Ціхі час для бульбы. На жарабковіцкім прыкладзе «ЛВ» пераканаўся, наколькі камфортна зімуецца бульбе ў сучасным агароднінасховішчы

Нялёгка вырасціць і няпроста захаваць. Бульба – прадукт сезонны, але патрэба ў ім круглагадовая. Захаваць клубні ад ураджаю да ўраджаю, не дапусціўшы страты іх пажыўных і смакавых якасцяў, – тая яшчэ задача.

Карэкціроўку ўстаноўкі тэмпературнага датчыка праводзіць аграном Сяргей Сергіеня.

Пазбегнуць прамярзання зімой, не дапусціць паражэння гніллю і іншымі хваробамі з максімальнай гарантыяй дазваляюць спецыяльныя бульбасховішчы. Там адпаведны мікраклімат, адаптаваная да аб’ёмаў памяшкання вентыляцыя, тэхніка-тэхналагічнае абсталяванне. І ўсё гэта «закальцавана» на камп’ютарную сетку.
У нашым раёне падобнымі комплексамі могуць пахваліцца СВК «Ляхавіцкі» і ААТ «Жарабковічы», у бульбяных засеках якога «ЛВ» пабываў.
На дварэ стаяў сур’ёзны зімовы мінус, некамфорту дабаўляў востры вецер. А ў бульбасховішчы гаспадаркі ўсё па навуцы. «Мазгавы цэнтр» аб’екта – невялічкі светлы, упакаваны сучасным абсталяваннем пакой. Шафа з электракамунікацыйным начыннем, рознакаляровыя лямпачкі, дзясятак пераключальнікаў (на выпадак, калі ўзнікне неабходнасць перайсці на так званы ручны рэжым кіравання). Але галоўны і пастаянны кіроўца – камп’ютарны комплекс, даабсталяваны спецыяльным экранам, на якім у рэжыме анлайн адлюстроўваюцца ўсе параметры захоўвання бульбы. У той дзень на экране «гарэлі» ў тым ліку і такія лічбы: тэмпература знешняга асяроддзя – мінус 10,2 градуса, тэмпература ўнутры бульбяных насыпаў вагалася ў межах 3-3,6 градуса, сярэдняя адносная вільготнасць у памяшканні трымалася на лічбе 90 працэнтаў. Гэта іменна тое, што і патрэбна на даным этапе захоўвання, пацвердзіў аграном ААТ «Жарабковічы» Сяргей Сергіеня. Даны этап – рэжым захоўвання – з’яўляецца асноўным і носіць назву «перыяд спакою». Бульба «спіць» і затрымаецца ў такім стане да самай вясны. Затым для насенных клубняў будзе «ўключаны» перыяд нагрэву, каб ажывіць бульбу, паступова падвесці яе пад патрабаванні, што прад’яўляюцца да пасадачнага матэрыялу.
На ўсе змяненні характарыстык захоўвання неадкладна і запраграмавана рэагуе камп’ютар. Павышэнне ці паніжэнне тэмпературы ў насыпных буртах, памяшканнях, адхіленне ад нормы паказчыка вільготнасці не застаюцца не заўважанымі, адразу карэкціруюцца. Такім чынам бульбяным закладкам гарантуецца камфорт незалежна ад кліматычных характарыстык за «бартом» бульбасховішча.
Абслугоўвае высокатэхналагічны комплекс адзін аператар: сочыць за карэктнасцю работы абсталявання, вядзе журнал уліку паказанняў, выконвае іншыя штатныя абавязкі.
Паўтары тысячы тон клубняў – гэта палова патэнцыяльных вытворчых магчымасцяў сховішча, разлічанага на тры тысячы тон агародніны. Насенка і харчовы прадукт, які па вясне мае іншы кошт і, канешне ж, будзе выстаўлены на продаж, – усё пранумаравана, бурты з пасадачным матэрыялам суправаджаюцца імяннымі шыльдамі: маса, рэпрадукцыя, сорт. Дарэчы пра яго: у «Жарабковічах» у асноўным вырошчваюць «брыз» і «скарб». Як адзначыў аграном, летась яны нядрэнна ўрадзілі, частку накапанага атрымалася выгадна прадаць яшчэ восенню, частка высокатэхналагічна захоўваецца.

У ТЭМУ

Ураджайным атрымаўся  мінулы сезон для бульбаводаў Ляхавіччыны. На ўсіх разам ААТ «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», ДП «Нача» і аграрны каледж накапалі 8136 тон другога хлеба. Сярэдняя па раёне ўраджайнасць перавысіла 370 цэнтнераў клубняў з гектара. Жарабковіцкі палетак быў летась самым вялікім – 101 гектар – і выдаўся самым высокапрадукцыйным – 421 цэнтнер на круг у сярэднім. «Ляхавіцкі» вырошчваў бульбу на 85 гектарах, райаграсэрвіс – на 30, «Нача» – на 2, агракаледж – на гектары. Яшчэ прыкладна 650 тон клубняплодаў было сабрана з фермерскіх палеткаў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.