Экзамен па фінансавай дысцыпліне

Выкарыстана ілюстрацыя

Спецыялісты галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці праверылі выкананне фінансава-бюджэтнага заканадаўства мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іх структурнымі падраздзяленнямі, іншымі арганізацыямі Ляхавіцкага раёна за перыяд з 1 мая 2014 года па 1 мая 2017 года.

Праверана выкарыстанне бюджэтных сродкаў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ», раённым выканаўчым камітэтам, аддзеламі  райвыканкама – адукацыі, спорту і турызму; ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі; фінансавым; тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Па выніках праверкі адзначана пэўная работа мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па захаванні збалансаванасці бюджэту і дасягненні пастаўленых задач.

Выконваючы абавязкі начальніка кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення галоўнага ўпраўлення  Міністэрства фінансаў Аляксандр Ляшкевіч  падкрэсліў, што ў Ляхавіцкім раёне праводзяцца пэўныя мерапрыемствы па змяншэнні расходнай часткі бюджэту, акцэнтаваў увагу на выніковай рабоце фінансавага аддзела райвыканкама (начальнік  Андрэй Навагран) па эфектыўным выкарыстанні бюджэтных сродкаў.

У 2014-2016 гадах бюджэт, які меў сацыяльную накіраванасць, выкананы ў поўным аб’ёме.  Прымаліся меры па павелічэнні яго даходнай   базы, у выніку чаго ў 2015 годзе ў яго дадаткова паступіла 565000 рублёў,  летась – 835500 рублёў, за студзень-чэрвень 2017 года – 394500 рублёў. Сёлета за І квартал бюджэт раёна выкананы  па даходах да гадавога плана на 20  працэнтаў, у тым ліку па ўласных даходах – больш як на 22 працэнты. Расходная частка прафінансавана на   22  працэнты.

Разам з тым некаторыя прадпрыемствы, установы, арганізацыі выкарыстоўвалі бюджэтныя сродкі (у суме 54473 рублі) з парушэннем заканадаўства. Аляксандр Ляшкевіч паведаміў: у выніку праведзеных праверак папярэджана незаконных расходаў на суму 25750 рублёў, выяўлена неэфектыўнае выкарыстанне 3923 рублёў. Асноўныя парушэнні дапушчаны ў камунгасе, а таксама ў некаторых іншых арганізацыях па наступных накірунках расходаў: няпоўнае кампенсаванне эксплуатацыйных і камунальных расходаў арандатарамі; выкарыстанне сродкаў на правядзенне рамонтных работ; аплата працы.

Па выніках праверак адна юрыдычная і 10 фізічных службовых асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.  11 службовых асоб загадамі кіраўнікоў арганізацый за дапушчаныя фінансавыя парушэнні панеслі дысцыплінарную і матэрыяльную  адказнасць. Усе выяўленыя парушэнні былі адразу выпраўлены, нямэтава выкарыстаныя  сродкі кампенсаваны.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч засяродзіў увагу на ролі кіраўнікоў працоўных калектываў у захаванні фінансавай дысцыпліны, у тым ліку – пры выкарыстанні     бюджэтных сродкаў.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *