Службы аграрнага прызначэння аб’яднаны задачай ажыццяўляць кантроль і дапамагаць сельгаспрадпрыемствам Ляхавіччыны

Гэта пра раённыя ветэрынарную і племянную станцыі, ільнонасенстанцыю, дзяржінспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, аддзел хімізацыі. У кожнага з падраздзяленняў асобныя задачы і функцыі, але ўсе аб’яднаны задачай ажыццяўляць кантроль і дапамагаць сельгаспрадпрыемствам.

Кола дзейнасці супрацоўнікаў райветстанцыі не абмежавана прафілактыкай, дыягностыкай і лячэннем. У штаце службы разам з ветэрынарнымі ўрачамі і ўрачамі лабараторыі – урачом-серолагам, вірусолагам і хіміка-таксіколагам – таксама лабаранты і санітары, іншыя работнікі – усіх 45 чалавек.
– Калектыў, у якім спалучаюцца вопыт і адказнасць, а маладым кадрам ёсць у каго павучыцца, – адзначае выконваючы абавязкі галоўнага ветурача райветстанцыі начальнік эпізаатычнага аддзела Дзмітрый Грамак.


Сярод кваліфікаваных і аўтарытэтных спецыялістаў райветстанцыі – урач-эпізаатолаг Міхаіл Сапун (на здымку), стаж якога ў ветслужбе наблізіўся да 25 гадоў. У яго біяграфіі і 13 гадоў працы ветурачом у саўгасе, а пасля калгасе «Альхоўскі».
Тутэйшы калектыў штодзённа на варце здароўя жывёлы і ветэрынарнай сітуацыі. Пастаянны клопат – абследаванне грамадскага і прыватнага статка на туберкулёз, бруцэлёз, лейкоз. Акрамя гэтага, праводзіцца вакцынацыя свойскай і дамашняй жывёлы, свойскай птушкі па зваротах гаспадароў.
Сумесна з галоўнымі аграномамі сельгаспрадпрыемстваў аграном-хімік аддзела па Ляхавіцкім раёне Брэсцкай абласной праектна-
разведвальнай станцыі хімізацыі Генадзій Русін распрацоўваюць планы прымянення ўдабрэнняў пад сельскагаспадарчыя культуры, праводзяць вапнаванне кіслай глебы і г. д. Усё дзеля павышэння ўраджайнасці.
У гэтай галіне Генадзій Русін без малога тры дзесяцігоддзі і справу сваю ведае.
Дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін у адказе за забеспячэнне насенным матэрыялам, вызначэнне пасяўных і сартавых якасцей насення, кантралюе яго закладку і захоўванне і многае іншае, пералічвае штодзённыя клопаты яе начальнік Таццяна Лойка.
– Закончылі праверку азімых і прыступілі да «экзамену» яравых культур. У розных культур вызначаюцца свае паказчыкі. Аддзел аховы раслін пад кіраўніцтвам галоўнага спецыяліста Алены Чаранкевіч зрабіў больш за сем сотняў проб на наяўнасць шкоднікаў, хвароб, пустазелля і г. д., – падкрэслівае Таццяна Лойка. Калектыў інспекцыі – 16 кваліфікаваных спецыялістаў, сярод якіх і вядучы аграном Міхаіл Казак. Яго працоўны інтарэс – насенняводства, у якім ён ужо 17 гадоў.
Куратары і першыя дарадцы заатэхнікаў і селекцыянераў АПК па пытаннях узнаўлення статка, паляпшэння генетычнага патэнцыялу жывёлы, забеспячэння племянной прадукцыяй і г. д. – супрацоўнікі племянной станцыі па Ляхавіцкім раёне.
– Наш калектыў – усяго тры чалавекі, – дзеліцца дырэктар Павел Хевук. – Вядучы заатэхнік Марына Страмавус – спецыяліст вопытны і добрасумленны, працуе доўгі час і зарэкамендавала сябе сапраўдным прафесіяналам.
Ляхавіцкая міжраённая ільнонасенстанцыя штогод сярод лепшых у рэспубліцы па ўраджайнайсці насення льну. Сёлета, напрыклад, ураджайнасць склала сем цэнтнераў на круг, атрымана 280 тон насення, а таксама 1600 тон трасты. Ёй забяспечваем Ляхавіцкі льнозавод – галоўнага нашага партнёра, – адзначае дырэктар падраз-
дзялення Аляксей Раманаў.
У чым сакрэт поспеху? Кіраўнік ільнонасенстанцыі перакананы, што ў працавітых, сумленных і адказных работніках, якія не лічацца з уласным часам і здольны да вырашэння любых працоўных задач.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.