Шэсць месяцаў года. Райвыканкам падсумаваў вынікі развіцця Ляхавіччыны за першую палову 2023 года

У першы чацвер жніўня адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Удзел у яго рабоце прыняў першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Іван Вежнавец. Парадак дня фарміравала пытанне аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця і выкананні бюджэту Ляхавіцкага раёна за шэсць сёлетніх месяцаў.

– І ў вытворчасці, і ў пытаннях выканання бюджэту раёна назіраецца станоўчая дынаміка. Але расслабляцца не варта. Важна і неабходна шукаць, лічыць і прадаўжаць развівацца,
каб заданні і трэцяга квартала, і года ў цэлым былі выкананы, – канстатаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз.
Для раёна валаўтваральнай галіной з’яўляецца сельская гаспадарка. Як прагучала ў ходзе пасяджэння, за шэсць месяцаў у раёне адзначаны рост валавай сельскагаспадарчай прадукцыі. У супастаўных цэнах да такога ж перыяду мінулага года ён склаў амаль 105,5 працэнта пры заданні 101 працэнт. Факт некаторага «прасядання» ў раслінаводстве атрымалася кампенсаваць за кошт работы жывёлагадоўчай галіны.
За першае паўгоддзе раённы статак буйной рагатай жывёлы вырас на 1 247 адзінак і дасягнуў у цэлым 30 038 галоў. Адзначаецца прыбаўка і па каровах, і па паказчыку іх удойнасці, і, адпаведна, па валу малака. Працэнт таварнасці ляхавіцкіх надояў выйшаў на лічбу 90.
На мінус у аб’ёмах вытворчасці раслінаводчай прадукцыі ключавое значэнне аказаў факт працяглага недахопу вільгаці ў глебе. Як вынік, горшыя травы і меншыя, у параўнанні з леташнімі, аб’ёмы нарыхтоўкі кармоў.
У 2023 годзе сельская гаспадарка раёна працягвала матэрыяльна абнаўляцца. У прыватнасці, набыта амаль тры дзясяткі адзінак тэхнікі: трактары, збожжаўборачныя камбайны, аўтамабілі, глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка. Вядзецца будаўніцтва жывёлагадоўчых аб’ектаў. Стратных сельгаспрадпрыемстваў у раёне няма.
У адрозненне ад прамысловавытворчай сферы, дзе такіх арганізацый тры. Дарэчы, Ляхавіцкае райпо па выніках шасцімесячнай работы
ўжо не значыцца ў гэтым спісе – як прагучала, выйшла на прыбытак.
У абсалютнай большасці прамысловасць раёна звязана з дапрацоўкай ці перапрацоўкай прадукцыі сельскай гаспадаркі. Кансервавы, малочны, ільнозавод складаюць вытворчую аснову Ляхавіччыны. Ды і ТБЗ «Ляхавіцкі» сваю сыравіну – фрэзерны торф – «вырошчвае» ў палях здабычы, на адмыслова падрыхтаваных і прыстасаваных участках некалі забалочанай зямлі.
Дарэчы, размешчаны ў Тухавічах завод па вырабе тарфяных паліўных брыкетаў, які і без таго з’яўляецца найбольш вытворча ўплывовым у краіне, працягвае прыцягваць вытворчыя актывы з іншых рэгіёнаў вобласці. Некалькі гадоў назад тухавіцкім філіялам стаў брыкетны завод з Баранавіцкага раёна. А некалькі месяцаў назад у структуры ТБЗ «Ляхавіцкі» з’явіўся новы вытворчы адрас. Размешчаны ў Жабінкаўскім раёне ТБЗ «Гатча-Осаўскі» цяпер таксама філіял «Ляхавіцкага». І зараз асноўнае прадпрыемства нямала ўкладваецца ў свой другі філіял: у мадэрнізацыю брыкетнай вытворчасці, будынкі, падрыхтоўку новых палёў здабычы «фрэзера» і іншае.
Між тым, працэс здабычы фрэзернага торфу ідзе дастаткова няпроста з-за дажджоў.
Старшыня райвыканкама акцэнтаваў увагу, што раёну ў асобе адказных за даны накірунак работы структур і службаў неабходна яшчэ больш настойліва працаваць над стварэннем новых вытворчасцяў.
– На старых прадпрыемствах можна дасягаць новых аб’ёмаў выпуску. Але не бясконца, усяму ёсць мяжа, з якой рана ці позна давядзецца сутыкнуцца.
Неабходны перспектыўныя ідэі, дакладныя разлікі, сучасныя падыходы да іх рэалізацыі ў новыя сучасныя вытворчасці, – канстатаваў Мікалай Мароз.
Аб якіх новых праектах на тэрыторыі раёна можна гаварыць ужо сёння? Распачата і працягваецца глыбокая мадэрнізацыя ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Прадугледжваецца іншая тэхналогія перапрацоўкі сыравіны, іншая эстэтыка і ўпакоўка гатовай прадукцыі. На ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» плануецца канчатковая рэалізацыя праекта па выпуску катанізаванага льновалакна, якое можа быць выкарыстана, у тым ліку, і ў медыцынскіх мэтах, адпраўляцца на экспарт. Узгадваліся таксама «Аграрныя тэхналогіі», новае ў развіцці «Яблыневага Пасаду».
А новыя, эфектыўныя вытворчасці «правакуюць» і новыя адлічэнні ў бюджэт, даведзены паказчык уласных паступленняў у які за першае паўгоддзе 2023-га раёнам выкананы.

Іван КАВАЛЕНКА.