Аперацыя «Спажыўкааперацыя»

Мадэрнізацыя з аптымізацыяй – так можна назваць праект, які цяпер рэалізуе райпо  дзеля таго, каб максімальна поўна абслугоўваць насельніцтва.  Гэта не проста рамонт памяшканняў, маштабны ці касметычны,  з заменай абсталявання або яго абнаўленнем. Гэта новая і зручная старонка ў абслугоўванні. У магазінах харчовых тавараў размяшчаецца не паліца для спадарожнага нехарчовага асартыменту, а цэлы міні-аддзел.
– Апрабавалі новаўвядзенне ў магазінах вёскі Свяціца, аграгарадка Конькі. Усё атрымалася. Цяпер у гэтых звычайных вясковых крамах не горш, чым у маркетах: асартымент разнастайны, створаны камфортныя ўмовы і для пакупнікоў, і для прадаўцоў. Іншы раз дастаткова  якаснага рамонту, перастаноўкі абсталявання і тавараабарот павялічваецца, як гэта атрымалася ў магазінах вёскі Галаўнінцы, аграгарадка Дарава. А ў бліжэйшых  планах – магазін у Жарабковічах, – расказвае старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч і дадае: – Сумеснае з дылерамі адкрыццё фірменных секцый і магазінаў, накшталт “Кладоўкі”, – таксама  на парадку дня. У прыватнасці, вядзём перамовы з прадпрыемствамі Беллегпрама.
Райпо імкнецца быць на хвалі часу. Сярод прыярытэтных задач:
выхад на новы ўзровень арганізацыі гандлю, павышэнне культуры абслугоўвання насельніцтва.
Вядомы зялёна-белы  брэнд спажывецкай кааперацыі “Родны кут” трывала прапісаўся на Ляхавіччыне. Яго шыльды ўпрыгожваюць 23 гандлёвыя аб’екты горада і раёна. Змена назвы магазінаў пацягнула за сабой і карэкціроўку  формы гандлю.
…Акуратны інтэр’ер, тавары раздзелены на групы, улічаны запыты розных катэгорый насельніцтва. Вонкавы выгляд крамы, гандлёвая плошча якой 100 квадратных метраў, яркі і прывабны. Яна ў параўнанні з іншымі будынкамі мікрараёна па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры – наваселец, адкрылася летась напачатку кастрычніка. Пабудавана за кошт уласных сродкаў райпо і фінансавай падтрымкі з інавацыйнага фонду Белкаапсаюза як магазін крокавай даступнасці. Тут укаранёна самаабслугоўванне пакупнікоў, устаноўлена камп’ютарная сістэма ўліку тавараў, якая дазваляе аператыўна папаўняць асартымент. Разлічыцца за пакупкі можна пластыкавымі карткамі і наяўнымі грашыма. Тут працуюць ветлівыя і  адказныя прадаўцы Ірына Крыцкая, Таццяна Сяргей,  Ніна Коршун.
Лепшыя сярод вясковых райпоўскіх магазінаў – у  Коньках (прадавец Наталля Ралько) і Дарава (прадавец Валянціна Грыгаровіч).
Кожную раніцу (акрамя выхадных дзён), папоўніўшы асартымент таварамі са складу, спяшаецца Святаслаў Цалей па знаёмых маршрутах, каб парадаваць пакупнікоў свежымі прадуктамі, заказанымі прамысловымі таварамі, атрымаць новыя заказы і абавязкова паспець пагаварыць па душах. Для невялікіх і аддаленых ад райцэнтра населеных пунктаў галоўны пастаўшчык прадуктаў і тавараў першай неабходнасці – аўталаўка. У сярэднім за месяц аўтамагазін, за рулём якога Святаслаў Цалей, прадае тавараў на 15 тысяч рублёў. Усяго па Ляхавіцкім раёне калясяць 6 аўталавак плюс адна, якая спецыялізуецца на прамысловых таварах. Абслугоўваюць яны 2850 жыхароў у 93 населеных пунктах. Цэны не адрозніваюцца ад цэн у стацыянарных магазінах сістэмы.
Дзе смачна, нядорага паабедаць, выпіць кубачак кавы, правесці вяселле, юбілей, падкажуць таксама ў райпо. Рэстаран “Ластаўка”  даўно і трывала захапіў у палон не толькі страўнікі, але і сэрцы ляхавічан і гасцей горада. Многія ведаюць: тут можна за прымальны кошт выдатна і камфортна адпачыць. Стыльны інтэр’ер, ветлівае абслугоўванне, смачныя стравы – што яшчэ трэба для стварэння добрага настрою кліентаў? Не пустуе “Ластаўка” і ў будні. За 2,5-3  рублі можна заказаць гарачы комплексны абед. Кожныя сем дзён гатуецца страва тыдня.
Нямала прыхільнікаў і пастаянных пакупнікоў і ў магазіне кулінарыі з апетытнай назвай “Ласунак”. У ёй за кошт райпо зрабілі капітальны рамонт, устанавілі новае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, мэблю. Тут прадаюцца разнастай-ныя харчовыя тавары, у тым ліку паўфабрыкаты, а таксама свежае і замарожанае мяса, ягады, агародніна. Адметнасць кулінарыі – абеды, з полымя, з жару. Стравы гатуюцца ў рэстаране і прадаюцца ў “Ласунку” з мінімальнай нацэнкай. Можаце тут жа пакаштаваць пірожныя, марожанае, іншыя салодкасці. А з 1 сакавіка па 30 чэрвеня  райпо сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва правяло акцыю: паабедаць са скідкай маглі жыхары раёна, якія дасягнулі 65-гадовага ўзросту, а таксама інваліды. І гэта акцыя мела нямала прыхільнікаў. Напэўна, яна будзе прадоўжана.
А на вуліцы Леніна, 45 жыве “Смайлік” – адзінае ў райцэнтры дзіцячае кафэ. Яно таксама райпоўскае. “Смайліку” 2 гады, і ён радуе наведвальнікаў – дзяцей і іх бацькоў – утульнасцю,  вясёлым адпачынкам. Побач  са столікамі, дзе дзеці ласуюцца пірожнымі, сокамі-напіткамі і іншай смакатой,  размясцілася гульнёвая міні-пляцоўка. Пакуль дзеці “смайлічаюць”, дарослыя могуць пачытаць газеты, часопісы. Тут можна запамінальна адсвяткаваць дзень нараджэння ці проста  адпачыць. А ветлівыя і ўважлівыя буфетчыцы  Таццяна  Шклянік і Вольга Шклянік падкажуць, якія выбраць  малочны кактэйль ці марожанае з напаўняльнікам.
– У сярэднім за дзень у кафэ бывае каля сотні наведвальнікаў. Асартымент вялікі – больш за 200 найменняў, выбраць ёсць з чаго. Часта заказваюць пірожныя, якія пякуць у нашым кааппраме, – расказвае Таццяна Шклянік.
Дарэчы пра кааппрам. Апошнім часам гэты філіял райпо не перастае радаваць  навінкамі, кожная з якіх  прыходзіцца па гусце не толькі ляхавічанам, але і жыхарам іншых раёнаў. Пачнём з кваса, лепшы камплімент якому –натуральны. На асобым рахунку ў аматараў салодзенькага пірожныя. Кааппрамаўскія пекары асвоілі  выпуск 12 найменняў. Акрамя “Смайліка”, пірожныя  адпраўляюцца ў “Ласунак”,  “Родны кут” па Леніна, 20, фірменныя павільёны Ляхавіцкага райпо ў Баранавічах. Булачкі з разнастайнымі напаўняльнікамі пастаўляюцца ў сталовыя некаторых Баранавіцкіх прадпрыем-стваў, аздараўленчыя лагеры, у тым ліку – у “Чайку”. Усю гэту смакату выпякаюць пяць кандытараў пад кіраўніцтвам вопытнага майстра Валянціны Лешык.
Апошняя сярод кааппрамаўскіх навінак – прыкормка для рыбы, сапраўдны падарунак для аматараў рыбнай лоўлі.  Яе рэцэптура распрацоўвалася ў навукова-даследчым інстытуце па спецыяльным заказе Ляхавіцкага райпо. Амаль уся пробная партыя агульнай вагой  300 кілаграмаў ужо знайшла  пакупнікоў.  Пакуль вывучаецца попыт на прапанову ў іншых раёнах. Затраты на вытворчасць прыкормкі мінімальныя, асноўная сыравіна – хлебныя крошкі.
Нягледзячы на разнастайнасць навінак, па-ранейшаму стратэгічны прадукт – галоўны на нашым стале  – хлеб. Лепшыя хлебапёкі – Наталля Дзяйкун і Таццяна Івановіч.
Адкрыццё новых магазінаў і рамонт старых,  пашырэнне асартыменту і добраўпарадка-ванне – штодзённая справа. Вельмі важны кадравы складнік, ён таксама рухавік гандлю.  Кіраўніцтва райпо працуе над вырашэннем гэтага пытання. Ёсць істотныя зрухі да лепшага.  17 юнакоў і дзяўчат па накіраванні вучацца ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. А значыць, праз год ці некалькі яны з дыпломамі вернуцца працаваць у Ляхавіцкае райпо з новымі ідэямі, планамі і задумкамі.
Ляхавіцкая спажыўкааперацыя заўсёды славілася адказнымі надзейнымі работнікамі, а ветэрану сістэмы, у мінулым кіраўніку райпо Раману Русакевічу было прысвоена званне Заслужанага работніка спажывецкай кааперацыі. Сярод ветэранаў райспажыўсаюза шмат тых, хто ўнёс вялікі ўклад у абслугоўванне насельніцтва.
Сёння калектыў райпо ў складзе  396 чалавек сустракае сваё прафесійнае свята, прычым у юбілейным фармаце: беларускай спажыўкааперацыі –100 гадоў.  Зрабіўшы пакупку, павіншуйце прадаўца!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч

У кафэ "Смайлік"

За прылаўкам аўталаўкі Святаслаў Цалей

Майстар Валянціна Лешык, кандытары кааппрама Валянціна Філіповіч, Іна Стэцэнка, Жанна Бярэзіч

Прадаўцы магазіна "Родны кут" Ірына Крыцкая, Таццяна Сяргей, Ніна Коктыш

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *