Круглы стол «Каб мінус стаў плюсам»

Дэмаграфічная тэма абмяркоўвалася за «круглым сталом» «ЛВ». Пытанне актуальнае. Дэмаграфічную сітуацыю ў нашым раёне стабільнай не назавеш. Колькасць насельніцтва няўхільна змяншаецца. Прычын гэтаму нямала. Над шляхамі вырашэння праблемы разважалі намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца» Уладзімір УСЦЮШКОЎ, начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла ПАЛТАРАК, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна ТРЫСЦЕНЬ, урач-нарколаг райбальніцы Леанід ЛАПІЧ.

Уладзімір Усцюшкоў:
— У мінулым годзе паказчык смяротнасці на 1000 чалавек на Ляхавіччыне значна горшы, чым у краіне. Згодна крытэрыяў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, узровень смяротнасці большы за 15 працэнтаў лічыцца высокім. У нашым раёне гэты паказчык — 20,6. Сярод прычын смяротнасці — 54 працэнты складаюць хваробы сістэмы кровазвароту, па 14 працэнтаў — анкалагічныя хваробы і ўзрост, забіраюць жыцці і траўмы, аварыі, забойствы і г.д.
Святлана Юрлевіч:
— Высокая смяротнасць і нізкая нараджальнасць павялічваюць нагрузку на эканамічна актыўнае насельніцтва, сістэму аховы здароўя і сацыяльнай абароны. Па прагнозах пры існуючых тэндэнцыях да 2030 года на 1000 чалавек працаздольнага ўзросту будзе прыходзіцца 841 непрацаздольнага (у 2010 годзе гэты паказчык складаў 693 чалавекі)…
Уладзімір Усцюшкоў:
— Тым не менш, зрухі ў дэмаграфіі ёсць. Пра гэта сведчыць і статыстыка. Сёлета за 6 месяцаў на Ляхавіччыне памерла на 68 чалавек менш, чым за аналагічны мінулагодні перыяд. Каторы год запар не зарэгістравана выпадкаў дзіцячай смяротнасці. Што датычыцца прычын смяротнасці ў працаздольным узросце, амаль — 37 працэнтаў складаюць хваробы сістэмы кровазвароту, 22 працэнты — знешнія прычыны ( у тым ліку, 8 выпадкаў атручванняў і траўмаў, 7 суіцыдаў, 2 выпадковыя атручванні алкаголем), 8 працэнтаў — анкалагічныя хваробы. Аднак, ёсць і станоўчыя моманты: сёлета адзначаецца зніжэнне смяротнасці ўсіх узроставых груп насельніцтва, у тым ліку — з-за хвароб органаў стрававання, дыхання, кровазвароту.
Людміла Палтарак:
— І ўсё ж статыстыка трывожная: сёлета за 6 месяцаў на Ляхавіччыне нарадзілася 134 дзіцяці, а памерла 272 чалавекі (за адпаведны перыяд мінулага года — 130 і 327). Нараджальнасць у 2 разы меншая, чым смяротнасць.
Асабліва змяншаецца колькасць насельніцтва ў сельскай мясцовасці. За паўгоддзе ў Ганчароўскім сельсавеце не зарэгістравана ніводнага нараджэння. У горадзе карціна больш аптымістычная — 63 нараджэнні і 57 смерцяў.
Яшчэ адзін факт. Апошнім часам з’явілася «мода» быць маці-адзіночкай. З 268 неўмалят, якія нарадзіліся ў мінулым годзе, у 59 у пасведчанні аб нараджэнні ў графе «бацька» стаіць прочырк. Хаця многія маці-адзіночкі на самай справе жывуць разам з бацькам сваіх дзяцей. А такі статус атрымліваюць па меркантыльнай прычыне: ён дае магчымасць атрымліваць большую грашовую дапамогу, чым калі б дзіця нарадзілася ў шлюбе. Аднак, такая сітуацыя не спрыяе фарміраванню сямейных ідэалаў у сённяшняй моладзі.
Святлана Юрлевіч:
— Па прагнозах, пры захаванні цяперашняга ўзроўню нараджальнасці і смяротнасці, колькасць насельніцтва нашай краіны можа скараціцца ўдвая праз 50 гадоў. А гэта своеасаблівая «кропка невяртання», пасля якой дэмаграфічныя працэсы становяцца незваротнымі. Таму рашэнню дэмаграфічнай праблемы, клопату пра развіццё аховы здароўя, падтрымцы сем’яў надаецца ў Беларусі першаступенная ўвага.
Уладзімір Усцюшкоў:
— Яшчэ адна важная акалічнасць: смяротнасць у працаздольным узросце вышэй сярод мужчын, чым сярод жанчын. Толькі ад хвароб сэрца і сасудаў мужчыны паміраюць у 3,6 раза часцей — гэта біялагічны фактар. А што датычыцца сацыяльных аспектаў, мяркуйце самі: кіраўнікі ў нас, у асноўным, мужчыны. А, як вядома, кіраваць іншымі — гэта дадатковы ўзровень стрэсу і адказнасці. Традыцыйна пераважна мужчыны занятыя ў прафесіях, звязаных з небяспекай для жыцця (ваенныя, міліцыянеры, выратавальнікі), шкоднымі ўмовамі працы. Сярод загінуўшых у крымінальных і дарожна-транспартных здарэннях таксама большасць — мужчыны, бо іх паводзіны часцей звязаны са стварэннем сітуацыі павышанай рызыкі. Мужчыны значна больш, чым жанчыны, сябруюць з алкаголем і цыгарэтамі, што павялічвае рызыку памерці ад хвароб сэрца, сасудаў, лёгкіх. Да таго ж прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва больш сур’ёзна адносяцца да ўласнага здароўя, да выканання рэкамендацый урача. Мужчыны ў большасці наадварот адцягваюць наведванне медыцынскіх устаноў.
Дзіяна Трысцень:
— На Ляхавіччыне зараз пражывае 8040 чалавек пенсійнага ўзросту, і толькі 2381 з іх — мужчыны… Хачу адзначыць, што людзі пажылога ўзросту знаходзяцца пад асаблівым клопатам дзяржавы. За жнівень у цэлым па раёне выплачана пенсій на суму 14 мільярдаў 970 мільёнаў рублёў (за ліпень гэтая лічба склала 12 мільярдаў 709 мільёнаў рублёў). Розніца ў 2 мільярды рублёў тлумачыцца тым, што ў жніўні адбылося павелічэнне памераў пенсій.
Дапамагаюць ствараць належныя ўмовы жыцця людзям сталага ўзросту 100 сацработнікаў аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. Па стане на 1 жніўня такім відам дапамогі ахоплены 603 землякі (558 жывуць у сельскай мясцовасці), з іх 169 абслугоўваюцца бясплатна, 411 — на ўмовах частковай аплаты. У многіх выпадках сацыяльны работнік для састарэлага адзінокага чалавека становіцца той нітачкай, якая звязвае яго са светам, ён не толькі дапамагае па гаспадарцы, але і падтрымлівае, суцяшае, што вельмі важна і неабходна для пажылога чалавека.
Святлана Юрлевіч:
— Больш як 47 працэнтаў сёлета памерлых у нашым раёне злоўжывалі алкаголем. Менавіта алкаголь — адна з прычын таго, што паміраюць людзі далёка не пенсійнага ўзросту. Праблема алкагалізацыі насельніцтва стаіць асабліва востра. Яе вырашэнне — клопат многіх службаў і наогул — грамадства. У раёне распрацаваны мерапрыемствы па выкананні дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму. Сярод іх — работа міжведамаснага каардынацыйнага савета па пытаннях прафілактыкі п’янства, актыўная барацьба з самагонаварэннем і продажам спіртнога непаўналетнім, работа з неўладкаванымі сем’ямі і дзейнасць перасоўных наркалагічных пунктаў, фізкультурна-спартыўныя мерапрыемствы, заняткі ў спартыўных секцыях і гуртках. Лічу, што больш канкрэтнымі і актыўнымі павінны быць грамадскія арганізацыі, у тым ліку БРСМ. Патрабуе ўдасканалення і работа ўстаноў адукацыі, аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму, сацыяльных службаў па прапагандзе здаровага ладу жыцця, фарміраванні негатыўных адносін да шкодных звычак і г.д. У вырашэнні такой праблемы як алкагалізм не можа быць старонніх назіральнікаў.
Леанід Лапіч:
— Так, праблема сапраўды маштабная. На ўліку ў наркалагічным кабінеце знаходзіцца 1019 чалавек (у мінулым годзе — 940), з іх 189 — жанчыны. Але колькасць тых, хто злоўжывае спіртным, значна большая. Малодшаму з пастаўленых на ўлік —18 гадоў, старэйшаму — 74. Гэта людзі розных прафесій і сацыяльнага статуса. Даводзіцца канстатаваць, што не толькі каханню ўсе узросты падуладныя, але і схільнасці да алкаголю. Асабліва востра праблема п’янства і алкагалізму стаіць у сельскай мясцовасці. З пачатку года 323 чалавекі пралячыліся ад цягі да алкаголю ў аблпсіхбальніцы «Крывошын», 11 прымусова накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі (для аднаго з іх — гэта ўжо 5 ”візіт” ва ўстановы такога тыпу). Што датычыцца медыцынскай дапамогі, то брыгады «хуткай» выязджаюць да асоб з псіхічнымі расстройствамі, выкліканымі злоўжываннем алкаголю, ад 2 да 4 разоў у суткі.
Уладзімір Усцюшкоў:
— Як складальнік трывожнай дэмаграфічнай сітуацыі — абыякавасць людзей да ўласнага здароўя. Напрыклад, падчас дыспансерызацыі ці пярвічнага агляду выяўляецца нейкае захворванне, аднак пацыент адмаўляецца ад лячэння і далейшых візітаў да доктара, а хвароба тым часам прагрэсуе.
У мінулым годзе ЦРБ набыла такі неабходны медыцынскі рэнтгенапарат — перасоўны «пульмаскан», выязджаем у вёскі. А там медыкам даводзіцца за руку лавіць людзей, каб прайшлі абследаванне. Тым не менш, медыкі не здымаюць з сябе адказнасці за стан здароўя насельніцтва. Праблемы, якія сёння існуюць у сістэме аховы здароўя раёна: кадравы дэфіцыт (хаця сёлета на работу ў наш раён па размеркаванні прыехалі шасцёра маладых урачоў), недахоп сучаснага дыягнастычнага абсталявання.
У нашай краіне шмат робіцца, каб медыцына была эфектыўнай. Адкрываюцца новыя ўстановы аховы здароўя, бальніцы і паліклінікі атрымліваюць новае абсталяванне, распрацоўваюцца сучасныя методыкі лячэння, выдзяляюцца значныя сродкі на фінансаванне галіны аховы здароўя. Усё гэта датычыцца і Ляхавіччыны. Апошняе пацвярджэнне — маштабная рэканструкцыя і будаўніцтва новай паліклінікі ў райцэнтры. Але чалавек і сам павінен памятаць, што яго здароўе ў многім залежыць ад яго самога.
Матэрыялы «круглага стала»
падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *