецца матэрыяльная дапамога членам прафсаюза для набыцця і патанення кошту пуцёвак для дзяцей у аздараўленчы лагер “Чайка”.  Акцыя “Прафсаюзы – дзецям” яшчэ адна магчымасць зрабіць прыемнае хлопчыкам і дзяўчынкам, у тым ліку – да Новага года, Дня абароны дзяцей і г.д.  Дарэчы, летась з усіх прафсаюзных фондаў 256 сем’яў атрымалі 9500 рублёў менавіта на “школьны партфель”.

Падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшы інфармацыйны стэнд прафсаюзнай пярвічкі. Сярод арганізацый з колькасцю працуючых больш за 100 чалавек 1 месца ў пярвічкі райбальніцы (старшыня Васілій Гарбачоў), да 100 чалавек – дзіцячага сада   № 4 (Галіна Дарашэнка), самым крэатыўным пры-знаны стэнд СШ  № 1 (Таццяна Абражэвіч). Сёлета аб’яўлены конкурс на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Заяўкі на ўдзел прадставілі 9 прафкамаў. Вынікі будуць аб’яўлены ў верасні.

Ірына ЧУРА:

– Зацікаўлены прафсаюз і ў тым, каб  сельгасвы-творцы змястоўна і  з інтарэсам  праводзілі вольны час. Нават удаецца на конкурсе «Новыя імёны Беларусі»  раскрываць таленты і адкрываць новыя зоркі і не толькі на раённым узроўні. Так, электраманцёр Ляхавіцкага льнозавода Сяргей Стрыхар удастоены гонару прадстаўляць Брэстчыну на галіновым этапе “Новыя імёны Беларусі-2017”. Ён удала выступіў у жанры бітбокса.

Канешне, у чарадзе прафсаюзных спраў не забываем і пра дабрачыннасць. Праводзіцца акцыя “Ветэранам – наш клопат”, прымеркаваная да Дня Перамогі, Дня пажылых людзей, ушаноўваюцца юбіляры – члены прафсаюза работнікаў АПК. Не пакінута без увагі ні адна заява аб аказанні матэрыяльнай дапамогі. Маштабна праходзіць  і  навагодняя акцыя  “Прафсаюзы – дзецям”. Летась не толькі арганізавалі навагоднія ранішнікі і ўручылі падарункі, але і падарылі 20 хлопчыкам і дзяўчынкам, цікавае падарожжа ў казку – на прадстаўленне ў абласны Палац прафсаюзаў. Упэўнена, што многае ў рабоце пярвічкі залежыць ад  ініцыятыўнасці старшыні, яго ўмення наладзіць кантакт з кіраўніцтвам арганізацыі.

Святлана БЯЛЕЦКАЯ:

– Важна ахапіць увагай і клопатам усіх: ад навічкоў да нашых шаноўных ветэранаў працы, якія хоць і на заслужаным адпачынку, але іх актыўнасці і натхненню можна па-добраму зайздросціць.  Натхняльнік усіх ветэранскіх пачынанняў – старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Кацярына Легеда – мой галоўны памочнік. Імкнёмся падтрымліваць цесную сувязь пакаленняў. Запатрабавана настаўніцтва: за маладымі кадрамі замацоўваюцца больш вопытныя калегі.  Сумесна з раённым вучэбна-метадычным кабінетам праводзім конкурс “Педагагічны дэбют”. Таксама ўсе маладыя спецыялісты, якія прыйшлі  на работу  па размеркаванні, атрымліваюць штомесячныя надбаўкі да зарплаты, ім павышаецца тарыфная стаўка па кантракце, кампенсуюцца расходы па найме жылля і выдаткоўваецца матэрыяльная дапамога на ўладкаванне. І ўсе гэта пад кантролем і пры  непасрэдным удзеле прафсаюза.

Час паказаў: прафсаюзы – уплывовая сіла, яны заўсёды трымаюць руку на пульсе падзей. І важкі стымул для членства ў гэтай арганізацыі –  жаданне адчуваць сябе абароненым.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *