Ляхавіччына: лета ў гімназіі пачалося па раскладзе

Лета ў гімназіі пачалося па раскладзе: выпускнікі здаюць экзамены, пачаткоўцы з задавальненнем наведваюць мясцовы летнік, а васьмікласнікі і дзесяцікласнікі, якія пажадалі адначасова адпачыць і зарабіць уласныя грошы, запісаліся ў лагер працы і адпачынку «Рытм».
У традыцыйным прышкольным лагеры (змена доўжыцца з 3 па 22 чэрвеня), як расказала яго начальнік Наталля Белая, сёлета набіраюцца сіл, аздараўліваюцца, весела і з карысцю бавяць вольны час 63 хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў. Рабяты аб’яднаны ў 3 атрады: «Круцёж», «Карлсан», «Вітаміны». Кожны мае свой дэвіз, а вось накірунак дзейнасці агульны для ўсяго летніка — здаровы лад жыцця і экалагічнае выхаванне. Выхавальнікі і важатыя (педагогі гімназіі) настолькі дасканала і крэатыўна прадумалі план работы, што кожны дзень для рабят праходзіць насычана, а таму і цікава. Важна, што пакуль бацькі на рабоце, яны могуць быць спакойнымі і ўпэўненымі — іх дзеці пад надзейнай аховай і клопатам, заняты і накормлены.
Літаральна на другі дзень змены ў госці да адпачываючых завіталі выратавальнікі з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны не толькі нагадалі правілы пажарнай бяспекі, але і прадэманстравалі магчымасці сучаснай пажарнай машыны. Наперадзе рабят чакаюць сустрэчы з супрацоўнікамі раённага аддзялення дэпартамента аховы, экскурсіі на камбінат кааператыўнай прамысловасці, у цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, паркавы ансамбль «Рэпіхава», музей Касцюшкі ў Івацэвічах. Разам з рабятамі, якія будуць адпачываць у першую змену ў лагеры «Чайка», гімназісты паўдзельнічаюць у гульні «Скарб». А яшчэ ў праграме адпачынку конкурсы, спаборніцтвы, інтэлектуальныя марафоны, брэйн-рынг і шмат чаго іншага пазнавальнага і забаўляльнага. А мясцовыя повары будуць частаваць хлопчыкаў і дзяўчынак смачнымі і карыснымі стравамі (у летніку — трохразовае харчаванне).
Дарэчы, кошт пуцёўкі ў лагер — 420 тысяч рублёў. А бацькоўская даплата складае ўсяго каля 80 тысяч рублёў, астатнія расходы па традыцыі бярэ на сябе дзяржава.
18 дзён — менавіта столькі доўжыцца і змена ў «Рытме». Пад кіраўніцтвам начальніка лагера Ірыны Бондар і выхавальніка Святланы Ушко 15 учарашніх васьмікласнікаў і дзесяцікласнікаў вырашылі спалучыць прыемнае з карысным — па 4 гадзіны ў дзень яны працуюць на добраўпарадкаванні лесу (заключана пагадненне з ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас»), а астатні час аддаюць адпачынку: запланаваны спартыўныя спаборніцтвы, экскурсіі, сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі, віктарыны, «круглыя сталы», акцыі і г.д. Харчуюцца рабяты таксама на месцы — у сталовай гімназіі.
Лета толькі пачынаецца.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *