“Работы не баюся!”

Рамонтам кніг займаліся старшакласнікі СШ № 2.

Сёлетняя выпускніца Навасёлкаўскай сярэдняй школы Кацярына Зубік, як і іншыя ўчарашнія адзінаццацікласнікі, цяпер здае тэсты і марыць стаць студэнткай. А яшчэ цвёрда настроена ў ліпені-чэрвені, як і папярэднія 3 гады, абавязкова пайсці працаваць.

– Раней на канікулах у СВК “Шлях новы” працавала мая сястра, потым да яе далучылася і я. Упершыню прыйшла сюды пасля 8 класа. Спадабалася. Работы не баюся. Палола, калі пачалося жніво – дапамагала на КЗС. У гаспадарцы  не адмаўляюць школьнікам і студэнтам у магчымасці зарабіць.  Гэтым летам буду працаваць у “Шляху новым” у складзе  буд-атрада, – расказвае дзяўчына.
Але так, як Каці Зубік, шанцуе, далёка не ўсім. У банку даных, створаным  у райкаме БРСМ,  прозвішчы больш сотні юных землякоў, хто жадае летам не толькі адпачываць, але і зарабіць грошы.
Для арганізацыі другаснай занятасці моладзі зацікаўленыя службы штогод праводзяць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб як мага паўней ахапіць усіх, хто жадае папрацаваць у вольны ад вучобы час. Гэта і пошук адрасоў, дзе гатовы прыняць маладых на работу, і стварэнне банка даных навучэнцаў і студэнтаў, якія не жадаюць на канікулах сядзець без справы. На жаль, прапанова значна саступае жаданню маладых працаваць.
Канешне, самы класны варыянт – студэнцкія будаўнічыя атрады. Аднак, існуюць і іншыя варыянты працаўладкавання ў час канікулаў, што пацвярджае сёлетні працоўны семестр на Ляхавіччыне.
Другі год запар у новым фармаце  дзейнічае будаўнічы атрад “Флагман” Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Калі раней  будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі падчас працоўнага семестра шчыравалі на добраўпарад-каванні тэрыторыі ўстановы, рамантавалі яе інтэрнаты і вытворчыя памяшканні, то сёлета, як і летась, яны накіруюцца ў ПГУП “Трансэлектрабуд”. Дарэчы,  заснавальнік ПГУП, дырэктар “Трансэлектракамплекта” Генадзій Сакуць вядомы ў раёне  сваёй дабрачыннай дзейнасцю. Прадпрыемства з года ў год падтрымлівае падлеткаў і моладзь, якія жадаюць працаваць. Напрыклад,  мінулым летам гімназісты-старшакласнікі перамотвалі нітку і дрот у сваіх кабінетах, фасавалі іх, а потым адпраўлялі ў ТАА.
Па дамоўленасці  паміж дырэкцыяй «Трансэлектрабуда» і  адміністрацыяй ЛДАКа 10-12 каляджан на працягу як мінімум двух тыдняў будуць прыбіраць тэрыторыю прадпрыемства, выконваць іншыя падсобныя работы. “Флагман” размесціцца па-ранейшаму ў ЛДАКу. Юнакі і дзяўчаты будуць жыць у інтэрнаце і харчавацца за кошт каледжа.
Леташні капітан “Флагмана”, цяпер  трэцякурснік заатэхнічнага аддзялення Арцём Лойка ўспамінае, як разам з сябрамі-каляджанамі працавалі, радаваліся першым заробленым грошам.
– Дачакацца не магу, калі зноў пачнецца будатрадаўскае жыццё. Гэта так цікава! Многія леташнія сябры па “Флагмане” і цяпер будуць побач. Канешне, і матэрыяльны бок важны, – зазначае юнак.
На другой змене ў аздараў-ленчым лагеры “Чайка” дэсантаваўся  педагагічна-студэнцкі атрад у складзе  12 творчых, ініцыятыўных студэнтаў педагагічных ВНУ і маладых настаўнікаў. У іх ёсць выдатны шанц не проста адпрацаваць  змену ў якасці педагогаў, але і павучыцца ў  настаўнікаў са стажам, праявіць якасці  арганізатара і псіхолага, канешне ж, добра адпачыць самім і да таго ж зарабіць грошай.  Іх папярэднікі, са сваёй галоўнай місіяй – зрабіць адпачынак  рабят цікавым, запамінальным і бяспечным – спраўляліся  выдатна.
У мінулыя гады другаснай занятасцю падчас канікулаў скарысталіся старшакласнікі. Працавалі па дагаворах, заключаных з камунгасам, лясгасам, сельгаспрадпрыемст-вамі. Цяпер усё больш сціпла. У ЖКГ  на  гэта пакуль не хапае  сродкаў, патлумачылі ў камунгасе. Торфабрыкетны завод “Ляхавіцкі” гатовы даць на 2-3 тыдні работу і зарплату чацвярым дзесяцікласнікам Тухавіцкай СШ. Для пяці вучняў Крывошынскай СШ знойдзецца справа ў цяпліцах мясцовага лясніцтва. Па некалькі падлеткаў часова працаўладкуюць у КСУП “Тальмінавічы”, “Востраў-Агра”, райаграсэрвісе.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці  і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса паведаміў, што з абласнога бюджэту выдаткавана 5 тысяч рублёў менавіта на арганізацыю другаснай занятасці нашых юных землякоў. Сёлета ў яе межах дзейнічаюць  лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем. Іх у раёне 4 і  раскватэраваліся яны з 5 па 24 чэрвеня  ў  СШ № 1 і СШ № 2, Крывошынскай і Навасёлкаўскай. У складзе працоўных атрадаў – 60 чалавек, па 20 у гарадскіх школах, па 10 – у  сельскіх. Старшакласнікі наво-дзяць парадак на прышкольных тэрыторыях, фарбуюць агаро-джы, рамантуюць кнігі ў школьных бібліятэках. Лагер пачынае чарговы дзень у 8.30, працоўная змена доўжыцца звычайна з 10 да 13 гадзін (у залежнасці ад узросту падлеткаў), дамоў рабяты разыходзяцца ў 16 гадзін – усё па раскладзе. Не забываюць і пра адпачынак. А ён у летніку насычаны і багаты на падзеі. Тут і розныя мерапрыемствы: інтэлектуальныя гульні, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы.
– Дзесяць нашых вучняў цяпер ужо 9-11 класаў лічаць, што ім выпаў шчаслівы білет – трапіць у такі летнік, – расказвае  дырэктар лагера, створанага на базе Навасёлкаўскай СШ, Наталля Камінская. Праграму для рабят з атрада “ Маладосць” педагогі падрыхтавалі  разнапланавую. “Дзень паэзіі”, акцыя “Без бар’ераў”, сацыяльны праект “Гонар і слава роднай зямлі”, прафарыентацыйны – “Сто дарог – адна твая”, патрыятычны марафон “Помнім. Славім. Ганарымся” – далёка не поўны пералік цікавых мерапрыемстваў, якія адбыліся ў чэрвені.
Увогуле моладзі з аграгарадка Навасёлкі і блізкіх да яго вёсак пашанцавала. У школьнікаў і студэнтаў ёсць магчымасць папоўніць уласны бюджэт і дапамагчы ААТ “Шлях новы”  на жніве, на якім тут  будзе  дзейнічаць студэнцкі атрад у колькасці 20-25 чалавек (сярод іх і Кацярына Зубік).  Раўназначная каманда размесціцца і ў вытворчых майстэрнях, на зернетаках ААТ “Жарабковічы”.
Горшая сітуацыя з індывідуальным працаўладкаваннем іншых юнакоў і дзяўчат: заяўкі ад наймальнікаў адсутнічаюць.
– На жаль, не ўсім рабятам, якія звярнуліся за дапамогай аб працаўладкаванні, удалося дапамагчы.  Пададзена каля сотні заявак  ад школьнікаў, студэнтаў, працаўладкавана ў разы менш. Амаль усе прадпрыемствы ў нашым раёне адмовіліся ад часовых работнікаў, тым больш непаўналетніх, наконт якіх дзейнічаюць пэўныя абмежаванні па працоўным часе і відах работ, – зазначыла першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк.
Так што, магчымасць папрацаваць падчас канікулаў, на жаль, будзе не ва ўсіх жадаючых: недзе не дапрацаваў у плане арганізацыі БРСМ ці наймальнікі не надта адказна аднесліся да гэтай праблемы. Не выключана, што самастойныя пошукі работы для самых настойлівых будуць больш паспяховымі, чым чаканне дапамогі.
Лета толькі пачалося.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *