Хлебнае месца

Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч віншуе экіпаж тысячнікаў

Гучаць «Жарабковічы»!   Годна і выразна. Гучаць сваімі хлебаробскімі здабыткамі, героямі жніва –   проста героямі. Першы экіпаж тысячнікаў у раёне – адсюль. Старшы камбайнер Андрэй Дзянішчык і камбайнер Павел Булаты ў мінулы аўторак перасягнулі гэту мяжу і замахнуліся на другую тысячу. Андрэй – профі, і жніво –   гэта яго работа. У курсанта акадэміі авіяцыі Паўла Булатага больш сціплы хлебаробскі вопыт – трэці сезон, дарэчы, у гэтым жа складзе.

Малады настаўнік Андрэй (у свае трыццаць адзін паспеў стаць асам, гаворыць, што ўпершыню да жніва датыкнуўся яшчэ дзесяцігадовым хлапчуком), юны памочнік Павел (па ягоных словах, гоман свежых каласоў і гул камбайна знаёмыя з дзяцінства і надзвычай прыемныя) праяўляюць мужчынскі характар. Без лішніх слоў, канкрэтна, адказна, дакладна, яны ў жніве – у сваёй стыхіі.

На зарытаўскім полі ўбралі  азімую пшаніцу. Колас важкі, са спелым зернем: па 80 цэнтнераў на круг атрымліваецца. Настрой на працу, настрой выдатны.

Давераны ім КЗС-1218-11 спыняецца літаральна на некалькі хвілін. Госці «ў хату» – таму прыпынак-перапынак. Павіншаваць экіпаж першых тысячнікаў прыехаў у поле кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч: малайцы, так трымаць! І заўсёды памятаць пра галоўнае – тэмпы  і якасць жніва пры дакладным захаванні тэхнікі бяспекі.  Падарункі, падзяка, пажаданні –   усё ўмяшчаецца ў паняцці «жніўныя клопаты» і «тэрміновы заказ».

Прафсаюзная ўвага да ўборачнай як само сабой зразумелае. Старшыні  раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц, галіновага – работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Чура, прафсаюзнай пярвічкі ААТ «Жарабковічы» Людміла Мікуліч не хаваюць узрушанасці: поспех Андрэя Дзянішчыка і Паўла Булатага да ўсяго іншага –  і імпульс для ўдарнай працы ўсім удзельнікам жніва.

Дарэчы, спіс тысячнікаў у раёне расце, і ў дзень, калі віншавалі першых, толькі ў «Жарабковічах» гэты статус атрымалі вадзіцелі Аляксандр Грабёнка, Аляксандр Сокал, Юрый Прышчэпа, Міхаіл Праневіч.

Але вернемся на жніўнае поле, над якім на некалькі хвілін замест гулу камбайнаў загучала песня: свой музычны падарунак-віншаванне героям уборачнай прысвяцілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ГДК. І гэта было прыгожа.

…Толькі, як гавораць, перш папрацуй, а потым танцуй: карціна аднавілася – камбайн паплыў па хлебных хвалях. Бункер запаўняецца стратэгічна важным, ва ўсе часы жыццёва неабходным прадуктам – зернем. І дырэктар таварыства Антон Булаты, і брыгадзір участка Аляксей Навалачка, і камбайнеры, і вадзіцелі, і аператары ЗСК, і ўсе іншыя прамыя і ўскосныя ўдзельнікі жніва ў гэтыя дні ў адзіным агульным памкненні: убраць і захаваць, тым больш ёсць што ўбіраць і захоўваць. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у ААТ «Жарабковічы» за 65 цэнтнераў з гектара, самая высокая ў раёне.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

P.S. Па стане на раніцу 11 жніўня тысячны рубеж па намалотах на Ляхавіччыне перасягнулі 7 экіпажаў

Андрэй Дзянішчык і Павел Булаты


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *