Час сеяць хлеб. На Ляхавіччыне пачалася сяўба ранніх збожжавых

На Ляхавіччыне пачалася сяўба ранніх збожжавых. Сёлета аднымі з першых у раёне пасяўную кампанію пачалі земляробы ААТ «Жарабковічы», прычым шчыруюць яны на тальмінавіцкіх палях.
Механізатар Сяргей Пташук (на здымку) стаў  адным з першапраходцаў на сёлетняй сяўбе.


Механізатар    Cяргей Пташук

І летась, і пазалетась з-за спецыфікі сваіх зямель «Жарабковічы» не выступалі ў ролі раённых засеўшчыкаў. Сёлетні факт – пачатак гаспадарання на тальмінавіцкіх палетках – прадаставіў акцыянернаму таварыству такую магчымасць.
Серада, даволі сонечна, але і такі ветрана. У радыусе літаральна некалькіх соцень метраў шчыльная, нібы на вайсковых манеўрах, канцэнтрацыя сельскагаспадарчай тэхнікі. З тлумачэнняў начальніка вытворчага ўчастка Дзмітрыя Дыдышкі становіцца зразумелай палявая дыспазіцыя. Сінхроннасць работы квартэта культыватараў асабліва заўважна з адлегласці. Так званае ранневеснавое закрыццё вільгаці ў гэтым годзе актуальна ўдвая. Маласнежнасць, практычная адсутнасць дажджоў дыктуюць неабходнасць па максімуму захаваць вільгаць у глебе.
– Магчыма, тут пасеем ячмень. Увогуле ж, тутэйшыя землі больш для азімых, пад жыта, трыцікале. Небагатыя, ды і, відавочна, удабрэнняў-угнаенняў апошнім часам атрымлівалі недастаткова. Імкнёмся кампенсаваць, – гаворыць Дзмітрый Дыдышка. Работа непадалёку звяна па ўнясенні арганікі можа служыць практычным пацвярджэннем словаў пра кампенсацыю.
Але знакавая падзея сезона маецца адбыцца на адным з участкаў другога поля. З левай рукі ўмацоўваюцца ў аўтарытэце азімыя, з правай – участак, дзе з хвіліны на хвіліну адбудуцца засеўкі. Расправіўшы крылы-штангі далёка наперадзе ў воблаках туману выконваюць сваю функцыю «Росы» – арашаюць глебу мінеральнымі ўдабрэннямі азотнай групы. На нейтральнай тэрыторыі вядзецца апошняя, самая дакладная настройка бадай галоўнага інструмента пасяўной сельскагаспадарчай кампаніі. Спецыялісты, сярод якіх намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» па раслінаводстве Сяргей Каляда, галоўны аграном гаспадаркі Яўгеній Цярпіцкі, тэсціруюць сеялкі. Правяраецца функцыянаванне рабочых органаў агрэгата, кантралюецца правільнасць настроек, выконваюцца дарэгуліроўкі. Не абыходзіцца без мерных прыстасаванняў, слясарнага інструменту, пробных халастых праходаў – у справе сяўбы дробязяў не бывае.
Калі ўсё гатова, механізатары Сяргей Турко і Сяргей Пташук па чарзе ставяць СПУшкі пад загрузку зернем. Стартавай пасяўной культурай з’яўляецца авёс, і для яго на гэтым участку поля выдаткаваны перыметр у межах 60 пасяўных гектараў.
– Сёння-заўтра мы з ім справімся, – скажа крыху пазней Дзмітрый Дыдышка. Але завяршыць гэты міні-рэпартаж хочацца словамі механізатара Сяргея Турко, які перад тым, як зачыніць дзверцу кабіны, заўважыў, звяртаючыся да Сяргея Каляды:
– Уладзіміравіч, я паехаў? З Богам!
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара. Больш фота тут.

Начальнік участка Дзмітрый Дыдышка (справа) і машыніст культыватара Юрый Дымар.