З новым партфелем і “Добрым сэрцам”

Напярэдадні новага навучальнага года пачаліся традыцыйныя школьныя кірмашы. Прыгожая форма, камфортны абутак, канцылярскія прыналежнасці, партфелі і многае іншае, што спатрэбіцца і першакласнікам, і выпускнікам, у вялікім асартыменце прысутнічае ў спецыялізаваных гандлёвых цэнтрах, магазінах, на рынках краіны.  Ляхавічы не выключэнне. Канешне, не ў такіх маштабах, як у буйных гарадах, але большасць з неабходнага можна купіць і ў нашым райцэнтры. Ідзём у магазін «Дзіцячы свет «Аліса». Дарэчы, па асабістым назіранні, цэны на шэраг  тавараў тут ніжэй рыначных.

– Вельмі добра  разышліся  касцюмы на хлопчыкаў па цане ад 22 рублёў (камізэлька і штаны) да 32 (пінжак і штаны), – расказвае  загадчыца магазіна  Ірына Глобуз.

Гэта гандлёвая кропка, асабліва ў жніўні, для юных  ляхавічан становіцца цэнтрам  збору да новага навучальнага года. Тут можна купіць усё: ад алоўка да спартыўнай формы. Цана таксама  розная – выбар залежыць ад кашалька пакупніка. Блузкі для дзяўчынак (у асноўным вытворчасці салігорскай «Калінкі») каштуюць ад  18 да 35 рублёў у залежнасці ад памеру,  якасці тканіны. Парадуе юных модніц выбар школьных сарафанаў ад «Калінкі», «8 Сакавіка». Пры жаданні можна раздзельна купіць штаны, спадніцу, кашулю ці іншы прадмет гардэроба. У райпо абяцаюць у бліжэйшы час папоўніць асартымент.

Ёсць выбар бялізны, абутку паўсядзённага і спартыўнага.

– Яшчэ напрыканцы чэрвеня пачала паціху прыглядацца: што, дзе, колькі каштуе. Для нашай сям’і гэты навучальны год асаблівы, малодшая дачка пойдзе ў першы клас. Сабраць адну школьніцу прасцей, чым некалькі, – разгаварылася пакупніца і пасля  невялікага перабору без прымеркі купіла сарафан  і блузку з жабо. Заплаціла за камплект  65 рублёў.

Па словах прадаўцоў, у апошнія дні пакупнікоў асабліва шмат: многія імкнуцца загадзя сабраць партфель і павесіць на плечыкі новую школьную форму. Дарэчы, у «Алісе» можна купіць  школьны асартымент у крэдыт на 3 месяцы пад 17 працэнтаў гадавых  без першапачатковага ўзносу. За ліпень выручка магазіна склала 6 тысяч рублёў, за першую 10-дзёнку жніўня –  3,6 тысячы рублёў.

Выязны гандаль райпо пад шыльдай «Школьны кірмаш» штодня, акрамя панядзелка, чакае пакупнікоў і на рыначнай плошчы райцэнтра. Праўда, яго асартымент бяднейшы.

У райпо запэўніваюць: неабходны асартымент канцылярскіх  тавараў завезены ва ўсе сельскія магазіны, дзе аформлены куткі школьніка. Акрамя таго, прадаўцы прымаюць заказы на  адзенне і абутак пэўных размераў і фасонаў. Найбольш актыўны  попыт на заказы ў аграгарадках Нача і Жарабковічы.

Школьнымі таварамі, акрамя райпо, гандлююць у кіёсках Брэстаблсаюздруку,  індывідуальныя прадпрымальнікі. Выбар за пакупніком. І яшчэ.

Па ініцыятыве БРСМ у краіне  стартавала традыцыйная рэспубліканская акцыя «У школу з добрым сэрцам», якая  праводзіцца з 1 жніўня па 15 верасня.  Адрасную сацыяльную падтрымку атрымліваюць мнагадзетныя, няпоўныя, неўладкаваныя сем’і, якія маюць  матэрыяльныя цяжкасці пры падрыхтоўцы дзяцей да школы. Валанцёры руху «Добрае сэрца» арганізуюць у гандлёвых цэнтрах краіны пункты збору канцылярскіх  і спартыўных прыналежнасцей, развіваючых настольных гульняў, вучэбных дапаможнікаў, школьнага адзення і абутку. Праводзяцца працоўныя дэсанты, заробленыя на іх сродкі пойдуць на набыццё школьных тавараў для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Як паведамілі ў райкаме БРСМ, такая акцыя праходзіць і ў нашым раёне.

Хацелася б, каб адрасы гэтай акцыі ў раёне былі вядомы не толькі ў райкаме БРСМ, але і ўсім землякам.

Актыўныя ў добрай справе прафсаюзы.  Старшыня раённага аб’яднання Святлана Курэц нагадала, што ў калектыўных дагаворах многіх прадпрыемстваў і арганізацый ёсць спецыяльныя пункты, дзе ўказаны даплаты работнікам, якія выхоўваюць дзяцей-школьнікаў. Таксама з дапамогай прафсаюзаў будзе сабірацца школьны партфель для некаторых  хлопчыкаў і дзяўчынак з неўладкаваных і мнагадзетных сем’яў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *