Маленькая зорачка вялікай сцэны. Навучэнка СШ №1 стала лаўрэатам I ступені Міжнароднага музычнага фестывалю

Прыемна, калі прозвішчы землякоў гучаць на конкурсах міжнароднага ўзроўню. Днямі ў рэдакцыю «ЛВ» звярнуўся настаўнік музыкі СШ № 1  Аляксандр Сокал, які расказаў, што яго выхаванка Паліна Шалік стала лаўрэатам I ступені Міжнароднага музычнага фестывалю «Пульс нашага часу-2020» II адкрытага патрыятычнага конкурсу «Прысвячаецца Радзіме» ў намінацыі «вакал (сола)».

Аляксандр Мікалаевіч запісаў на відэа выступленне Паліны, дзе яна спявае дзіцячую песню «Ці ўсё можна палічыць?», і адправіў на суд журы. У адказ атрымалі не толькі жаданы вынік – перамогу, але і захопленыя водгукі пра вакальныя даныя дзяўчынкі. А таксама падзяку ў адрас нераўнадушнага педагога за падрыхтоўку ўдзельнікаў, выхаванне падрастаючага пакалення і моладзі ў духу патрыятызму, за самааддачу і любоў да творчасці.
У творчай скарбонцы Паліны гэта не першае званне – крыху раней станавілася лаўрэатам
II ступені Міжнароднага фестывалю «Маленькая зорачка». Дзяўчынка – старанная другакласніца, якая і вучыцца добра, і, акрамя іншага, захапляецца рукадзеллем і танцамі. А яшчэ наведвае падрыхтоўчыя курсы па фартэпіяна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва СШ № 1.