GPON ідзе да вас

Сучасныя   тэхналогіі трывала ўвайшлі ў наша паўсядзённае жыццё. Літаральна з кожным днём іх становіцца больш, і закранаюць яны розныя сферы.  Электрасувязь  не выключэнне.

Здаецца,  зусім нядаўна заявіў  пра сябе стандарт  GPON – тэхналогія шырокапалоснага мультысэрвіснага доступу  па аптычным валакне. А ўжо 31 кастрычніка  ў краіне да паслугі  падключаны мільённы абанент. Згодна рэспубліканскай праграмы “Аптавалакно  ў кожны дом”, да канца 2020 года інтэрнэт і іншыя паслугі праз аптычнае валакно прыйдуць у кожны гарадскі шматкватэрнік. Тэхналогія GPON  упэўнена крочыць не толькі па  вялікіх гарадах, але  і паспяхова прабівае сабе шлях у райцэнтрах, у тым ліку і нашым.
Начальнік Ляхавіцкага  вузла электрасувязі Анатолій Лукашэвіч расказвае, што гэты   сучаснейшы высокатэхналагічны  прадукт, які  прапаноўваюць цяпер і мясцовыя  электрасувязісты,  дае надзвычай шырокія магчымасці. У першую чаргу,  паляпшаецца  якасць абслугоўвання. Важны плюс – больш высокая скорасць доступу  ў  інтэрнэт: да 50 Мбіт/с.  Для параўнання: пры звычайным медным кабелі максімальная скорасць дасягае 4 Мбіт/с. Яшчэ адна перавага – пашырэнне спектра дадатковых тэлефонных   сэрвісаў.
Пракладка валаконна-аптычнага кабелю ў кватэры  праводзіцца за кошт  уласных сродкаў “Белтэлекама”. Пасля таго, як у кватэры ўстаноўлена  аптычная разетка, электрасувязісты  падключаюць  спецыяльнае  абсталяванне, якое   выдаецца абанентам у карыстанне бясплатна.
Першымі  ў нашым раёне перавагі шырокамаштабнай мадэрнізацыі электрасувязі адчулі  на сабе  жыльцы  шматпавярховікаў па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры, а таксама дамоў № 1 і № 3 па вуліцы Кальцавой,  № 4 па завулку Фестывальным – усяго 760 кватэр. Пачаліся падрыхтоўчыя і асноўныя работы і ў шматкватэрніках так званай  другой  чаргі. Перавагі GPON да канца наступнага года паспеюць адчуць амаль у тысячы кватэр: літаральна ўсяго мікрараёна вуліцы Будаўнікоў, дамоў  № 9 і № 11 па вуліцы Гагарына, № 12 па вуліцы Мінскай, № 21 і № 23 па вуліцы Чкалава, усіх шматкватэрнікаў па вуліцы Арлоўскага. Астатнія трапляюць у трэцюю  чаргу.
Сярод найбольш папулярных у насельніцтва  навінак электрасувязі  для абанентаў сеткі GPON  Анатолій Лукашэвіч прыгадвае  пакет паслуг “Ясна”, што  ўключае  інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA,  высокаскорасны інтэрнэт (скорасць доступу ад     10 Мбіт/с) і безлімітную тэлефонную сувязь (усе званкі  па тэлефоне ў межах рэспублікі бясплатныя, за выключэннем  званкоў на сотавыя сеткі).  Гэта не толькі зручней, але і эканамічна  больш  выгадна: абаненты “Ясна” плацяць усяго 21 рубель за “ўсё ўключана”. Аплата  за паслугі, уключаныя ў пакет, праводзіцца на  адзін  асабовы  рахунак.
Галіна КАНЬКО.
Інфаграфіка БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *