СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Свой любімы родны прадукт

У рэкламе брэнд «Ляхавічок» патрэбы не мае! Моцныя пазіцыі і стабільнае месца на стале беларусаў наша «малочка» заваявала дзякуючы высокай якасці, смачным традыцыям і ўменню здзівіць незвычайнай навінкай. Сёння Ляхавіцкі малочны завод – працоўнае месца для 253 землякоў, якім прадпрыемства гарантуе стабільнасць работы і дастойную аплату працы.

Што значыць паспяховасць? Гэта не толькі якасць, пацверджаная часам, і запатрабаванасць у спажыўцоў. Гэта і ўменне знаходзіць выйсце з не самых простых сітуацый. Санкцыйны націск закрануў і Ляхавіцкі малочны завод. У красавіку тэтрапакі давялося замяніць на прадукцыю расійскага вытворца. Уважлівыя пакупнікі, канешне, не прапусцілі важную афарміцельскую навінку. Цяпер малако, вяршкі, кефір выпускаюцца ў новай кардоннай упаковачнай форме. Плануецца, што хутка з’явіцца і ёгурт у такім жа варыянце. Гэта зручна ў плане захоўвання, паколькі тэрмін прыгоднасці павялічваецца, і ў плане адкрыць-закрыць. Уражваюць і аб’ёмы вытворчасці: у гадзіну аўтамат запакоўвае 2800 пачкаў прадукцыі. У кадры фотакарэспандэнта «ЛВ» у змену працавалі наладчык абсталявання ў вытворчасці харчовай прадукцыі Аляксей Татарыновіч (на здымку), які з калегам Уладзімірам Стрыхарам абслуговае аўтамат, а вось фасоўка ў надзейных руках Галіны Прыхач (на здымку). Скрынкі з ляхавіцкай «малочкай» адпраўляюцца на склад гатовай прадукцыі.


Экспартны прадукт, правераны і часам, і пакупніцкім попытам, – кісласметанковае масла брэнда «Прэзідэнт». Больш строгія ўмовы для вытворчасці, выкарыстанне малака толькі гатунку экстра, больш доўгія тэрміны захоўвання, своеасаблівы смак гарантуюць заўсёды пакупніцкі інтарэс прадукцыі да масла «Прэзідэнт».
Сёння Ляхавіцкі малочны завод выпускае больш за 42 найменні прадукцыі. Смятана, масла, малако, кефір, вяршкі, ёгурт, біякактэйль,
тварог – усё гэта з розным смакам, рознай тлустасці, аб’ёмаў. Кожны знойдзе па-сапраўднаму свой любімы родны прадукт.