Пляцоўка для важных рашэнняў. Ляхавічане прымаюць удзел у абмеркаванні на дыялогавых пляцоўках

Слушныя прапановы, гарачы абмен меркаваннямі, вострыя дыскусіі – у такім ключы па ўсёй краіне працуюць тэматычныя дыялогавыя пляцоўкі, дзе кожны можа выказацца і абавязкова будзе пачуты

21 кастрычніка ў Баранавічах прайшоў рэгіянальны маладзёжны форум «Будучыня – гэта мы». У цэнтры яго ўвагі – дзяржаўная маладзёжная палітыка. У канструктыўным дыялогу прынялі ўдзел і ляхавічане: прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, аб’яднання прафсаюзаў, райкама БРСМ і Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Бачанне надзённых праблем выказвалі практыкі і эксперты, дэпутаты, моладзь, члены розных грамадскіх аб’яднанняў, нераўнадушныя землякі з Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага рэгіёнаў, тыя, хто мае вопыт работы з моладдзю.
Ляхавічане падзяліліся з «ЛВ» уражаннямі ад удзелу ў форуме.

Ларыса ЮШКЕВІЧ, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
– Размова атрымалася дынамічнай, цікавай і надзвычай карыснай. Адметна, што кожны з удзельнікаў змог выказаць свой пункт гледжання. Мы пачулі шмат новых ідэй і прапаноў па арганізацыі сучасных формаў работы з падрастаючым пакаленнем, па патрыятычным выхаванні моладзі. Размова вялася пра падтрымку маладзёжных ініцыятыў, дзейнасць грамадскіх арганізацый, удасканаленне маладзёжнай палітыкі. Абмяркоўвалі і тое, як інтэрнэт можа быць карысным для грамадства, і многае іншае.
Дэлегацыя Ляхавіцкага раёна закранула пытанне выпрацоўкі механізмаў стымулявання працаўладкавання моладзі ў малых гарадах і сельскай мясцовасці.
Падчас дыскусіі сфармуляваны шэраг прапаноў і ідэй па далейшым удасканаленні ў краіне маладзёжнай палітыкі. Матэрыялы форуму будуць сістэматызаваны і, як нам паведамілі, выкарыстаны ў рабоце. Лічу важным і тое, што ў дыскусійнай пляцоўцы актыўны ўдзел прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык і Ігар Хлабукін.

Сяргей УЛАС, трэццякурснік ЛАКа, сакратар пярвічкі БРСМ:
– Удзел у форуме захапіў і шчыра зацікавіў. Сабраліся на яго людзі дасведчаныя і вопытныя. Для мяне гэта быў своеасаблівы майстар-клас, які дазволіў паставіць новыя мэты і вызначыць напрамкі, у якіх неабходна рухацца дзеля развіцця моладзі. Узнімаліся маштабныя пытанні, гучала мноства слушных прапаноў.
Так, было прапанавана стварыць дадатак на бясплатнай аснове для юнакоў і дзяўчат, у якім навучэнцы ў інтэрнэце ў любы момант змогуць чытаць розную літаратуру. Стварыць сайт, дзе будуць указаны кантакты валанцёрскіх груп, да якіх людзі старэйшага пакалення змогуць звяртацца за дапамогай. Канешне, усе гэтыя ідэі патрабуюць карэкціроўкі, але яны зацікавілі прысутных. Прапанову баранавіцкіх блогераў таксама ацанілі: ад іх прагучаў варыянт арганізацыі па нядзелях маладзёжнай свабоднай пляцоўкі, дзе кожны можа прэзентаваць свае творчыя здольнасці, знайсці сяброў, адпачыць і г. д.
Прыемна, што прапановы дэпутаты парламента ўзялі на заметку і абяцалі садзейнічаць іх рэалізацыі. Форум лічу сур’ёзнай пляцоўкай для важных рашэнняў, ад якіх будзе залежаць будучыня маладога пакалення.

У наступныя дні дэлегацыі раёна таксама прынялі ўдзел у дыскусійных пляцоўках, тэмамі якіх сталі «Канстытуцыйнае рэфармаванне, партыйнае будаўніцтва», «Павышэнне ролі мясцовага кіравання і самакіравання», іншыя.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.