Арыфметыка “Ляхавіцкага”

Сямейны экіпаж. Генадзій і Марта Граблюкі.

Усяго ў  некалькіх кіламетрах ад горада раскінуліся ўраджайныя пшанічныя палі  СВК «Ляхавіцкі».  Беражліва  падхоплівае  налітыя каласы жатка «ДжонДзіра».  За штурвалам камбайна Генадзій Граблюк. Дачка Марта – вось ужо на працягу шасці сезонаў  яго нязменная памочніца, уважліва сочыць за якасцю работы: не павінен прапасці ніводны каласок.

– Як атрымаў 11 гадоў назад гэты агрэгат, так і жнём разам: старшы камбайнер Граблюк і «ДжонДзір». Марта малайчына. Хутка асвоіла механізатарскую справу. Першы год крыху   баялася, а цяпер лепш іншага прафесіянала спраўляецца, – гаворыць старшы камбайнер і бацька ў адной асобе.

Хлебаробскую біяграфію дзяўчына пачынала студэнткай Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.  На канікулах замест адпачынку выбірала поле, дзе працавала нароўні з іншымі механізатарамі: ніякай скідкі на маладосць і прыналежнасць да прыгожай паловы. І цяпер інжынер па падрыхтоўцы кадраў Ляхавіцкага лясгаса Марта Генадзьеўна Граблюк у свой працоўны водпуск  кабінет мяняе на жніўныя палеткі – дапамагае землякам убіраць вырашчаны  ўраджай. Успамінае хваляванне першага жніва і заўсёдную ўпэўненасць,  што бацька  дапаможа, падтрымае, падкажа.  А сёння і сама  дзяўчына можа параіць – вопыт мае.

Па стане на 11 жніўня гэты сямейны экіпаж намалаціў 520 тон зерня.  Дарэчы, магчыма  праз год-другі выйдзе на жніўныя палі  за штурвалам камбайна ці  за рулём аўтамабіля яшчэ адзін Граблюк: 18-гадовы Вадзім пакуль вучыцца на механіка ў Жыровічах.

Бункер запоўнены, і праз лічаныя хвіліны каля камбайна –   МАЗы. За рулём Аляксандр Вайцешык і Генадзій Тумаш.каля хутара з дзіўнай назвай Козачка  шчыруе  каманда  ў складзе старшага камбайнера Мікалая Кавалёва і камбайнера Сяргея  Шпака. Разам яны працуюць трэці сезон.  Намалочваюць па 60-70 тон за дзень.

Сёлета, калі «Ляхавіцкі» толькі распачынаў сяўбу, галоўны аграном Аляксандр Шымкевіч заўважыў:

– Прыгожыя азімыя ўзышлі – на радасць. Калі і яравыя будуць такімі ж, можна спадзявацца на добры ўраджай.

Спадзяванні спраўдзіліся.

– Пра такую  пшаніцу, як «сюіта», некалі толькі марылі.  Для нашай глебы самае тое. Калі  пачынаў працаваць у  «Ляхавіцкім» 40 гадоў назад, ураджайнасць была 12 цэнтнераў на круг, цяпер маем 50 – адчуйце розніцу. Вось што значыць новыя тэхналогіі, выдатнае насенне, сучасная механізацыя, – расказвае брыгадзір Іван Юнік. І дадае наконт зялёна-жоўтых палеткаў аўса, што побач:

– Давялося падсяваць. Цяжкавата будзе ўбіраць нераўнацэнныя па спеласці ўчасткі.

Усяго на жніве  ў гаспадарцы  задзейнічаны 8 камбайнаў,  18 аўтамабіляў. Такая колькасць уборачнай тэхнікі, поўная ўкамплектаванасць кадрамі механізатараў дазваляюць у аптымальныя тэрміны ўбраць ураджай.

Што датычыць хлебаробаў, то яны справу сваю ведаюць. Прозвішчы многіх   камбайнераў, вадзіцеляў, аператараў  зернесушыльных комплексаў вядомыя ў раёне і за яго межамі: Кардаш, Асланян, Алейнікаў, Юнік,  Герасімовіч, Ракашэвіч…

– Стараюцца ўсе, бо разумеюць: у гэты час кожная хвіліна  дарагая.  Да таго ж, больш намалоціш ці перавязеш – больш заробіш. Простая арыфметыка, –  гаворыць  старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко.

Позна вечарам, калі механізатары ідуць на адпачынак, за справу бяруцца бухгалтары: падлічваюць зробленае за дзень. Назаўтра кожны хлебароб  можа з табеляў, вывешаных на зернетаку і мехдвары,  даведацца пра свой вынік, параўнаць з вынікам калег. Умовамі спаборніцтва ў сельгаскааператыве прадугледжаны  бонусы за хуткую, якасную і без парушэнняў тэхнікі бяспекі ўборку.

Арганізавана і двухразовае харчаванне ўдзельнікаў жніва (пра гэта «ЛВ» расказваў у папярэднім нумары).

На мехдвары работа кіпіць зрання. Механізатары  правяраюць тэхніку – у полі  важная любая дробязь. Здарылася паломка, якую камбайнеры не могуць ухіліць самастойна, – на дапамогу прыходзіць мабільная рамонтная група – майстэрня на колах. Галоўны інжынер Андрэй Новік трымае на кантролі і механізмы, і механізатараў.

Каля 200 тон зерня за суткі перапрацоўвае  мясцовы ЗСК. Устаноўкай М-819  па чарзе кіруюць вопытнейшыя аператары Анатолій Герасімовіч і Леанід Юнік. Штогод яны сярод лепшых аператараў ЗСК. А сёлета партрэт інжынера па працаёмкіх працэсах СВК «Ляхавіцкі» Анатолія Герасімовіча занесены на раённую Галерэю славы.

Хлебаробам «Ляхавіцкага» трэба  ўбраць 1250 гектараў збожжавых. Летась амаль з такой жа плошчы намалацілі 5500  тон. Сёлета, па падліках  кіраўніка СВК, будзе  не менш. У засеках ужо 4350  тон. Пакуль усё па плане: ураджайнасць адна з лепшых у раёне – 55,2  цэнтнера на круг.  У лік дзяржзаказу  гаспадарка прадала
750 тон азімай пшаніцы  (на 50 тон больш задання).

Яшчэ тыдзень – і ўборка збожжавых у СВК завершыцца. Ужо цяпер пачынаецца падрыхтоўка да сяўбы-2018.

– Эксперы-ментавалі, выбіралі, прыглядаліся, раіліся з навукоўцамі. І прынялі рашэнне: даверым частку палеткаў трыцікале гатунку «дзінаро». Ужо заклалі ў зернясховішча 100 тон яго насення першай рэпрадукцыі, – дзеліцца планамі  Іван Вітко.

Галіна КАНЬКО.

Вадзіцелі Генадзій Тумаш і Аляксандр Вайцешык

Аператары ЗСК Іван Рабцэвіч і Аляксандр Ходар

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *