Молада – не зелена

Лепшы малады камбайнер не толькі ЗТАА «БелДан», але і раёна Максім Горбік.

Калі характарызаваць жніво, першае, што прыходзіць на памяць, – дынамічнасць і рух. А яшчэ, гэта час, які ўвабраў у сябе лепшыя водары лета. Галоўная нотка “парфуму”, які натхняў нашых хлебаробаў на працу, – пах свежазжатых каласоў.

Для маладых удзельнікаў уборачнай, якія не адставалі ад сваіх старэйшых калег, а часам давалі ім фору, жніво сваё: для кагосьці гэта стала першай сур’ёзнай самастойнай працай, першым значным заробкам, хтосьці такім чынам правёў свой летні адпачынак (студэнцкі або працоўны), ёсць і такія, хто не першы год у лідарах жніўнага спаборніцтва. Амаль усе – члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Сёлета на ўборцы збожжа шчыравалі 11 маладзёжных экіпажаў і 15 маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня. Працавалі маладыя і ў складзе сямейных экіпажаў, пад наглядам вопытных калег.   Шчодрым на поспехі выдаўся жніўны сезон у моладзі ААТ “Жарабковічы”, дзе статус маладзёжных мелі 2 экіпажы збожжаўборачных камбайнаў, на адвозцы зерня былі задзейнічаны 4 вадзіцелі ва ўзросце да 31 года. Дарэчы, Юрый Прышчэпа і Міхаіл Праневіч сталі лепшымі вадзіцелямі ў сваёй намінацыі. На хлебнай Дошцы гонару імёны маладых жарабковіцкіх камбайнераў Ігара Васілевіча і Дзяніса Казлова, Паўла Куцко і Уладзіміра Адаські.

У радах хлебаробаў ААТ “Шлях новы” таксама маладая гвардыя: сёлета ў поле выйшлі 4 экіпажы, сумесны намалот нядрэнны – 2692 тоны. А на жніўных палетках СВК “Ляхавіцкі” было задзейнічана 8 маладых вадзіцеляў.

Максім Горбік – адзіны малады камбайнер у ЗТАА “БелДан”. Затое які – лепшы! Наогул, працаваць на выдатна, можна сказаць, традыцыя Максіма: партрэт трактарыста-машыніста сёлета ўпрыгожвае Галерэю славы Ляхавіцкага раёна.

Працоўная біяграфія 28-гадовага хлебароба пачалася яшчэ ў студэнцкія гады. Калі першакурснікам Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа летнія канікулы вырашыў правесці ў полі мясцовай гаспадаркі “Востраў-Агра”. Для Максіма Горбіка сёлетняе жніво дзясятае. І зноў вельмі выніковае.

На фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2014” у Пінску ён атрымаў узнагароду за другое месца сярод маладзёжных экіпажаў у абласным спаборніцтве. У 2016-м у Драгічыне імя земляка гучала побач са словам пераможца.

Сёлета на КЗС-1218 старанна, рупліва, добрасумленна намалаціў больш за 1800 тон зерня.

– Безумоўна, быць у ліку лепшых заўсёды прыемна. Але калі працуеш, не думаеш ні пра якія спаборніцтвы і лідарства – няма часу. Магчыма, у гэтым і сакрэт поспеху: рабіць усё грунтоўна, жніво хібаў не церпіць, – разважае Максім.

Такую працоўную пазіцыю падтрымліваюць і маладыя вадзіцелі “БелДана” Сяргей Гутырчык і Аляксандр Азарчык, якія на ўборачнай таксама паказалі выдатныя вынікі.

Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *