Пра вагу рукзака і што ў дзіцяці на абед

Выкарыстана илюстрацыя

Што неабходна ведаць і рабіць дарослым, каб навучальны год стаў паспяховым для іх дзяцей? Якімі хваробамі часцей хварэюць хлопчыкі і дзяўчынкі і як паставіць надзейную заслону вірусам і інфекцыям?  Пра гэта і многае іншае –  у размове з раённым  урачом-педыятрам  Інэсай ДРАЗДОВІЧ.

– Гавораць, што большая частка дарослых хвароб родам з дзяцінства…

– Многія  праблемы са здароўем сапраўды закладваюцца ў дзяцінстве. Калі бацькі ўважлівыя да свайго дзіцяці і своечасова звяртаюцца за кваліфікаванай медыцынскай дапамогай, праблему са здароўем можна  выявіць загадзя.  І, хутчэй за ўсё, атрымаецца поўнасцю ці часткова яе вырашыць.

Бацькі падчас поўнага медыцынскага  абследавання іх 6-7-гадовага  дзіцяці могуць даведацца пра  наяўнасць у яго хваробы, пра якую  нават не падазравалі. Сумная  асаблівасць дзіцячых хвароб: яны праяўляюцца  значна пазней, чым пачынаюцца. Таму  вялікая верагоднасць іх заўважыць  менавіта  падчас  дыспансерызацыі.  Бацькам  трэба ведаць трывожныя сімптомы, якія дазваляюць  западозрыць, што нешта не так. Напрыклад, рэзкія прыступы хвалявання патрабуюць  кансультацыі неўролага; стомленасць пасля фізічнай нагрузкі, калі  дзіця скардзіцца на  моцнае сэрцабіцце, слабасць, можа гаварыць пра  праблемы  з сэрцам.  Нельга адкладваць візіт да педыятра пры неаднаразовых прыступах ванітаў,  скаргах на цяжар унізе жывата, рэзях пры мочаспусканні.

– На што яшчэ  бацькам неабходна звярнуць  пільную ўвагу?

–  Трэба ўважліва ставіцца да лячэння любых інфекцый, менавіта пасля іх стартуюць многія сур’ёзныя хранічныя захворванні, пры гэтым паражэнне органаў праяўляецца праз некалькі гадоў. Класічны прыклад – міякардыт: змяненні ў сэрцы фарміруюцца пасля недалечаных інфекцыйных захворванняў.

Трывожны факт: колькасць абсалютна здаровых дзяцей змяншаецца. Толькі  чацвёртая  частка з  5179 жыхароў Ляхавіцкага раёна ва ўзросце да 18 гадоў  мае  І групу здароўя. Да ІІ адносяцца  60, ІІІ – 13,6, ІV –1,4 працэнта.   Штогадовая дыспансерызацыя падрастаючага пакалення  дазваляе выяўляць паталогію ці схільнасць да захворванняў на ранніх стадыях, калі можна папярэдзіць ці не дапусціць перарастання ў хранічную форму. У раёне актыўна выкарыстоўваецца  надзвычай інфарматыўнае ультра-гукавое даследаванне  органаў брушной поласці,  шчытападобнай залозы.  Дзеці ў 6-гадовым узросце, а таксама 15-гадовыя юнакі абавязкова  праходзяць УЗІ  сэрца. Па структуры дзіцячых  захворванняў  на першым месцы хваробы органаў дыхання, на другім –   вачэй, на трэцім – органаў стрававання.

Дарэчы, адной з перадумоў распаўсюджвання  захворванняў органаў стрававання назаву праблемы з зубамі ў дзяцей. На жаль, сёння ў школах няма  стаматалагічных кабінетаў. Але гэта не азначае, што нашы дзеці засталіся без належнай стаматалагічнай  дапамогі. Кожны верасень напачатку навучальнага года такое абследаванне праводзіцца для ўсіх школьнікаў.

– Інэса Канстанцінаўна,  вашы парады бацькам, каб дзеці заставаліся здаровымі.

– Парада першая: вучыце трымаць спіну прама.  У многіх  школьнікаў-пачаткоўцаў  ужо дыягнастуюць  парушэнне  постаці. Часта праблемы з апорна-рухальным апаратам прыводзяць да парушэнняў зроку  і крывазвароту. Бацькі абавязаны паклапаціцца, каб  у дзіцяці было рабочае месца з добрым асвятленнем. Акрамя таго, неабходна сачыць за вагой  школьнага рукзака: у пачаткоўцаў яна не павінна  перавышаць   2 кілаграмы,  у 4-5 класах – 2,5, 6-7 – 3,5, у старшакласнікаў – 4,5.  Пры штогадовых прафілактычных аглядах выяўляюцца  пачатковыя  праяўленні дэфармацыі постаці.  У такіх выпадках  яшчэ можна дапамагчы простымі метадамі: фізіятэрапія, лячэбная фізкультура, плаванне.

Другая парада – правільнае харчаванне. Хранічныя захворванні страўнікава-кішачнага тракта фарміруюцца ў дзіцячым і падлеткавым  узросце. Каб пазбегнуць непрыемнасцей,  неабходна прывучыць дзіця  правільна, рацыянальна  і абавязкова  рэгулярна  харчавацца.  Напрыклад, на сняданак лепш з’есці кашу ці цэльназярнёныя шматкі з малаком, а таксама сыр, яйка, фрукты і арэхі. Гэтыя прадукты забяспечваюць высокую працаздольнасць на 3-4 гадзіны.  У перапынках паміж урокамі можна  паласавацца ёгуртамі, фруктамі. У абед карысны  суп. На вячэру можна з’есці агародніну, рыбу, мяса нятлустых сартоў, кісламалочную прадукцыю.  Апошні прыём ежы павінен быць не пазней за 2 гадзіны да сну.

Трэцяя парада – якасны і працяглы  сон. Дзеці ва ўзросце 6-12 гадоў павінны адпачываць не менш  за 8-10 гадзін, а старэйшыя рабяты –  не менш за  8 гадзін у суткі. З-за недасыпу  дзеці горш развіваюцца як разумова, так і фізічна,  пакутуюць   атлусценнем.

Важны складнік здароўя –  заняткі фізкультурай і спортам.  Але фізічную нагрузку дазіруйце. Калі вы  вырашылі аддаць  сына ці дачку ў спартыўную секцыю, абавязкова прайдзіце дасканалае абследаванне.

– Падкажыце, калі ласка, як засцерагчы дзяцей ад прастудных захворванняў?

– Рэспіраторнымі   і іншымі  віруснымі  інфекцыямі  дзіця хварэе на працягу года некалькі разоў. Здараецца, некаторыя бацькі  адпраўляюць сына ці дачку  ў школу з сімптомамі інфекцыі. Так рабіць ні ў якім разе нельга.  Перанесеная «на нагах» хвароба  падрывае дзіцячы імунітэт, таму наступны эпізод  будзе працякаць  цяжэй. Да таго ж  хворы  заражае сваіх аднакласнікаў. Самалячэннем  займацца не раю: неабходна абавязкова звярнуцца да ўрача.

Напярэдадні сезона прастуд трэба  паклапаціцца пра прышчэпку супраць грыпу. Дарэчы, менавіта прышчэпкі паспрыялі таму, што ліквідаваны многія вельмі небяспечныя інфекцыі. У нашай краіне распрацаваны  свой нацыянальны каляндар прышчэпак, куды  ўваходзіць вакцынацыя супраць віруса гепатыту В, туберкулёзу, дыфтэрыі, слупняку, адру, краснухі, коклюшу,  поліяміэліту. Перад прышчэпкай  урач абавязкова праводзіць медыцынскі агляд. Пры наяўнасці  вострага захворвання  ці абвастрэнні хранічнага  прышчэпка не робіцца.  Бацькам трэба ведаць: вакцына папярэджвае не толькі развіццё самой хваробы, але і  яе сур’ёзных і небяспечных ускладненняў. І гэта надзвычай  важны складнік здароўя дзіцяці.

Гутарыла  Галіна КАНЬКО.

Складнікі здароўя дзіцяці:

✓ правільная постаць,

✓збалансаванае харчаванне,

✓ нармальны сон,

✓ заняткі фізкультурай і спортам.

Пра іх павінны паклапаціцца бацькі.

2 thoughts on “Пра вагу рукзака і што ў дзіцяці на абед

  • 27/09/2017 в 18:07
    Permalink

    Некаторыя бацькі самі псуюць здароўе сваім дзецям. Кураць пры іх, ды яшчэ, каб малое не дакучала, сунуць яму пачак чыпсаў у рукі. Тое і маўчыць. Колькі назірала і такое: уздоўж дарогі на Баранавічы падлеткі бавяць час. Дарослых -ні аднаго.А потым нехта вінаваты…

  • 27/09/2017 в 21:10
    Permalink

    Не приучают к правильной пище, а потом гастриты и другие проблемы. А идут в школу, так ничего есть там не хотят.Как же, в садике и школе дают каши, супы, котлеты. А детям некоторых родителей эта пища не знакома

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *