Хлеб «другога сорту»

Фота з архіва «ЛВ»

Вельмі свежы ўспамін і зусім яшчэ блізкія часы, калі бульба называлася не інакш, як другім хлебам. Ганарова, у чымсьці пафасна, але ў поўнай адпаведнасці з гастранамічным раскладам нашых землякоў.

Бульбу саджалі ўсе. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы –  сотнямі гектараў, насельніцтва – дзясяткамі сотак. І для першых, і для другіх гэта была сапраўды сезонная кампанія. Сёння насельніцтва, калі і разбівае плошчы пад бульбу, то ў сціплых памерах –  каля хаты. А што ж сельгаспрадпрыемствы? Сёлетняя сітуацыя яшчэ больш умацоўвае ў думцы, што бульба ўжо далёка не другі хлеб. Як у значэнні харчовага прадукту для чалавека, так і гаспадарак-вытворцаў з пункту гледжання таварна-камерцыйнай прывабнасці. У гэтым годзе бульбяны клін сельгаспрадпрыемстваў раёна складае крыху больш за 110 гектараў. За словамі «крыху больш» хаваюцца два начаўскія, а астатнія ў роўнай колькасці належаць ААТ «Жарабковічы» і СВК «Ляхавіцкі». Фонам адзначым, што ёсць таксама фермерскія гаспадаркі, але і ў структуры іх пасадачна-пасяўных плошчаў бульба займае куды больш сціплае, чым другое месца. На ўсіх разам раённыя фермерскія гаспадаркі разбілі толькі паўтары сотні гектараў бульбы.
Затое, наколькі сонечна, маляўніча, прыгожа, дружна і даволі шырокім раённым клінам зацвіў азімы рапс!
І калі азімаму рапсу ўжо не далёка і да ўборкі, некаторыя яравыя сельскагаспадарчыя культуры працягваюць сеяцца. На палетках асобных гаспадарак раёна завяршаецца кукурузная эпапея. У гэтым годзе кукурузны клін раёна будзе складаць ледзь ці не дзясятак тысяч гектараў.
У тым ліку, каля дзвюх з паловай тысяч гектараў на зерне пасеяны. Найбольш актыўна, вынікова ў гэтым напрамку папрацавала «Ліпнянка», кукурузна-зерневы клін якой складае паўтары тысячы гектараў. А вось, што тычыцца кукурузы на зялёную масу, то пасяўныя работы ў азначаным напрамку ў раёне застаюцца, па стане на пачатак тыдня, актуальнымі. З фінішам адказнай і маштабнай кампаніі можна віншаваць хіба толькі  ААТ «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі» і ААТ «Нача». Астатнім, у той ці іншай ступені, належыць паскорыцца на фінішы дыстанцыі. Пасля аб яравой пасяўной кампаніі-2021 можна будзе гаварыць у мінулым часе. Калі не лічыць некалькіх дзясяткаў «ляхавіцкіх» гектараў грэчкі.
І ў якасці дэсерту – пра салодкае.  З сяўбой цукровых буракоў паспяхова справіліся абодва нашыя ААТ. «Жарабковічы» заклалі цукровы клін на 860 гектараў, «Шлях новы» – 500, перавысіўшы тым самым уласныя планавыя намеры на чвэрць.
Іван КАВАЛЕНКА.