Дружбу мацуем. Дружба мацуе

На выстаўцы дасягненняў у інавацыйнай і навукова-тэхнічнай сферы ў Нацыянальнай экспазіцыі Беларусі прынялі ўдзел 84 беларускія арганізацыі, якія прадставілі каля 250 распрацовак і ўзораў інавацыйнай і высокатэхналагічнай прадукцыі.
Адкрылі выстаўку дасягненняў у інавацыйнай і навукова-тэхнічнай сферы спікеры верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі  Міхаіл Мясніковіч і Валянціна Мацвіенка.
Умоўна экспазіцыю можна падзяліць на дзве часткі: вынікі беларуска-расійскай кааперацыі і ўнікальныя дасягненні дзвюх краін. Беларускія інавацыі аб’яднаны на выстаўцы ў 14 кластараў па прыярытэтных напрамках.
Знамянальна, што тут прадстаўлены і маладзёжныя праекты і ідэі. Гэта асабліва актуальна ў святле таго, што бягучы год аб’яўлены ў Беларусі Годам навукі. «Нашы праекты запатрабаваны, даюць практычныя вынікі. Мы сапраўды здольны вырышаць многія задачы сумесна, у тым ліку ў сферы імпартазамяшчэння. Размова аб прадукцыі 5-га і 6-га тэхналагічных укладаў», – упэўнены Міхаіл Мясніковіч. На яго думку, гэта выстаўка і форум у цэлым дадуць пачатак новым значным праектам і кантрактам.
Сярод прадстаўленых распрацовак і экспанатаў прыборы дыстанцыйнай спектраскапіі для зандзіравання Зямлі, накапляльнікі энергіі новага пакалення, акуляры з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці, распрацоўкі ў сферы ІТ-тэхналогій, ультрагукавыя тэхналогіі і абсталяванне для кардыялогіі, транспланталогіі, анкалогіі, стаматалогіі. Прэзентавана некалькі навінак электратранспарту. УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН прэзентавала шматузроўневую сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і беларускі касмічны апарат (БКА).
Інстытут біяарганічнай хіміі НАН прадставіў проціпухлінныя прэпараты новага пакалення, якія выпускаюцца па ўласных арыгінальных тэхналогіях. Прадукцыя не мае аналагаў у свеце па шэрагу тэхналагічных рашэнняў.
ААТ «Белкніга» і выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі» падрыхтавалі экспазіцыю, прысвечаную  500-годдзю беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.
Асаблівая ўвага ў экспазіцыі ўдзелена наватарскім распрацоўкам і высокатэхналагічнай прадукцыі, а таксама сумесным беларуска-расійскім праектам.
Дакументы аб развіцці рэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі падпісаны ў Маскве на выстаўцы інавацый. У тым ліку заключана пагадненне аб партнёрстве паміж Брэсцкім аблвыканкамам і адміністрацыяй Пензенскай вобласці. Акрамя таго, падпісаны план мерапрыемстваў па актывізацыі супрацоўніцтва Беларусі і Бранскай вобласці на 2017-2018 гады і план мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва на 2017-2019 гады паміж Брэсцкай вобласцю і Бранскай вобласцю,  заключаны дагавор на пастаўку швейных вырабаў Баранавіцкага вытворчага баваўнянага камбіната ў Маскву.
Беларусь і Расія на ІV Форуме рэгіёнаў заключылі кантракты на 450 мільёнаў долараў, паведаміў журналістам у Маскве старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Інфаграфіка БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *