Практыка здароўя. Кампетэнтны субяседнік «ЛВ» – галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч

Завулак Пушкіна, 7 у райцэнтры можна назваць медыцынскім. Тут прапісана цэнтральная раённая бальніца, што адчынена для пацыентаў кругласутачна. Пра медыцынскія напрацоўкі, планы і перспектывы аховы здароўя раёна «ЛВ» гутарыць з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы Георгіем Хлябовічам.

Георгій Яўгеньевіч, якім выдаўся мінулы год для медыцыны раёна? Назавіце, на ваш погляд, значныя медыцынскія падзеі.
– Увогуле, год быў даволі насычаны на падзеі, з якіх цяжка выдзяліць найбольш значныя: камп’ютарызацыя і інфарматызацыя райбальніцы, кадравае абнаўленне, мадэрнізацыя харчаблока, прафілактычныя акцыі і г.д. Штодзённа робім сваю справу – аказваем медыцынскую дапамогу. Для выяўлення хвароб на ранніх стадыях, іх папярэджвання праводзім дыспансерызацыю насельніцтва.
Нашы тэрапеўты ў поўным саставе першыя ў Брэсцкай вобласці пераведзены на прынцып работы ўрачоў агульнай практыкі. Яны прайшлі перападрыхтоўку і валодаюць навыкамі па сумежных спецыяльнасцях. Гэта дазваляе разгрузіць вузкіх спецыялістаў, на прыём да якіх часам цяжка ўзяць талон. Пры неабходнасці тэрапеўт накіруе пацыента да хірурга ці іншага ўрача. Тэрапеўтычнае аддзяленне паліклінікі перайменавана ў аддзяленне агульнай урачэбнай практыкі.
– Што прадпрымаецца ў райбальніцы для павышэння даступнасці меддапамогі, у тым ліку ў аддаленых населеных пунктах?
– Адзін са спосабаў павышэння даступнасці меддапамогі – укараненне інфармацыйных сістэм. Многія ляхавічане запісваюцца на прыём да ўрача праз інтэрнэт – зручна і хутка. Мінулай вясной падключыліся да рэспубліканскай сістэмы тэлемедыцынскага кансультавання: праведзена 18 такіх дыялогаў. Пачалі пераходзіць на электронную карту пацыента і выдачу электронных рэцэптаў. Для гэтага завялі больш за 16 500 электронных амбулаторных медыцынскіх карт, выдалі без малога 8000 ідэнтыфікацыйных пластыкавых картак медабслугоўвання.
У планах – закупка камп’ютарнага абсталявання і праграмнага комплексу для амбулаторый, якія злучаць іх з лакальнай сеткай райпаліклінікі. Такое аб’яднанне дапаможа не толькі паскорыць абмен інфармацыяй пра стан здароўя пацыента, але і падняць на якасна новы ўзровень абслугоўванне сельскіх жыхароў.
Каб зменшыць чэргі ў паліклініцы, працоўны дзень большасці спецыялістаў падоўжаны да 20 гадзін (у суботу – да 15). Зменены фармат работы рэгістратуры. Замест двух вокнаў адкрыты чатыры. Пры папярэднім запісе, у тым ліку праз інтэрнэт, пацыент цяпер адразу ідзе ў кабінет урача. Арганізаваны штотыднёвы выезд комплекснай брыгады спецыялістаў у аддаленыя населеныя пункты, на прадпрыемствы. Падчас такіх меддэсантаў насельніцтва мае магчымасць не толькі атрымаць кансультацыю спецыялістаў, але і прайсці лабараторныя даследаванні.
З мэтай ранняга выяўлення раку прастаты пачалі абследаваць мужчын ва ўзросце 50-65 гадоў на прастатспецыфічны антыген.
Абласныя прафілактычныя праекты ажыццяўляліся і на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Праведзены медыка-асветніцкія акцыі з удзелам вядучых абласных спецыялістаў «Здаровае сэрца – залог поспеху», «Папярэдзь хваробу – выберы жыццё!», «Папярэдзім інфаркт міякарда» і іншыя, у якіх прынялі ўдзел больш за 1000 чалавек, выканана не менш за 1500 розных даследаванняў.

– Якія новыя методыкі дыягностыкі і лячэння асвоены ляхавіцкімі ўрачамі?
– Новыя методыкі абследавання і лячэння, якія ўкаранёны ў мінулым годзе ў райбальніцы, умоўна можна раздзяліць па аддзяленнях. У фізіятэрапеўтычным пачалі прымяняць камбінаваную лазератэрапію хандрапатыі галовак плюснявых касцей (Хвароба Кёллера 1,2) і стымуляцыю рэгенерацыі коснай  тканкі з дапамогай нізкаінтэнсіўнага лазернага выпраменьвання з выкарыстаннем апарата «Родник-1»; апарат магнітатэрапіі «Алмаг-02» – пры полінеўралгіі, варыкозным захворванні вен ніжніх канечнасцяў. У клініка-дыягнастычнай лабараторыі праводзім выяўленне бактэрыяльнай інфекцыі ў крыві – тэст вызначэння пракальцытаніна. Для ўдасканалення дыягностыкі анкалагічных захворванняў на ранніх стадыях у раёне арганізаваны скрынінг каларэктальнага раку з дапамогай тэста FIT.
Паспяхова ўкаранёна методыка аператыўнага лячэння папя-рочнай плоскаступнёвасці.

– Георгій Яўгеньевіч, як вырашаецца ў райбальніцы кадравае пытанне?
– За апошнія два гады да нас па накіраванні прыбылі 23 урачы і 37 медработнікаў сярэдняга звяна. Сёлета чакаем яшчэ 14 спецыялістаў: шэсць дактароў у аддзяленне хуткай меддапамогі, два – агульнай практыкі і столькі ж хірургаў, афтальмолаг, акушэр-гінеколаг, урач функцыянальнай дыягностыкі. Такое папаўненне дазволіць закрыць пытанне кадравага забеспячэння.
Дарэчы, упершыню за апошнія гады ў нас укамплектаваны штат акушэраў-гінеколагаў, што дазволіла з пачатку года прымяніць участковы прынцып прыёму пацыентак.

– Якасць медыцыны залежыць і ад тэхнічнага аснашчэння медустановы. Якімі навінкамі можаце пахваліцца?
– Абнаўляем абсталяванне, аснашчаем рабочыя месцы  ўрачоў. Для ўрачоў агульнай практыкі закуплены электракардыёграфы, растамеры, атаскопы і г.д. Набыта стаматалагічная ўстаноўка. Робіцца рамонт памяшканняў райбальніцы і іншае. Выконваем дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна.
Гутарыла Наталля ПЕРАПЕЧКА.