Бетонная агароджа як сродак супраць банкруцтва

Новы дырэктар райбыткамбіната Ігар Клімец  узначаліў прадпрыемства са слабай эканомікай. Гэта яшчэ мякка сказана. Усе 15 сельскіх комплексных прыёмных пунктаў стратныя. Машынна-трактарны парк (2 “газэлі”, 2 легкавыя аўтамабілі, УАЗ, трактар) – што без колаў, што без рухавікоў. Карацей, вялікая  куча металалому, якая, між іншым, лічыцца на балансе. Сярод гарадскіх  падраздзяленняў жыццяздольнымі былі цырульня, пральня, цэхі па пашыве адзення, па рамонце абутку. На што можна было спадзявацца, дык гэта на аднаўленне вытворчасці па вырабу жалезабетонных агароджаў. З гэтага і пачаў дырэктар.

З цяжкасцю, але знайшоў надзейных работнікаў. Пакуль збіралі з дзвюх “газэляў” адну, даў у карыстанне ўласны аўтамабіль. Толькі распачалі работу, узнікла новая праблема – набыццё цэменту. Знайшлі рашэнне. У выніку больш як кіламетр агароджы ўстаноўлены ў аграгарадку Падлессе (на суму 140 мільёнаў рублёў), на 7 мільёнаў рублёў – у Альхоўскім сельсавеце.

А яшчэ пачалі вытворчасць  драўляных агароджаў. З’явіўся варыянт узаемавыгаднага супрацоўніцтва і з торфабрыкетным заводам “Ляхавіцкі”: швейны цэх РКБА пастаўляе прадпрыемству спецвопратку ў абмен на лесаматэрыялы. І вось ужо ў Ліпску ўстаноўлена 260 метраў драўлянай агароджы  (на 31 мільён рублёў), у Тухавічах, плануюцца такія работы ў Востраве. Купляюць штахетнік вяскоўцы. Карацей, паказчык “іншыя паслугі”, пад якім і значыцца выпуск агароджаў, за 9 месяцаў узрос у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 78,9 працэнта. Прадукцыі  выпушчана на 621,8 мільёна рублёў.

Як зазначыла галоўны бухгалтар РКБА Ганна Куніцкая,  гэта дазволіла спрацаваць за 9 месяцаў без прыбытку, але і без страт. Такога выніку за апошнія гады раённая бытоўка  не  мела.

— Ва ўпраўленні гандлю і паслуг аблвыканкама паабяцалі нам нават трактар у якасці заахвочвання за ўдала арганізаваную работу па вытворчасці жалезабетонных агароджаў, – расказвае Ігар Клімец. – Вось тады можна будзе распачынаць і яшчэ адну выгадную і запатрабаваную справу – аказваць транспартныя паслугі, апрацоўваць зямельныя ўчасткі і г.д. Пакуль трэба наладжваць тое, што ёсць і што прыходзіць у заняпад.

Другі станоўчы момант – забеспячэнне работай “пад загрузку” швейнага цэха. Заключаны дагавор з Баранавіцкім баваўняным камбінатам на пашыў пасцельнай бялізны. І цяпер камплекты з дабротнай тканіны самай рознай афарбоўкі, усіх стандартных размераў, прыгожа аформленыя, прадаюцца на комплексных прыёмных пунктах у вёсках, можна купіць іх у КБА.

Карыстаецца попытам рабочая форма, пашытая ляхавіцкімі майстрыхамі, ручнікі, баваўняныя халаты.  Пайшлі  заказы ад насельніцтва на рамонт і пашыў адзення. Да канца года цэх забяспечаны работай.

За 9 месяцаў выручка бытоўкі склала 921 мільён рублёў (тэмп росту 150 працэнтаў), бытавых паслуг аказана на 271,7 мільёна рублёў – на 13,8 працэнта больш, чым летась. Прадпрыемства вярнула 200 мільёнаў рублёў “застарэлага” доўгу.

Між іншым, у сферы бытавога абслугоўвання мора праблем. Напрыклад, пральня – як і раней, вельмі запатрабаваная паслуга, якой карыстаюцца сёння пераважна прадпрыемствы, арганізацыі, медустановы. Аднак, машыны (іх тут 6) разлічаны на невялікія аб’ёмы загрузкі і даводзіцца па некалькі разоў запускаць аўтаматы, у разы больш траціць электра-энергіі.  Да таго ж, яны вельмі  часта выходзяць са строю, даво-дзіцца выдаткоўваць сродкі на пакупку запчастак.

Заўсёды запатрабаваныя ў насельніцтва паслугі цырульніка, майстра па манікюры, педыкюры і г.д. Цырульнікі (згодна графіка) выязджаюць у вёскі раёна для абслугоўвання насельніцтва. Праўда, ёсць тут праблема – кадравая. Як расказвае Ігар Іванавіч, многія цырульнікі і іншыя майстры пасля таго, як набываюць пэўны вопыт работы, адкрываюць  сваю прыватную справу і абслугоўваюць усё тых жа кліентаў, але працуюць ужо на сябе. Дырэктар у пошуках новых кадраў пабываў і ў каледжы лёгкай прамысловасці, і ў ліцэях – шукае швачак, цырульнікаў, майстроў-візажыстаў і г.д. Напрыклад, сёлета прыедуць у Ляхавічы маладыя швачкі на практыку, а пасля заканчэння навучальных устаноў ім трэба будзе  адпрацоўваць 2 гады – глядзіш, даспадобы прыйдуцца Ляхавічы.

Прыбытковай была б і паслуга хімчысткі: сёння заказы ляхавічан дастаўляюцца ў Баранавічы. Але пакуль што няма свабодных грошай, каб арганізаваць сваю  справу, нягледзячы на тое, што і раённы бюджэт аказвае камбінату пад-трымку: за 9 месяцаў прадпрыемству выдаткавана  139 мільёнаў рублёў.

Безумоўна, у рабоце РКБА зрухі ёсць. Але, як зазначыла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Кацуба, гэта толькі добры старт, а асноўная работа наперадзе. За 9 месяцаў крыху абнадзеілі вытворчыя паказчыкі. У многім – дзякуючы       падтрымцы дзяржавы. Указам Прэзідэнта ўсе прадпрыемствы, якія аказваюць бытавыя паслугі ў сельскай мясцовасці, вызваляюцца ад уплаты падатку на прыбытак і ПДВ да 1 студзеня 2013 года. Зроблены пераразлік і вернута некаторая сума грошай. На падставе гэтага ж дакумента будуць выплачвацца субсідыі з разліку не менш як  тысяча рублёў на аднаго жыхара сельскай мясцовасці, якому аказана паслуга.

— Што датычыць канкрэтнага моманту, – гаворыць Таццяна Міхайлаўна, –  то за параўнаўча невялікі адрэзак часу ў РКБА задзейнічаны людзі, крыху стабілізавалася зарплата, удаецца вырашыць некаторыя арганізацыйныя пытанні. Але па-ранейшаму нізкая прадукцыйнасць працы (напрыклад, у швейным цэху). Для пачатку любой новай справы найперш патрэбен эканамічны падыход: пралічваць, што  атрымаецца ў вытворчасці, ці не з’явяцца новыя страты. Кіраўніцтву РКБА, спецыялістам і работнікам сферы абслугоўвання раёна таксама не пашкодзіць узгодненасць у рабоце.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *