Лічбавы імунітэт для кожнага. З 24 па 30 лістапада праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя «Тыдзень кібербяспекі»
З 24 па 30 лістапада праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя «Тыдзень кібербяспекі», накіраваная на павышэнне дасведчанасці насельніцтва пра новыя схемы махлярства і фарміраванне культуры бяспечных паводзін у інтэрнэце.
Па даных МУС, сёлета ў краіне намецілася станоўчая тэндэнцыя: упершыню за апошнія гады ўзровень кіберзлачыннасці пайшоў на спад. Але супакойвацца рана. Супрацоўнікі праваахоўных органаў адзначаюць, што новыя лічбавыя пагрозы працягваюць эвалюцыянаваць, таму грамадзянам не трэба страчваць пільнасць. Гэта датычыць і жыхароў Ляхавіччыны, якія перыядычна фігурыруюць у міліцэйскіх зводках у якасці ахвяр.
Начальнік РАСК Аляксандр Траяноўскі падкрэслівае, што інтэрнэт стаў не толькі крыніцай карыснага і забаўляльнага кантэнту, але і інструментам страты фінансавых сродкаў. 16 лістапада супрацоўнікі РАСК узбудзілі крымінальную справу па факце вымагання. Ляхавічанін 2003 г. н. пазнаёміўся ў інтэрнэце з дзяўчынай, з якой абменьваўся паведамленнямі і фота. Яна прапанавала яму перайсці па спасылцы і глядзець больш фота з ёй. Што малады чалавек і зрабіў. У выніку зламыснікі атрымалі доступ да яго тэлефона і, адпаведна, да акаўнтаў у інтэрнэце і ўсёй інфармацыі. З ляхавічаніна за захаванне ў тайне інфармацыі, змешчанай у тэлефоне, спачатку патрабавалі 200 рублёў, затым яшчэ столькі ж. Аплаціў 400 рублёў, і тут ужо ўзнік трэці жадаючы пагрэць рукі. Ахвяра вымагання напісала заяву ў міліцыю.
19 лістапада райаддзел СК узбудзіў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 209 па факце махлярства. Ляхавічанка 2006 г. н. убачыла ў сацсетках рэкламу пра заробак на крыптавалюце. Яна перайшла па спасылцы, і яе ўключылі ў закрытую тэлеграм-групу, дзе ёй паабяцалі залатыя горы і прадэманстравалі графікі прыбытку. Затым з ляхавічанкай стаў працаваць кансультант, які пацікавіўся жаданым памерам заробку. У выніку дзяўчына інвесціравала спачатку 800 рублёў, і ёй нібыта выпаў выйгрыш у суме 6 400 рублёў. Каб яго атрымаць, патрабавалася перайсці па спасылцы і аплаціць камісію ў памеры 570 рублёў. У нашай зямлячкі на той час такіх грошай не было, і яна сваю мару паставіла на паўзу, каб вярнуцца да яе праз месяц. На гэты раз за «камісію» прасілі ўжо 770 рублёў, і аплата прайшла. Але жаданай сумы на рахунак не паступіла, бо трэба было аплаціць яшчэ і падатак.
Ляхавічанка зразумела, што трапіла на зламыснікаў і страціла больш за 1 500 рублёў.
Сярод жыхароў Ляхавіччыны ёсць не толькі ахвяры зламыснікаў, але і аўтары злачынных схем. Іх фігурантамі сталі 18-гадовыя юнакі, расказаў оперупаўнаважаны аддзялення крымі-нальнага вышуку РАУС Уладзіслаў Зубік. Зламыснікі размяшчалі на гандлёвай пляцоўцы аб’явы пра продаж неіснуючых тэлефонаў па прывабных цэнах. «Ураджай» аднаго з махінатараў склаў 1 300 рублёў, а другога – 500 рублёў. Але па яго справе кропка яшчэ не пастаўлена. Следчыя з Лагойска
ўзбудзілі крымінальную справу, а супрацоўнікі РАУС праводзяць даследчую праверку яшчэ па двух фактах.
У тыдзень кібербяспекі супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку наведаюць установы адукацыі і раскажуць падрастаючаму пакаленню пра наступствы неправамерных дзеянняў па распаўсюджванні забароненага кантэнту, а таксама пра асновы бяспекі ў сацыяльных сетках і прыёмах супрацьдзеяння фішынгу. Асноўная мэта – не толькі папярэдзіць супрацьпраўныя дзеянні, але і дапамагчы моладзі сфарміраваць крытычнае мысленне і культуру паводзін у сацсетках, каб навучэнцы не сталі ахвярамі або правапарушальнікамі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

