Вынік на восем з плюсам. За 10 месяцаў года СВК «Ляхавіцкі» надаіў ад кожнай каровы больш за восем тысяч кілаграмаў малака

Выкарыстана ілюстрацыя

Дакладная лічба надоя ў «Ляхавіцкім» за 10 месяцаў – 8 027 кіла-
грамаў. І гэта ледзь ці не на дзве тоны перавышае аналагічны сярэднераённы паказчык. У параўнанні з кастрычнікам папярэдняга года малочная жывёлагадоўля гаспадаркі вырасла на ўдойнасці кожнай галавы прыкладна на 370 кілаграмаў. У той час як другі раённы лідар ЗАТ «Белпрампрыбор» на працягу гэтай жа гадавой дыстанцыі надварот больш за 400 кілаграмаў малака «згубіў» і па выніках кастрычніка паказаў лічбу ўдойнасці 6 758 кілаграмаў.
Васьмітысячная прадукцыйнасць каровы за 10 месяцаў года з’яўляецца дастаткова высокім дасягненнем. А з улікам таго факта, што наша вобласць з’яўляецца найлепшым малакавытворцам краіны, сказанае набывае і высокае рэспубліканскае гучанне.

Яшчэ адной нагодай для віншавання сельгаскааператыва з гэтым працоўным здабыткам служыць тое, што ўсё сваё малако ён прадае перапрацоўшчыкам толькі «экстрай» і вышэйшым гатункам якасці. І па выніках работы за 10 сёлетніх месяцаў «Ляхавіцкі» адзін такі на прасторах нашага раёна.
Несумненна, здабыткі жывёлагадоўлі гаспадаркі грунтуюцца на вядомай формуле «трох К»: каровы, кармы, кадры. Хоць, канешне, першае і галоўнае месца ў ёй павінны займаць іменна кадры. Ад іх мэтанакіраванай штодзённай работы залежаць і вытворчы патэнцыял жывёлы, патрэбныя аб’ёмы і якасны складнік нарыхтаваных кармоў, «майстэрства» іх падачы ў залежнасці ад, напрыклад, перыяду ўтрымання, кілаграмаў малакааддачы і іншых асаблівасцяў.
Роля даглядчыка маладняку ў ланцужку выхаду статкаў на высокія ўдоі здаецца асабліва відавочнай. Забяспечыць будучым каровам камфортныя ўмовы ўтрымання, «ласкавы» і здаровы догляд, высокія сутачныя прывагі і, як ключавы вынік, нарматыўны тэрмін выхаду да гатоўнасці пад асемяненне з’яўляецца адным з вытворча і эканамічна важных працэсаў у рабоце гэтай важнейшай галіны сельгасвытворчасці.
Па выніках вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі за студзень – кастрычнік 2025 года варта адзначыць ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы». Самыя маштабныя нашы сельскагаспадарчыя арганізацыі на дваіх забяспечваюць каля 50 працэнтаў ад агульнай валавой вытворчасці малака ў раёне. За 10 месяцаў года сярэдняя удойнасць каровы «Шляху новага» вырасла ў параўнанні з мінулым годам ледзь ці не на 900 кілаграмаў, а «Жарабковічаў» – аж на 930. Растуць у гаспадарках і сярэднясутачныя прывагі БРЖ. Напрыклад, у «Жарабковічах» яны ўжо набліжаюцца да 750 грамаў. У «Шляху новым» менш, аднак кастрычніцкая статыстыка зафіксавала плюс 37 грамаў у параўнанні з леташняй базай.
Падчас нядаўняй паездкі на асенне-ворыўныя работы ў «Жарабковічы», можна сказаць, выпадкова даведаліся, што гаспадарка практыкуе закладку жамерын цукровых буракоў ў поліэтыленавыя рукавы. Частка атрыманага ў Жабінцы прадукту перапрацоўкі адразу трапляе ў кармушкі жывёлы. Рэшткі пакуюцца ў плёначныя рукавы ў якасці салодкага кармавога запасу. Маса нарыхтоўкі ўжо склала каля двух з паловай тысяч тон. Усё для рагулі, яе кармавога дабрабыту і належнай прадукцыйнай аддачы.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.