Гасцінна прымаў Камянец перадавікоў жніва на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2012». Ляхавіцкія адрасы там гучалі 10 разоў

Кіраўнік Брэстчыны Канстанцін Сумар уручае Ганаровы дыплом старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Дзмітрыю Бурдуку: сярод раёнаў вобласці Ляхавіцкі заняў другое месца ў спаборніцтве на жніве.

У верасні спаборнічаюць яркасцю фарбаў пачырванелыя гронкі рабін і феерверк восеньскіх кветак. Камянецкі гарадскі пейзаж пераўзышоў па маляўнічасці самыя смелыя чаканні: абноўлены ў час падрыхтоўкі да абласных «Дажынак» райцэнтр, бы імяніннік, сустракаў гасцей са ўсёй Брэстчыны. Галоўныя героі дня — пераможцы абласнога спаборніцтва на жніве. Іх шчыра, з непадробным захапленнем вітала Камянеччына. Традыцыйнае шэсце да галоўнай сцэны свята патанала ў авацыях, віншаваннях, шчырых усмешках, а дэлегацыі Ляхавіцкага раёна — асабліва: герояў жніва з караваем і песнямі суправаджала галасістая навасёлкаўская «Вечарніца».
Дажынкі — заключны акорд жніва, і прагучаў ён на Брэстчыне гучна і ўрачыста. Словы падзякі і шанавання адрасаваў усім, хто працаваў на важкі каравай заўзята, адказна, сумленна, старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар. Хлебаробы вобласці намалацілі 1 мільён 374 тысячы тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 39 цэнтнераў з гектара (летась — 32,3). Самай высокай ураджайнасцю вызначыўся Ляхавіцкі раён — 49 цэнтнераў з гектара, за ім ідуць Баранавіцкі (45,6), Камянецкі і Бярозаўскі (па 42,9). Звыш 2 тысяч тон зерня намалацілі 19 збожжаўборачных экіпажаў Брэстчыны, больш тысячы тон — 451. Стараліся ўсе, пераможцамі абласнога спаборніцтва сталі лепшыя.
Віцэ-прэм’ер Анатолій Калінін адзначыў, што Брэстчына — лідар рэспубліканскага спаборніцтва на жніве. Такі вынік дае права для гонару. Шанаванне, хлебаробы!
Старшыня аблвыканкама ўручыў узнагароды пераможцам працоўнага саперніцтва. Непаўторна радасныя пачуцці, у якіх і гонар за дасягненні, і ўдзячнасць перапаўняюць сэрца, — у першай жа намінацыі гучыць: Ляхавіцкі раён. На галоўную сцэну абласных «Дажынак» паднімаецца старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, які прымае з рук Канстанціна Сумара Ганаровы дыплом: сярод раёнаў Ляхавіцкі заняў другое месца — за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур у 2012 годзе.
Абсалютным лідарам абласнога спаборніцтва на жніве сярод сельскагаспадарчых арганізацый стаў СВК «Шлях новы». Кіраўнік вобласці ўручыў Ганаровы дыплом пераможцы старшыні гаспадаркі Аляксандру Вашчуку. Дарэчы, Аляксандру Мікалаевічу было дадзена ганаровае права адкрыць свята — падняць сцяг абласных «Дажынак». Ведай нашых!
І гэта былі не адзіныя для ляхавічан узнагароды. У ганаровай намінацыі сярод уборачных экіпажаў сельгасарганізацый першае месца — у нашых землякоў з ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс»: экіпаж у складзе старшага камбайнера Андрэя Юруця і камбайнера Юрыя Сяргея добра вядомы не толькі ў сваім раёне — ва ўсёй Брэстчыне. У гэтай жа намінацыі другое месца ў слаўнага экіпажа з СВК «Ляхавіцкі»: старшы камбайнер Аляксандр Юнік і камбайнер Сяргей Казакевіч і сёлета папоўнілі скарбонку заслужаных узнагарод — на «Дажынках-2012».

Нашы — ляхавіцкія — пераможцы абласнога спаборніцтва на жніве.

Прыемна, што і сярод маладзёжных экіпажаў-уборачнікаў — наш ляхавіцкі: старшы камбайнер Аляксандр Шастак з ДП «Нача» «узяў» другое месца сярод маладых удзельнікаў жніва Брэстчыны.
Першым на адвозцы зерня стаў і вадзіцель з ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» Васілій Плескацэвіч. Да выдатнага выніку яго «прывязлі» паўнагрузныя сотні кіламетраў ад жніўнага поля да элеватара на аўтамабілі ЗІЛ-554-М. А вадзіцель Генадзій Андрыеўскі з СВК «Жарабковічы» — на трэцім месцы абласнога спаборніцтва.
Першае і трэцяе месцы п’едэстала гонару сярод машыністаў КЗС таксама маюць жарабковіцкі адрас: Андрэй Свінабурка стаў абсалютным лідарам, а Раман Панічаў удастоены трэцяга месца.
Удзельнікі абласных «Дажынак» шчыра віталі і галоўнага агранома СВК «Ляхавіцкі» Івана Вітко, які стаў пераможцам у спаборніцтве сярод галоўных аграномаў Брэстчыны. А выдатны вынік, дасягнуты на жніве сельгаскааператывам, які шмат гадоў узначальвае Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вітко, забяспечыў СВК удзел у рэспубліканскіх «Дажынках». Там жа Ляхавіччыну будзе прадстаўляць і вадзіцель райаграсэрвісу Юрый Сяргей. Па працы — пашана!

…А Камянец фестываліў. І для старадаўняй вежы, якая была сведкай многіх гістарычных падзей, гэта свята — асаблівае. Шыкоўны кірмаш, святочны канцэрт, кірмаш рамёстваў, выстава беларускай кухні, работа палявой — здавалася, увесь райцэнтр стаў вялікай канцэртна-выставачнай пляцоўкай. І ўсё гэта ў гонар хлебаробаў, у імя хлеба, які нездарма лічыцца сінонімам жыцця. Хлеб на Брэстчыне ўрадзіў на славу, і хлеб Ляхавіччыны ў агульным намалоце даволі важкі.
Сёлетняе жніво стала гісторыяй, а наперадзе — жніво-2013: дзеля яго будуць працаваць людзі, чыя прафесія — вырошчваць хлеб.
Вольга БАРАДЗІНА.
На здымках: незабыўныя фрагменты свята.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

One thought on “Гасцінна прымаў Камянец перадавікоў жніва на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2012». Ляхавіцкія адрасы там гучалі 10 разоў

  • 11/09/2012 в 17:44
    Permalink

    Так держать!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *