Разважанні на водную тэму

У Начы па-ранейшаму каля калонкі патоп

«ЛВ» № 53 за 15 ліпеня  тэматычная старонка «Жыві як гаспадар» была прысвечана воднай тэме.  Уздымаліся хвалюючыя  насельніцтва пытанні якасці пітной вады, своечасовай ліквідацыі аварыйных сітуацый, а таксама  прадастаўлення паслуг адкачкі каналізацыі.

Першым адрэагавала на крытычныя публікацыі кіраўніцтва КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» – асноўнага ў раёне пастаўшчыка водных паслуг.  Дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі  паведаміў, што на прадпрыемстве  праведзены  тэхнічны савет, распрацаваны арганізацыйныя і тэхнічныя мерапрыемствы па ўхіленні недахопаў і недапушчэнні  іх у  далейшым. «Вінава-тыя службовыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і папярэджаны аб скасаванні працоўных адносін пры ўзнікненні паўторных недахопаў  у рабоце», – падкрэсліў  Аляксандр Мядзвецкі. Намеснік генеральнага дырэктара  Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Упраўленне жыллёва-камунальнай  гаспадаркі» Генадзій Герэза пацвердзіў: «За дапушчаныя парушэнні пры эксплуатацыі сістэм водазабеспячэння («Яшчэ раз пра водны дысбаланс»)прыцягнуты да адказнасці вінаватыя асобы КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» – галоўны інжынер Жук А.В, начальнік участка водаправода і каналізацыі Ракавец У. У.».
Гэта пра адказнасць. А што змянілася за час пасля публікацыі? Кіраўнік раённай камунальнай службы  нагадаў, што ўвядзенне ў эксплуатацыю станцый абязжалезвання ў аграгарадках Жарабковічы, Нача, Ліпск дазволіла знізіць узровень жалеза ў водаправоднай вадзе. А   часовае, па яго словах, пагаршэнне якасці вады  патлумачыў  значным  зносам інжынерных сетак.  Напэўна, слабым суцяшэннем для спажыўцоў будзе заўвага, што поўнасцю пазбавіцца  такой сітуацыі для камунгаса тэхнічна немагчыма.  Для паляпшэння якасці вады право-дзяцца планавыя і пазапланавыя гідрапнеўматычныя прамыўкі вонкавых водаправодаў, а таксама  іх перакладка, дадаў Аляксандр Мядзвецкі і прапанаваў для паляпшэння якасці вады і  ціску ў водаправодзе ліквідаваць «глухія ўрэзкі», з-за якіх немагчыма прамыць сеткі. Карацей кажучы, нічога канкрэтнага пра тое, калі сітуацыя зменіцца ў лепшы бок.
Яшчэ адна праблема, што ўздымалася, датычыла слабага напору вады ў дамах і кватэрах жыхароў Жарабковічаў і Конек. У камунгасе пракаменціравалі: «Падзенне ціску вады адбывалася ў час  яе максімальнага спажывання. Для вырашэння данай праблемы на   артсвідравінах былі ўстаноўлены помпавыя агрэгаты большай  прадукцыйнасці».
Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Юшкевіч адзначыў, што пытанні, узнятыя  на старонках  «ЛВ», разгледжаны сумесна з прадстаўнікамі камунгаса, дадзены даручэнні па ўхіленні ўказаных у газетных  артыкулах  заўваг. Воднае пытанне застаецца на кантролі раённай улады.
«ЛВ» пацікавіўся, як яно вырашана, у аграгараджан і вяскоўцаў.
– Канешне, мы і не спадзяваліся, што адразу з кранаў пацячэ ідэальная вада. Але яна стала чысцейшай, і напор добры, можна памыцца без праблем, –  расказвае  дэпутат Жарабковіцкага сельскага Савета дэпутатаў Святлана Селяйковіч.
Меркавання, што вада стала лепшай, прытрымліваецца  і  гаспадыня адной з кватэр дома №20 па вуліцы Школьнай у Коньках Марыя Камянец.  Аднак  жанчына не задаволена тым, што работнікі камунгаса так да канца і не выканалі свае абяцанні: да  15 ліпеня зрабіць прамыўку водаправода ў падвале і кватэры.
І яшчэ пра эфектыўнасць станцый абязжалезвання, адсутнасць якіх, па словах Аляксандра Мядзвецкага, дрэнна ўплывае на якасць вады ў Адахаўшчыне, Ураджайнай, Каранеўшчыне, Падлессі, Задвор’і, Востраве, Галаўнінцах, Тальмінавічах і іншых населеных пунктах.  У Начы ёсць такая станцыя,  лічыцца, што працуе яна эфектыўна.  Праведзеныя, у тым ліку і райЦГіЭ, даследаванні, пацвярджаюць: вада ў норме.  Чаму тады ў аграгарадку скардзяцца: вада бывае  рыжай.
– Перыядычна, калі мыю інвентар, іржавы асадак відаць на сценках посуду, – гаворыць лабарант Начаўскай урачэбнай амбулаторыі Таццяна Шалік і дадае: – Вось у Русінавічах вада празрыстая.
Генадзій Герэза паведаміў,  што ў межах дзяржаўнай праграмы  «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016-2020 гады запланавана будаўніцтва 14 станцый абязжалезвання ў Ляхавіцкім раёне. Ён таксама запэўніў: у Ляхавіцкай ЖКГ распрацоўваюцца мерапрыемствы па папярэджанні пагаршэння якасці пітной вады, у прыватнасці –  перакладка сетак, замена арматуры, дадатковае абследаванне  водаправодаў і інш.
Што датычыцца воднага патоку, які перыядычна разліваўся насупраць дома №24 па вуліцы Цітовіча ў райцэнтры, то камунгас пасля крытычнай публікацыі прыняў меры, і ўцечка вады спынена.
А ў Начы  ўсё па-ранейшаму: калонка на вуліцы аграгарадка адключана, яма, выкапаная для рамонту, не засыпана, паціху зарастае бур’яном. Як толькі пройдзе дождж, вакол зноў  патоп… Дарэчы, ні ў адказе райжылкамунгаса, ні ў рэагаванні абласнога ўпраўлення  ЖКГ нічога і не прагучала наконт гэтай праблемы. Але красамоўней любых слоў фотафакт з аграгарадка Нача (здымак зроблены карэспандэнтам раёнкі  23 жніўня).
Дарэчы, у рэшце рэшт адрамантавана асенізацыйная машына, грамадзяне могуць зноў на платнай аснове заказваць  паслугі па адкачцы каналізацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *