Сола на цымбалах і верш пад гітару. Артысты з Навасёлкаўскага СДК сталі лаўрэатамі I ступені Міжнароднага фестывалю мастацтваў

V Міжнародны фестываль мастацтваў «#BYFEST» прайшоў напрыканцы лістапада ў сталіцы. Сярод краін-удзельніц – Расія, Казахстан, Польшча, Украіна, Канада, Славенія і Беларусь. З-за эпідсітуацыі выканаўцы мелі магчымасць прэзентаваць творчыя здольнасці вочна і завочна.

Таццяна Пішч, Дар’я Саванчук, Алеся Шадура.

Самадзейныя артысты з Ляхавіцкага раёна на культурным праекце заваявалі званне лаўрэатаў I ступені. Прымала віншаванні прадстаўніца Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры і настаўніца Навасёлкаўскай школы мастацтваў Дар’я Саванчук. На цымбалах перад журы яна сыграла «Плач перапёлкі» і сваёй ігрой зачаравала прафесіяналаў – у намінацыі «інструментальнае сола» яна адна з лепшых. Станоўчыя і цёплыя водгукі журы атрымала і выхаванка Дар’і
Алеся Шадура. Для настаўніцы паспяховае выступленне навучэнкі –
высокая адзнака яе работы.
Дар’я Саванчук не раз станавілася пераможцай разнастайных
музычных конкурсаў. Стараецца веды і ўменні перадаць сваім шасцярым вучням. Выступае ў складзе народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК. Адзначае:
– Захапляюся музыкай, з задавальненнем іграю на цымбалах і шчаслівая, калі маё выступленне для кагосьці становіцца святам.
Кіраўнік «Вечарніцы» Таццяна Пішч таксама не хавае эмоцый і шчыра радуецца дасягненням калегі. Таццяне Аляксееўне за ўклад у выхаванне дзяцей, падтрымку таленавітай моладзі, супрацоўніцтва і актыўны ўдзел у міжнародным фестывалі ўручана падзячнае пісьмо. Акрамя таго, пяты па ліку культурны праект стаў для яе асабліва памятным – сын Аляксандр у намінацыі «мастацкае сола» ўдастоены звання лаўрэата I ступені. Саша адправіў на конкурс відэаролік, у якім пад гітару чытаў верш Маякоўскага. І гэта яго ўласная рэжысёрская пастаноўка, прычым не першая. Наш таленавіты зямляк – студэнт чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Яшчэ ў школьны час навучыўся іграць на гітары, сачыняе песні і музыку, саліст «Вечарніцы».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва Навасёлкаўскага СДК.