З Ляхавіч у Клецк праз… Нясвіж

Народная мудрасць сцвярджае, што лепш дрэнна ехаць, чым добра ісці. І гэта, напэўна, пацвердзяць пасажыры, якія прыязджаюць у Ляхавічы і далей накіроўваюцца на Сіняўку, Клецк. А ў касе мясцовай аўтастанцыі гучыць: на Клецк аўтобусаў няма. У рэдакцыю «ЛВ» неаднаразова звярталіся чытачы з такой праблемай. Каб з нашага райцэнтра дабрацца да Клецка, неабходна зрабіць падарожжа ў Нясвіж і адтуль узяць білет да патрэбнага пункта. На гэта спатрэбіцца цэлы дзень. Так, ёсць дызель, але ён ходзіць толькі раніцай і ўвечар. На Ляхавіцкай аўтастанцыі растлумачылі, што павінны забяспечыць даезд да населеных пунктаў у радыусе 3 кіламетры. Аднак, і ад праблемы пасажыраў, як даехаць да Клецка — каб і зручна, і хутка — не адмахнешся.
Дарэчы, існуе праблема і з графікам руху гарадскога аўтобуса. У выхадныя дні з бальніцы, куды прыехаў на фізіяпрацэдуры, да доктара, на лячэнне ў дзённы стацыянар, неабходна так палячыцца, каб паспець вярнуцца рэйсам у 9.44 ці давядзецца чакаць да 12.34. Амаль тры гадзіны перапынак, і гэта ў самы «актыўны» час. Добра, зараз надвор’е спрыяе, а як быць зімой? Не ва ўсіх ёсць уласны транспарт. І што б ні гаварылі пра пустыя аўтобусы ў першай палове дня, усё гэта ў выхадныя, з улікам работы дзённага стацыянара і водпуску фізіяпрацэдур, — не для зручнасці людзей.
І яшчэ. Ходзіць па райцэнтры маршрутнае таксі. Але яно цалкам паўтарае маршрут гарадскога аўтобуса. Чаму б яму ні курсіраваць па такім напрамку, як год назад — па вуліцы Дзесюкевіча. Раніцай яно карысталася папулярнасцю і ў школьнікаў, і ў настаўнікаў, і ў медработнікаў. Было вельмі зручна ўсім пражываючым у раёне малочнага завода, вуліцы Юбілейнай пад’язджаць непасрэдна да месца вучобы, працы.
А яшчэ хацелася б, каб не выходзячы з дому, праз інтэрнэт, мы, ляхавічане, маглі заказаць ці купіць білет на неабходны міжгародні маршрут. Актуальнасць новаўвядзення відавочная. Людзям не трэба спяшацца на аўтавакзал, стаяць у чарзе.
Хацелася б, каб графік руху аўтобуса быў зручны для пасажыраў. Тым больш, што многае робіцца для гэтага ААТ «АП г. Баранавічы». Кожны дзень ад Ляхавіцкай аўтастанцыі ад 45 да 54 аўтобусаў вязуць людзей у розных напрамках. У выхадныя дні курсіруе экспрэс у Баранавічы прама на рынак. Пачалася рэканструкцыя будынка аўтастанцыі. Змены адбываюцца. І, хочацца спадзявацца, далейшае развіццё перавозак будзе накіравана на больш поўнае і своечасовае задавальненне патрэб насельніцтва ў перамяшчэнні, павышэнне якасці і культуры абслугоўвання пасажыраў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *