“Trashion Fashion” і вясёлкавыя мадэлі

У першы дзень лета Брэсцкі абласны цэнтр маладзёжнай творчасці быў расквечаны шчаслівымі ўсмешкамі хлопчыкаў і дзяўчынак. Тут пад дэвізам “Разам мы можам больш” праходзіў абласны творчы інклюзіўны фестываль, прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей.
Пасля адбору журы асаблівыя дзеці з 13 раёнаў вобласці  былі ўдастоены гонару прэзентаваць свае таленты і здольнасці на абласной сцэне. Сярод  удзельнікаў канцэртнай праграмы былі і выхаванцы Ляхавіцкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Фестываль – магчымасць заявіць пра сябе, сваю малую радзіму і, канешне, паглядзець на іншых, абмяняцца вопытам. Для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вельмі важна, каб іх зразумелі, пачулі і прынялі. Гэта выдатна атрымалася ў нашых юных землякоў, якія прадстаўлялі  імправізаваны дом мадэляў “Trashion Fashion” і дэманстравалі касцюмы, зробленыя ўласнымі рукамі з другаснай сыравіны. Такім чынам  рабяты адказалі  на пытанне, як зберагчы прыроду і ўпрыгожыць свет.
Напрыклад, для вырабу моднай  сукенкі ўзялі  выкарыстаныя металічныя накрыўкі  вытворчасці завода “Металапластмас”. У ёй  на сцэне красавалася Караліна  Казлова. Авацыі сарвала шыкоўнае каралеўскае ўбранне Ангеліны Галіцкай, матэрыялам для якога сталі нумары  газеты “Ляхавіцкі веснік”. Дзяўчынка шчыра прызналася, што ёй прыемна быць гераіняй артыкулаў   раёнкі –
самай важнай  і самай галоўнай для яе газеты. А зараз з цікавых публікацый любімага “Весніка” можна зрабіць мноства патрэбных і арыгінальных рэчаў.
Раскрыць таленты на сцэне навучэнцам ЦКРНіР дапамагалі сябры. Максім Кудзялевіч з гімназіі, які “прымераў” пасаду  куцюр’е. Дар’я Тупальская з СШ №1 у ролі мадэлі “Вясёлка” паказвала касцюм з кавалачкаў рознакаляровых пластмасавых трубак вытворчасці “Трансэлектракамплекта”. Дзіяна Кудзялевіч з СШ № 2 дэманстравала ўбор з пакетаў з-пад прадукцыі мясцовага малочнага завода.
Натхнялі і дапамагалі рабятам увасобіць у жыццё задуманае іх нераўнадушныя педагогі. Падтрымаць нашых хлопчыкаў і дзяўчынак прыехаў і  сябар ЦКРНіР дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрый Грынь, які выканаў на фестывалі аўтарскую песню “Мой горад”.
Дадому рабяты і бацькі вярталіся з мноствам станоўчых эмоцый і цудоўных уражанняў, у тым ліку ад прагляду спектакля ў Брэсцкім  акадэмічным тэатры драмы.
Дар’я ЖЭРКА, педагог-псіхолаг ЦКРНіР.
Фота з архіва ЦКРНіР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *