Дзякуй за наваселлі. З прафесійным святам, будаўнікі!

Цаглінка за цаглінкай, паверх за паверхам, квадрат за квадратам – так растуць  дамы. Узводзяцца на радасць навасельцам – гараджанам і вяскоўцам, каб стаць утульнымі сямейнымі прычаламі. А некаторым будынкам праектам наканаваны іншы лёс: быць надзейным «дахам над галавой» для школы, дзіцячага садка, бальніцы ці Дома культуры, зручнай і сучаснай «вопраткай» для вытворчага аб’екта…

Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаць тыя, хто дорыць нам усе гэтыя наваселлі: муляры і бетоншчыкі, тынкоўшчыкі і маляры, сталяры і цесляры, кранаўшчыкі і мантажнікі, электрагазазваршчыкі, інжынеры, архітэктары і прадстаўнікі многіх іншых будаўнічых прафесій.

Разам з калегамі віншаванні будзе прымаць і калектыў ПМК-13 ААТ «Пінсксаўгасбуд» – самай буйной будаўнічай арганізацыі нашага раёна, дзе зараз працуе больш за 200 чалавек. Ляхавіцкія будаўнікі шчыруюць не толькі на тэрыторыі свайго раёна (на рэканструкцыі былога інтэрната на вуліцы Леніна,54, мадэрнізацыі з элементамі капрамонту дома № 17   па вуліцы Інтэрнацыянальнай, будаўніцтве фермы ў Сакунах і г.д.), але і за яго межамі: толькі вярнуліся з Гродна, дзе ўладкоўвалі пляцоўкі для паасобнага збору другаснай сыравіны, а ўжо збіраюцца ў Асіповічы – узводзіць станцыю абязжалезвання, чакаюць прафесіяналаў з ПМК-13 і ў Рагачове.

А сапраўдных прафесіяналаў у гэтай будаўнічай арганізацыі нямала. Сёлета раённую Галерэю славы ўпрыгожвае партрэт аднаго з лепшых работнікаў ПМК-13 –тынкоўшчыка-маляра Аляксандра Люкіша (на здымку ўверсе). Калегі сцвярджаюць – заслужана! Патомны будаўнік (у прафесію прыйшоў па слядах сваіх бацькоў) з амаль 40-гадовым стажам, адказны, добрасумленны і, без перабольшання, майстар на ўсе рукі (Аляксандр Мікалаевіч выдатна валодае  яшчэ і запатрабаванай спецыяльнасцю плітачніка-абліцоўшчыка). Такія людзі ў любой будаўнічай арганізацыі на вагу золата.

Зразумела, адзін у полі не воін. Вось ужо дзесяцігодку ён працуе ў звяне са сваімі надзейнымі калегамі – Віталіем Бурвелем, Марынай Бортнік, Валерыем Латушкам. Іх прафесійны аўтограф –   на многіх аб’ектах і не толькі на Ляхавіччыне. Дзякуй за наваселлі!

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *