З любоўю да песні

Творчыя калектывы Ляхавіччыны прымалі ўдзел у заключным  этапе абласнога песеннага  форуму “З любоўю да песні”, які адбыўся 2 – 4 чэрвеня на гасціннай зямлі Пружаншчыны. Ляхавіцкі раён прадставілі  народны акадэмічны хор настаўнікаў  ГДК (мастацкі кіраўнік  Анатоль Немец), народны ансамбль народнай песні і музыкі “Крыніца” ГДК (Людміла Ламака), вакальны квартэт “ВІНС-акорд”  ГДК (Ірына Тулейка), эксперыментальная вакальная група “Берагiня” Дараўскага СДК (Людміла Іваноўская). Дарэчы, забягаючы наперад, такі статус апошні калектыў афіцыйна атрымае пасля прысваення звання “народны”. Адстаяць гэта званне плануецца напрыканцы чэрвеня бягучага года.  У таленавітай творчай  камандзе раёна і  яркая салістка – супрацоўнік Востраўскага СДК Вольга Саванчук.
На працягу трох дзён  Пружанскі раён вітаў больш за тысячу ўдзельнікаў песеннага форуму, і старанні нашых таленавітых выканаўцаў, іх плённая праца не засталіся незаўважанымі ні журы, ні гледачамі.  Дыплом І ступені ў конкурснай праграме з народнай манерай выканання ў намінацыі “саліст-вакаліст” атрымала Вольга Саванчук, ў намінацыі “ансамбль песні” – “Берагiня”. Дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны народны ансамбль народнай песні “Крыніца”.  У конкурснай праграме з акадэмічнай манерай выканання ў намінацыі “хор” дыплом ІІІ ступені заваяваў  акадэмічны хор настаўнікаў, у намінацыі “калектыў малой формы” – “ВІНС-акорд”.  Акрамя таго,  “Берагіня” адзначана  дыпломам “За творчы дэбют”, у чым значны ўклад і навічкоў калектыву – салісткі Алесі Камскай і выканаўца арыгінальнага  жанра  –  бітбокса  – Сяргея Стрыхара.
Самадзейныя артысты ўдзячны за дапамогу і падтрымку аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і  кіраўніцтву ЗТАА “БелДан”.
Юрый ГРЫНЬ, дырэктар
раённай  цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *