Слова пра настаўніка

Напярэдадні Дня настаўніка «ЛВ» сумесна з аддзелам адукацыі, спорту  і турызму райвыканкама аб’явілі творчы конкурс – запрасілі ўсіх  жадаючых прызнацца ў любві сваім дарагім, шаноўным і любімым педагогам.
Цёплыя шчырыя словы ляцелі на электронную пошту раёнкі з усіх куткоў Ляхавіччыны.  Сёння ўвазе чытачоў «ЛВ» – вытрымкі з лепшых творчых работ.
Для кожнага чалавека першым і галоўным настаўнікам з’яўляецца матуля. З першых гадоў жыцця яна вучыць нас хадзіць, трымаць лыжку, гаварыць. Бацькі з самага маленства вельмі моцна ўплываюць на наша жыццё. Яны сеюць разумнае, светлае, добрае, імкнуцца выхаваць нас сапраўднымі людзьмі. Дарэчы, мая мама па прафесіі таксама настаўнік. Мой самы любімы настаўнік!
Я вучуся ў адзінаццатым класе гімназіі. За плячыма – амаль усё школьнае жыццё. Ёсць што ўспомніць. А ўспаміны ў мяне самыя яркія.
…Верасень 2007 года. Першая лінейка, першы званок і, канешне, першая настаўніца. Я на ўсё жыццё запомню нашу з Вамі сустрэчу, Наталля Уладзіміраўна. Увесь клас, 21 пара нясмелых вачэй, гледзячы ў Вашы светлыя, шэрыя, шчырыя вочы адразу знаходзілі ў іх спакой і ўпэўненасць у тым, што ўсё будзе добра. Як цяпер, помніцца мне наш калаж, дзе самая вялікая папяровая далонь у цэнтры, а вакол шмат маленькіх ручак. Я з упэўненасцю і дакладнасцю магу сказаць, што Лук’янчык Наталля Уладзіміраўна – гэта лепшы настаўнік пачатковых класаў. Толькі яна можа іграць, здаецца, на ўсіх музычных інструментах. Толькі яна спявае так, што ажно сэрца замірае. Гэты чалавек можа супакоіць і зацікавіць самае непаслухмянае дзіця. За чатыры гады пачатковай школы мы паставілі столькі спектакляў, выканалі столькі песень і танцаў, што зараз усе і не ўспомніш. Наталля Уладзіміраўна развівала нас усебакова. Клапацілася яна і пра наша здароўе. Шматлікія спартландыі і паходы аб’ядналі нас, зрабілі адной сям’ёй. Гэта сям’я жыве і сёння. Дзякуючы Наталіі Уладзіміраўне, мы навучыліся цаніць сяброўства. І, канешне, на працягу ўсёй пачатковай школы нас суправаджала самая прыгожая, самая яркая, добрая і шчырая ўсмешка маёй любімай першай настаўніцы.
А затым была сярэдняя школа. Тады здавалася, што гэта ўжо зусім дарослае жыццё, што ўсё дазволена. Як добра, што мы трапілі да Святланы Вікенцьеўны Ермаковіч. Яна  даволі строгі настаўнік і тым не менш любімы. Яна заўсёды вучыла быць, як мушкецёры: «адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго!» У памяці застануцца словы, якія яна сказала нам напрыканцы сёмага класа: «Вы толькі не хвалюйцеся, я заўсёды буду вашым анёлам-ахоўнікам». Для мяне Святлана Вікенцьеўна стала асобым чалавекам. Гэта мая другая мама, мой сябра, мой дарадчык. Гэта яна прывяла мяне ў свет беларускай мовы і літаратуры. Усе мае перамогі і дасягненні атрымаліся, дзякуючы ёй. Святлана Вікенцьеўна дапамагла сустрэцца і пазнаёміцца з таленавітымі і адукаванымі людзьмі. Яна вучыць нас не толькі свайму прадмету, яна вучыць нас жыццю, вучыць заўсёды заставацца чалавекам і не губляць сваёй непасрэднасці. Я вельмі рада, што ў маім жыцці ёсць такі недзейны таварыш – мая любімая настаўніца беларускай мовы і літаратуры.
Кацярына Козел,
вучаніца 11 «Б» класа гімназіі.
Я помню яго рукі. Коратка пастрыжаныя пазногці, на ўнутраным баку далоняў –  мазалі, на тыльным – глыбокія маршчыны. Вы падумалі, што я апісваю рукі свайго таты ці дзядулі? Не. Гэта былі рукі майго першага настаўніка. Яны сагравалі нас у сцюдзёныя зімы, захіналі ад сонца ў спякотныя дні, ласкава загладжвалі ранкі на абадраных дзіцячых каленках.
А з якой пяшчотай прынімалі гэтыя рукі першага верасня кветкі! І ў знак удзячнасці гладзілі нашыя дзіцячыя галоўкі. Я і зараз адчуваю цяпло яго пяшчотных, зусім не мужчынскіх рук, змучаных цяжкай вясковай працай.
А якая душа была ў майго настаўніка! Якое сэрца павінна быць у чалавека, каб аддаваць столькі цяпла, увагі, дабрыні сваім вучням. Заўсёды спакойны, ветлівы, ён без цяжкасцей знаходзіў сцяжынку да сэрцаў дзяцей. Я цяпер разумею, як яму было цяжка: кожны дзень пераадольваць 16 кіламетраў шляху да работы (з Куршынавічаў у Старыя Буды), адначасова вучыць чатыры класы, знаходзіць падыход да зусім розных і па характары, і па паводзінах дзяцей.
Школьныя гады. Яны запомніліся мне на ўсё жыццё. Дзякуючы майму настаўніку, я сама стала настаўніцай. Пазнала радасць і цяжкасць працы, любоў да чужых, не, не да чужых, да сваіх дзяцей.
Яго даўно ўжо няма. І ён не зможа прачытаць маё пісьмо. Але гэта пісьмо,  я спадзяюся, прачытаюць сотні яго вучняў.
Дзякую Вам, дарагі мой настаўнік – Гадун Яўгеній Яўгеньевіч. І даруйце, што так позна.
Эмілія Федаровіч, настаўніца    пачатковых класаў Тальмінавіцкай СШ.

Мне пашчасціла сустрэць у сваім  школьным жыцці  педагога, пра якога з гонарам і ўдзячнасцю гавару: «Мой любімы настаўнік!». Трэці год у нашым нешматлікім, але вельмі дружным сёмым класе ўрокі рускай мовы і літаратуры выкладае Жыткевіч Валянціна Міхайлаўна. Да таго ж, Валянціна Міхайлаўна – наш класны кіраўнік. Абаяльная, справядлівая, дасведчаная, здаецца, ва ўсіх пытаннях, яна захапляльна вядзе нас па моры ведаў. Дыктанты і сачыненні, водгукі і прэзентацыі, падарожжы і дыскусіі… На ўроках Валянціны Міхайлаўны ніколі не бывае сумна.

Андрэй Лузянін,  вучань 7 класа Конькаўскага ДС-СШ.

Мой любімы настаўнік Карчэўскі Рыгор Мікалаевіч вядзе ўрокі фізічнай культуры і здароўя, многія спартыўныя секцыі (валейбол, футбол). З ім ніколі не бывае сумна або нецікава. На секцыях і ў гуртках занятая большасць вучняў нашай школы. Я здзіўляюся, як ён усё паспявае. Большую частку свайго жыцця Рыгор Мікалаевіч праводзіць менавіта ў школе.

Ён не стамляецца ад працы. Яго вучні часта  становяцца прызёрамі і пераможцамі ў розных спартыўных спаборніцтвах,  спартакіядах.  Дзякуй Вам, дарагі настаўнік!

Ілона Ясюкевіч, вучаніца 11 класа Тальмінавіцкай СШ.

У кожнага ў жыцці ёсць менавіта той адзіны настаўнік, які дапамог самарэалізавацца, запаліў агеньчык цікавасці да асабіста любімага вучэбнага прадмета.  Для мяне такім настаўнікам з’яўляецца Святлана Мікалаеўна Дубіна, якая выкладае беларускую мову і літаратуру. Святлана Мікалаеўна змагла паказаць мілагучнасць, пявучасць, чароўную сілу роднага слова. Не раз пераконваюся ў тым, што сапраўдны настаўнік павінен умець знайсці падыход да кожнага дзіцячага сэрца, умець разумець кожнага вучня, як Святлана Мікалаеўна знайшла яго да майго. Як вынік – неаднаразовыя перамогі на раённай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры і атрыманне дыплома на абласной алімпіядзе па гэтым жа прадмеце.

Святлана Мікалаеўна вучыць нас не толькі свайму прадмету, якім добра валодае, але і патрыятызму, шчырасці, сумленнасці, міласэрнасці, ветлівасці.

Часта думала, колькі ж цярпення трэба мець, каб працаваць з вучнямі, раіць, песціць, усяляць надзею. Ці змагла б я так? І кожны раз разумею, што трэба мець высокія маральныя якасці, жаданне працаваць, здольнасць да творчасці, актыўную жыццёвую пазіцыю і, бясспрэчна, сапраўдны талент.

Кацярына Дыдышка, вучаніца 10 класа Ліпскай СШ.

Мая першая настаўніца строгая, але справядлівая. Валянціна Міхайлаўна Домаш, нібы член нашай сям’і: была першай настаўніцай і ў майго хроснага Дзімы. Валянціна Міхайлаўна вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі чытаць, лічыць і пісаць. Самае галоўнае – яна навучыла нас паважаць адзін аднаго, сябраваць, быць адказнымі і працавітымі, вясёлымі і актыўнымі ў школе. Вельмі добра памятаю нашы паходы ўсім класам! А яшчэ яна з першага класа прывівала нам любоў да ведаў. Зараз я стараюся добра вучыцца і радуюся, што менавіта Валянціна Міхайлаўна, выдатны чалавек і педагог, прывяла мяне ў свет ведаў.

Карына Галавін,  вучаніца 7 класа Навасёлкаўскай СШ.

Хачу расказаць пра сваю першую настаўніцу. Так атрымалася, што вяла мяне па краіне ведаў мая мама – Азімка Таццяна Канстанцінаўна. З гонарам магу сказаць, што яна самы лепшы настаўнік! Да сваёй работы адносіцца адказна, чаму вучыць і мяне. У школе яе паважаюць. Дома яна пяшчотная і клапатлівая матуля.

Маміны ўрокі заўсёды ўспамінаю з заміраннем сэрца. Нават  «сухое» заданне яна ўмее ператварыць у пазнавальную гульню, усе нашы няўдачы і промахі паказаць як жыццёвую перашкоду, якую можна перасягнуць і ўзяць з яе ўрок.

Я пастараюся быць падобнай на маю першую настаўніцу і вельмі хачу, каб яна ганарылася мною.

Ульяна АЗІМКА, вучаніца 9 класа Тальмінавіцкай СШ.

Таццяну Аляксееўну Котаву, настаўніцу матэматыкі, без перабольшання  магу назваць сваёй другой мамай. Яна добрая і адначасова строгая, светлая і адкрытая, патрабавальная і разумеючая. Гэта чалавек вялікай душы і сэрца. Таццяна Аляксееўна адразу адчувае, калі ў нас, вучняў,  узнікаюць нейкія праблемы ў школе, са здароўем ці проста ў стасунках з сябрамі. На яе ўроках мы  атрымліваем не толькі веды па прадмеце, але і важнейшыя жыццёвыя ўрокі дабра, справядлівасці, прыстойнасці. І заўсёды бачым Таццяну Аляксееўну ў добрым настроі. Яна зараджае сваёй энергіяй і пазітывам.

Мацвей ЗЕЛЯНЕЎСКІ, вучань 9 класа Востраўскай СШ.

Р аніцай у першую нядзелю   кастрычніка віншую маму –  яна ў мяне таксама настаў-ніца. І кожнаму з настаўнікаў школы, у якой вучуся ўжо дзясяты год, хачу сказаць шчырае і добрае «дзякуй».
Трохі хвалююся: што скажу Ёй – самай добрай, прыветнай і муд-рай – Галіне Сігізмундаўне Бунель. Менавіта яна адкрыла нам свет цудоўнай навукі біялогіі. З ёй мы навучыліся не толькі ўважліва слухаць, правільна працаваць з падручнікам, ставіць доследы і выконваць практычныя работы. Мы навучыліся бачыць і любіць свой родны край, яго непаўторную прыроду, раслінны і жывёльны свет,  мы навучыліся любіць Радзіму, нашу сінявокую Беларусь.
Чалавек яна сціплы, а вось пра поспехі сваіх выхаванцаў, былых і сённяшніх, можа апавядаць гадзінамі. Для Галіны Сігізмундаўны мы не толькі вучні, але і аднадумцы, парт-нёры ў сумесным набыцці ведаў.
Нездарма, дзякуючы яе падтрымцы, мудраму кіраўніцтву, я стала займацца навукова-даследчай работай. І ёсць добрыя вынікі – дыплом 3-й ступені ў вобласці. А яшчэ мы ўдзельнічалі ў конкурсе «Квітней, мой лес!». І там вынікі паспяховыя – другое месца ў рэспубліцы!
Усё гэта не толькі мяне датычыцца. Былыя вучні нашай школы: Сакалоўская Ю., Глобаж Д., Махнач А., Жаўнярэвіч Д. і многія іншыя таксама могуць ганарыцца сваімі поспехамі і тым, што ім пашчасціла вучыцца ў Галіны Сігізмундаўны.
З узнагарод Галіны Сігізмундаўны Бунель можна стварыць маленькі музей. Але ў яе іншае ўяўленне аб музеях. Экспанаты кабінета біялогіі – прыгожыя кветкі і расліны, якія яна вырошчвае разам з намі, гербарыі. А яшчэ настаўніца прымае актыўны ўдзел у азеляненні школы і прышкольнай тэрыторыі, займаецца летняй працоўнай практыкай вучняў.
Не памятаю выпадку, каб яна накрычала на каго-небудзь, зняважыла. І, ведаеце, побач з такім чалавекам хочацца і самім неяк падцягнуцца, паводзіць сябе больш абачліва.
Якія цікавыя прэзентацыі ў яе атрымліваюцца! А якія захапляльныя мерапрыемствы праводзім мы з Галінай Сігізмундаўнай у шосты школьны дзень!
І хоць гады ляцяць, як птушкі, і ўжо колькі дзесяцігоддзяў пралягло паміж выпускніцай біялагічнага факультэта і ўсімі паважаным педагогам, твар у маёй любімай настаўніцы па-дзявочы малады, вочы іскрыстыя і, нават, лёгкія маршчынкі – сведкі пражытага надаюць Галіне Сігізмундаўне не столькі сталасці, а, здаецца, яшчэ больш упрыгожваюць яе.
Няма ў маёй настаўніцы любімчыкаў сярод вучняў. У кожным з нас яна бачыць перш за ўсё асобу, якая патрабуе і ўвагі, і павагі.
Галіна Сігізмундаўна добра адчувае тую нябачную мяжу, якая праходзіць паміж патрабавальнасцю і ўладарнасцю. Да яе ўрокаў вучні заўсёды рыхтуюцца, бо сорамна не ведаць тэму не толькі перад настаўніцай і аднакласнікамі, але і перад самім сабой.
Ад вынікаў працы настаўніка залежыць і тое, якім будзе наша грамадства заўтра. І толькі тыя настаўнікі, для якіх педагагічная праца – прызванне, застануцца ў нашай памяці назаўсёды. Тыя людзі, якія змаглі дастукацца да нас нават тады, калі мы іх не слухалі. Як мая любімая выкладчыца біялогіі Галіна Сігізмундаўна Бунель.
Дарагая мая настаўніца! Гэтыя восеньскія кветкі – Вам. І гарачая ўдзячнасць – таксама Вам. І бясконцая павага і любоў – гэта ўсё Вам. І мой, не вельмі дасканалы верш – зноў-такі Вам.
Пакінуўшы дома турботы,
З партфелем падзей і адкрыццяў
Прыходзіце Вы на работу
Да твараў дзіцячых і жыццяў.
Турбуе адно: не спазніцца!
Бо час надта хутка бяжыць.
І новае сказаць не забыцца,
І старое ў час паўтарыць.
Скажу Вам вялікае “дзякуй!”
І нізка схілю галаву.
Паверце: не толькі за вашы адзнакі
Пяю я Вам сёння хвалу!
Дар’я Каляда,
вучаніца 10 класа Жарабковіцкай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *