Акцыя «Наш жывёлавод» , ініцыяваная Беларускім прафсаюзам работнікаў АПК, крочыць і па Ляхавіччыне

Акцыя «Наш жывёлавод» (праводзіцца са снежня па красавік), ініцыяваная Беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу, прадаўжае крочыць і па сельгаспрадпрыемствах Ляхавіччыны. Прозвішчы чарговых працоўных герояў фермаў і комплексаў, на гэты раз ААТ «Нача», назвалі ў мінулы аўторак.

– Лепшых ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах выбірае камісія ў складзе прафсаюзных лідараў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Абавязкова наведваем кожную малочнатаварную ферму, комплекс, каб непасрэдна на месцы сустрэцца з працоўнымі калектывамі, паглядзець, якія бытавыя і вытворчыя ўмовы створаны ў гаспадарках раёна. Людзі павінны ведаць, што іх нялёгкая, але такая неабходная праца не застаецца незаўважанай, – адзначае старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура.
Перад вячэрняй дойкай на малочнатаварную ферму «Цэнтр» завітала з падарункамі і словамі віншаванняў дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Аляксандра Бараноўскага і Аліны Гумен, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамары Пракап’юк і старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірыны Чура.
Лепшыя вытворчыя вынікі на МТФ «Цэнтр» паказалі аператар машыннага даення Ірына Волчак і жывёлавод Анастасія Смаршчок. Ім, а таксама калектыву МТФ на чале з Людмілай Чарапавіцкай уручаны падарункі.
– Малайцы, дзяўчаты! І Анастасія, і Ірына стараюцца. Вельмі адказна ставяцца да работы, на іх можна заўсёды спадзявацца, – гаворыць намеснік дырэктара ААТ «Нача» Галіна Рамейка.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.