Часам тым, хто збіўся з дарогі, трэба толькі працягнуць руку…

Памятаю, яшчэ дзецьмі асуджалі зязюлю, якая падкладвае свае яйкі іншым птушкам. На жаль, такія выпадкі здараюцца і сярод людзей. Жанчыны і мужчыны ігнаруюць свае абавязкі па выхаванні дзяцей, п’юць, вядуць амаральны лад жыцця. А іх «крывіначак» выхоўваюць чужыя людзі, якія здольны даць ім больш цяпла, чым родныя.
Уразіў выпадак, калі дзяўчынка стамілася ад абыякавасці п’янай маці, палічыла лепшым жыць у другой сям’і. Жанчына плакала, спрабавала «завязаць» з алкаголем, уладкавацца на працу, але гарэлка «перамагла», і дзяўчынка ўжо другі год пражывае ў дзіцячым доме сямейнага тыпу і сустракаецца з роднай маці як з госцем.
А чацвёртакласніца А. усяляк абараняла маці, хаваючы, што тая так запівае, што у хаце не застаецца ежы… Педагогі шмат зрабілі, каб вярнуць жанчыну да нармальнага жыцця, абудзіць адказнасць у таты.
Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006г. № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях» закліканы фарміраваць адказнасць асоб, якія кампенсуюць сродкі для ўтрымання дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні. Сярод абавязаных, што пражываюць у Ляхавіцкім раёне, 26 бацькоў- мнагадзетныя. Яны запазычылі дзяржаве больш за 875 мільёнаў рублёў.
Маці пяці дзяцей Д. была звычайнай дзяўчынай, якая хацела сямейных адносін. Жыла з бацькамі і бабуляй. Нарадзіла па-за шлюбам дваіх дзяцей, якіх праз нейкі час органы апекі адабралі з-за пастаянных сямейных канфліктаў, адсутнасці заробку. Жанчына адумалася, працаўладкавалася, пачала клапаціцца пра дзетак. А калі з’явілася трэцяе, усё вярнулася да ранейшага… Па словах загадчыцы сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама Святланы Галееўскай, органы апекі, у адпаведнасці з Дэкрэтам №18, каб малых не раздзяляць, накіравалі іх у дзяцячы дом сямейнага тыпу. А Д. працавала, кампенсавала дзяржаве расходы… пакуль не нарадзіла двойню. Так званы бацька на момант нараджэння немаўлят быў асуджаны, але яго бацькі не пакінулі жанчыну без дапамогі. Ідылія працягвалася да моманту атрымання дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзяцей. Маці забрала  грошы і … знікла, пакінуўшы дзяўчынак на старых хворых бабуль. Малых забралі ў бальніцу, іх усынавілі чужыя людзі, а маці аб’явілася толькі праз 3 месяцы. У 33-гадовай жанчыны мацярынскія пачуцці спяць на самым дне свядомасці, але яна можа прадоўжыць нараджаць. Тым больш, нарэшце, зарэгістравала шлюб. І ўжо шостае дзіця будзе расці без матулінай пяшчоты…
Але ёсць і супрацьлеглыя прыклады, якія абнадзейваюць. Маладая жанчына з сям’і, у якой любілі выпіць, учыніла злачынства па неасцярожнасці і апынулася ў турме. На той момант была цяжарнай. Нарадзілася дзіця. Выйшла з турмы, сышлася з мужчынам, ад якога нарадзіла дваіх дзетак. Расціла іх, працавала даяркай. Муж ездзіў на заробкі ў Расію. Але была вялікая праблема — алкаголь. Выпівала, пачынала паводзіць сябе агрэсіўна, пакідала дзяцей без нагляду. У выніку іх адправілі ў дзіцячы дом сямейнага тыпу. Жанчына ўспрыняла гэту акалічнасць як вялікае гора. СВК пайшло сям’і насустрач і выдзеліла дом — дапамагалі ўсім светам. Зараз яна — клапатлівая маці і добрая гаспадыня.
Як адзначыла Святлана Галееўская, часам тым, хто збіўся з дарогі, трэба толькі працягнуць руку, дапамагчы — і яны справяцца, падымуцца. Немагчыма без паразумення і падтрымкі родных, блізкіх і проста добразычлівых людзей перамагчы алкаголь, сямейную неўладкаванасць.
Па стане на пачатак года 36 дзяцей з 21 сям’і ў нашым раёне знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. За 2012 год пастаўлены на ўлік 33 неўладкаваныя сям’і з 58 дзецьмі, якія знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, а знята з уліку 44 сям’і з 87 дзецьмі (з катэгорыі апошніх 10 атрымалі статус пакінутых без апекі бацькоў). З 5 дзяцей, якім была неабходна дзяржаўная абарона, 4 вернуты ў родныя сем’і. За першы квартал бягучага года трое бацькоў пазбаўлены сваіх правоў у адносінах да 2 дзяцей, адноўлены ў бацькоўскіх правах 3 жанчыны, ім вернуты на выхаванне 4 дзіцяці.
Па стане на май на ўліку ў судзе Ляхавіцкага раёна знаходзіцца 105 абавязаных асоб, з іх 13 чалавек ізаляваны ў ЛПП, 5 адбываюць пакаранне ў папраўчых установах, 3 ухіляюцца ад аплаты, 74 асобам абмежаваны выезд за межы рэспублікі. Па словах судовага выканаўцы Алены Сёмухі, абавязаныя асобы запазычылі дзяржаве 1 мільярд 779 мільёнаў рублёў, спагнана 434 мільёны, у судовым выкананні — 16 спраў аб спагнанні сродкаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.
Па даных суда, працэнт кампенсацыі дзяржаве расходаў абавязанымі асобамі, якія пражываюць у раёне, за 2012 год складае 59,86 працэнта. Абласны — 68,46. Сёлетні раённы працэнт кампенсацыі   за 5 месяцаў склаў 90,23. Каб павялічыць гэты паказўчык прымаецца шэраг мер: пераўладкаванне абавязаных на больш высокааплатную працу, недапушчэнне імі прагулаў, дзейнічае мабільная група, у абавязкі якой уваходзіць дастаўка да месца працы прагульшчыкаў, і г.д.
Па інфармацыі службы занятасці за мінулы год абавязаныя асобы 1367 разоў не выйшлі на працоўныя месцы, сёлета — ужо 350. Адпрацавана ж толькі 80 дзён. 8 абавязаных асоб працаўладкаваны на пастаянную работу на прадпрыемствы раёна.
Найбольш прагулаў у абавязаных асоб, якія працуюць у СВК «Востраў-Агра», «Жарабковічы», ТБЗ «Ляхавіцкі», райпо.
А вось у СВК «Дарава», «Канюхі», аблпсіхбальніцы ”Крывошын”сітуацыя іншая: абавязаныя тут не прагульваюць.
Дарэчы, на ўліку ва ўрача-нарколага райбальніцы знаходзіцца 79 абавязаных асоб, з іх 47 — жанчыны. Статыстыка наводзіць на сумныя думкі…
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *