Мінералы пясчаных кар’ераў. Патрабаванне нязменнае: і тут павінен быць парадак

Пясок, гравій, гравійна-пясчаны мікс – мінеральная сыравіна вельмі шырокага выкарыстання. І, у адрозненне ад іншых відаў карысных выкапняў, маюць дастаткова шырокае распаўсюджанне і на нашых прасторах.

Адкрыты спосаб здабычы сыпкага багацця, мае на ўвазе распрацоўку кар’ераў. Асобнай групай стаяць і не нашай тэмай з’яўляюцца прамысловыя кар’еры па здабычы агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў. На тэрыторыі нашага раёна працуе толькі адзін аб’ект такога парадку. Размешчаны поруч з вёскай Асосы і знаходзіцца ў распрацоўцы Ляхавіцкага ДРБУ-200. Сыравіну з яго землекарыс-тальнік можа выкарыстоўваць не толькі для ўласных патрэб, але і “выжымаць” з сітуацыі іншую камерцыйную выгаду. Пастаўкі пяску-гравію іншым арганізацыям – гэта першае, што прыходзіць на думку ў даным выпадку.
Іншы расклад у адносінах і падыходах да так званых унутрыгаспадарчых кар’ераў. У назве ўсё і зашыфравана: здабытая на гэтых участках прадукцыя не павінна выходзіць за межы гаспадаркі-арандатара. Практычна, усе нешта будуюць-дабудоўваюць, рамантуюць, адсыпаюць-падсыпаюць. І ў падобнай арганізацынай схеме свой кар’ер – знаходка. Атрымаць у карыстанне такую знаходку можа далёка не кожны – прапісаны ўмовы.
Як расказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Пятроўскі, у адпаведнасці з нарматыўнай базай, камісія падчас выбару месца размяшчэння ўнутрыгаспадарчага кар’ера аналізуе сетку ўжо дзеючых аналагічных аб’ектаў. Месцамі пясчана-гравійных распрацовак павінны станавіцца ўгоддзі не прыдатныя для сельскагаспадарчага выкарыстання. Так у ідэале. Ці сельскагас-
падарчыя землі горшай якасці – як крайні варыянт. На 5000 гектараў зямель землекарыстальніку дазваляецца адкрыць адзін аднагектарных памераў кар’ер. Абавязковая ўмова – на гэтай жа плошчы павінна знайсціся і месца для складавання знятага з кар’ера ўрадлівага слою глебы. Дрэнным, далікатна кажучы, выбарам лічацца паніжаныя, тым больш нізкія ўчасткі мясцовасці, паколькі рэальным і непажаданым паваротам можа стаць падтап-ленне кар’ера і звязаная з гэтым немагчымасць яго наступнай рэкультывацыі і вяртання на новы віток гаспадарчага абароту. І яшчэ, з асноўнага – здабываць сыравіну з глыбіні больш як 5 метраў азначае дзейнічаць не ў адпаведнасці з прынятымі правіламі. Кар’еры павінны быць абазначаны па перыметры і інфармацыйна, пад’езды да іх – абсталяваны бар’ернымі прыстасаваннямі.
Маніторынг, які нядаўна правялі спецыялісты Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паказаў, што не ўсе з эксплуатантаў абсалютна дакладныя ў выкананні ў тым ліку і пазначаных “кар’ерных” нормаў і правілаў. І гэта стала нагодай для правядзення пазачарговага пасяджэння абласнога выканаўчага камітэта, які разгледзеў пытанне аб ходзе выканання работ па навядзенні парадку на ўнутрыгаспадарчых кар’ерах.
Іх на Брэстчыне 320 агульнай плошчай крыху за 360 гектараў. У іх ліку і 19 ляхавіцкіх, якія кансалідавана займаюць 20,8 гектара.  І не ўсе з іх знаходзяцца ў поўнай і цэлай гармоніі з дзеючымі ў адносінах унутрыгаспадарчых кар’ераў нормамі і правіламі.
У раёне маюцца 7 унутрыгаспадарчых кар’ераў, плошча кожнага з якіх перавышае нарматыўны гектар. Напрыклад, размешчаны на захад ад вёскі Літоўка аб’ект райаграсэрвіса займае больш за 2 гектары.
У дзвюх гаспадарках рэальная колькасць кар’ераў перавышае дапушчальную, зыходзячы з нарматыву адна распрацоўка на 5000 гектараў зямлі карыстальніка. Згодна інфармацыі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, на 8,82 тысячы гектараў зямлі ў ААТ “Жарабковічы” адкрытымі з’яўляюцца 3 кар’еры. КСУП “Тальмінавічы” валодае двума падобнымі актывамі – пры тым, што зямельныя плошчы гаспадаркі распрасціра-юцца на 3086 гектарах.
Але як і ў цэлым па вобласці, а Брэсцкім аблкамітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя было праведзена больш за 800 даследаванняў тэрыторый унутрыгаспадарчых кар’ераў, аднымі з самых распаўсюджаных парушэнняў у схеме эксплуатацыі пазначаных аб’ектаў з’яўляюцца выпадкі несанкцыянаванага размяшчэння ў (каля) іх бытавых адходаў. Вывозяць і выкідваюць многае, з чым не шкада развітацца. Не шкадуючы пры гэтым прыроды, без клопату пра экалогію і эстэтыку родных краявідаў.  Для некаторых гэта, мабыць, самы просты спосаб “утылізацыі” смецця. Падобнага кшталту парушэнні былі выяўлены на тэрыторыі кар’ераў, размешчаных непадалёку вёсак Канюхі, Куршынавічы, якія належаць ААТ “Жарабковічы” і КСУП “Тальмінавічы” адпаведна. Праведзена “прыборка”, і парушэнні ва ўтрыманні ўнутрыгаспадарчых кар’ераў выпраўлены.
На гэта і на недапушчэнне падобнага негатыву ў будычыні накіравана рашэнне аблвыканкама.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *