Араць у вясну – не да сну. Гаспадаркі Ляхавіцкага раёна сёння актыўна працуюць на ўздыме зябліва

Кастрычнік адлічвае апошнія не дні – імгненні.  Сёння-заўтра – і на авансцэну часу выйдзе апошні  месяц восені.
Але ж дзе гарантыя, што каляндарна-асенні лістапад умерана такім і здарыцца? Без густых, працяглых і халодных дажджоў, сур’ёзных тэмпературных мінусаў?

Механізатар ААТ «Нача»  Уладзіслаў Купрыш.

Восень падбадзёрвае аграрыяў у іх спрадвечных і, здаецца, бясконцых палявых клопатах. Засталося ўсяго нічога: убраць і ўпарадкаваць вырашчанае ў гэтым годзе, закласці трывалую перспектыву пад ураджай года наступнага. Сённяшняя размова іменна пра яе – перспектыву, адной з умоў якой з’яўляецца зяблевая апрацоўка глебы. Праведзеная ў рэгламентаваныя тэрміны і зададзеных аб’ёмах, гэта аперацыя доказна паляпшае глебу, эканоміку сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і павялічвае вясеннюю эканомію часу.
Згодна з сезонным заданнем, аграрыям раёна належыць падняць пад зябліва каля 11 тысяч гектараў палёў. Праграма запушчана ў дзеянне дастаткова даўно і зараз працягваецца не заўсёды роўна ў разрэзе асобных гаспадарак, але ж, у цэлым, дастаткова актыўна. Нават магутна, з задзейнічаннем усё большай колькасці ворыўных комплексаў і максімальным выкарыстаннем ужо нядоўгіх светлавых магчымасцяў дня. Па стане на ўчарашні дзень, з зяблевым падрадам раён справіўся прыкладна на 60 працэнтаў. Ёсць, канешне, выдатнікі ворыўнай падрыхтоўкі, якія названую лічбу істотна перакрылі, але значацца і іншыя.
Чым глыбей у восень, тым менш работ застаецца ў полі, і тым больш працоўных сіл і сродкаў вытворчасці гаспадаркі могуць дазволіць сабе занарадзіць на ворыўныя работы. Прыклад ААТ «Нача»,
дзе мы пабывалі напярэдадні, ніколькі не арыгінальны і з’яўляецца, хутчэй, агульным правілам.
– Сёння мы працуем двума ворыўнымі комплексамі. Вось гэты «кіравец» з дзевяцікорпуснымі плугамі дапаўняе заняты ў іншых палявых лакацыях «ДжонДзір». Не заўтра, дык паслязаўтра абавязкова ад сваіх і таксама тэрміновых работ вызваліцца «Беларус-3022».
Чапляем плугі і, не марудзячы, ставім у баразну і яго. А тры ўжо не два, – выстройвае ворыўную тактыку галоўны аграном гаспадаркі Леанід Ксёнжык.
З дарогі здаецца, што дзевяцікорпусны плуг для новага сямейства «кіраўцаў» не такая ўжо і цяглавая нагрузка. Роўны, у чымсьці нават прыемны на слых гук рухавіка, ніякіх табе бачных воку выхлапных клубоў. Выглядае ўсё паказальна-штатна, пры тым, што пасля кожнага рабочага ходу за трактарам застаецца ўзараная паласа шырынёй у поўныя пяць метраў.
– Работа майстра. Уладзіслаў, хоць і малады, але вопытны, умелы, адказны механізатар-універсал. Сёння ён на ворыве, жніво правёў за штурвалам збожжаўборачнага камбайна. Акрамя таго, у «гаражы» Уладзіслава значыцца таксама трактар мінскай маркі з агрэгатам для ўнясення вадкай хіміі. З усімі работамі спраўляецца талкова. Адзінае, што хочацца адзначыць, ім бы – нашым механізатарам – дадатковы выхадны. Стаміліся. Пачынаючы, па сутнасці, з красавіка – праца, праца, праца, – гаворыць галоўны начаўскі агратэхнолаг у адрас аратага Уладзіслава Купрыша і яго калег па механізатарскім цэху гаспадаркі.
А што ж сам кіроўца «кіраўца»? Ён спрытна «вырэзвае» развароты, мяняе абароты плугоў, пагаварыць пагаджаецца пры ўмове, што «вельмі коратка».
На пытанне, ці многа атрымліваецца зрабіць, улічваючы, што дні з кожным разам становяцца ўсё карацей, адказвае:
– Па-рознаму. Калі рана пачаць, пазней закончыць, а поле з’яўляецца доўгаконтурным, то па выніку можна выйсці і на 40 гектараў узнятага за працоўны дзень зябліва…

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.