На дарожных прасторах. Чацвёртая нядзеля кастрычніка ў прафесійным календары святаў пазначана як Дзень аўтамабіліста і дарожніка

У нашай краіне чацвёртая нядзеля кастрычніка   ў прафесійным календары святаў пазначана як Дзень аўтамабіліста і дарожніка

Сярод тых, хто  адзначае  прафесійнае свята, і калектыў ДРБУ-200.
Зона яго адказнасці – утрыманне і эксплуатацыя 430 кіламетраў раённых дарог і 169 кіламетраў вуліц сельскіх населеных пунктаў. Бягучы, ямачны і капітальны рамонт дарог, іх будаўніцтва, пракладка пешаходных дарожак, асфальтаванне, устаноўка дарожных знакаў, навядзенне парадку на аўтобусных прыпынках, расчыстка дарог ад снегу, нарыхтоўка пясчана-салявой сумесі і пасыпка ёю дарог – далёка не поўны пералік таго, чым займаюцца работнікі гэтай арганізацыі. Асфальтаванне аўтадарогі Ляхавічы – Сваятычы, уладкаванне пешаходных дарожак у Тухавічах і пляцоўкі каля тутэйшага СДК, падрыхтоўчыя работы для ўкладкі асфальту, пешаходных дарожак і стаянкі для аўто ў аграгарадку Падлессе – на гэта накіраваны асноўныя сілы ДРБУ-200 сёння. Акрамя таго, амаль штодзённа то тут, то там – ямачны рамонт і грэйдзіраванне, прафіліроўка дарог, пад пастаянным кантролем і добраўпарадкаванне вясковых і аграгарадскіх вуліц. Прычым на многіх участках задзейнічаны не толькі людзі і тэхніка арганізацыі, але і прадукцыя ўласнай вытворчасці: борт дарожны і тратуарны, плітка тратуарная, якія выпускаюцца на тутэйшым заводзе. Праўда, калі ў папярэднія гады даволі запатрабаваная прадукцыя ішла на продаж, то сёлета выкарыстоўваецца выключна для ўласных патрэб. Напрыклад, цяпер яе можна ўбачыць на гарадскіх вуліцах  Першамайскай і Пташука.
Дарожнай работы хапае ва ўсе сезоны. Цяпер, напрыклад, да ўсяго вышэйпералічанага асаблівая ўвага надаецца падрыхтоўцы да зімовага ўтрымання дарог. Тэхніка ўжо гатовая, уся ў спраўным стане. Назапашана і засыпана на спецыяльнай пляцоўцы 1,5 тысячы тон пясчана-салявой сумесі. Нарыхтоўка яе вядзецца паэтапна. Яшчэ адзін падрыхтоўчы момант да зімы – устаноўка дарожных знакаў «Слізкая дарога» перад мастамі і пуцеправодамі.
Дарожнік – работа не з лёгкіх, даводзіцца працаваць пры любым надвор’і: і ў спякоту, і ў дождж. Час паказвае, што ў ДРБУ-200 захаваўся касцяк вопытных працаўнікоў, але тут заўжды рады і маладому папаўненню. А тон задаюць сапраўдныя знаўцы дарожнай справы, якія ў прафесіі больш за тры дзесяцігоддзі. Сярод іх вадзіцелі Валерый Кабяльчук, Юрый Пілінога, Віктар Скрыцкі, Сяргей Пілінога, дарожны рабочы Іван Рокач, слесар Уладзімір Буйко і іншыя.
– У нас невялікі, але зладжаны, правераны часам калектыў. Ганаруся, што менавіта тут пачыналася мая працоўная біяграфія, тут працаваў мой бацька. Справа гонару сённяшніх дарожнікаў не страціць, а прымнажаць традыцыі, закладзеныя ветэранамі галіны. На іх мы раўняемся. Год на год не прыпадае. Але, падводзячы вынікі сёлетняга, хочацца сказаць усім, хто сёння шчыруе: дзякуй за адданасць, надзейнасць, добрасумленныя адносіны. З такімі калегамі па сілах вырашаць любыя задачы. Будзем імкнуцца працаваць яшчэ эфектыўней, каб і землякі, і госці Ляхавіччыны былі задаволены вынікам нашых работ, – адзначае начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога.

Галіна КАНЬКО.