А вы памятаеце пра такі важны дзень?

Мінулы панядзелак выдаўся не самым сонечным і далёка не цёплым. А чаго чакаць ад надвор’я, калі на календары ўжо 9 кастрычніка? Тым не менш, знайшлася надзвычай цёплая і вельмі светлая нагода расквеціць і гэты дзень: у Беларусі пачаўся   Тыдзень маці. Яго шматлікія мерапрыемствы папярэднічаюць Дню маці, што будзе адзначацца ў бліжэйшую суботу, 14 кастрычніка.
Па ўсёй краіне на гэтым тыдні запланаваны ўрачыстыя прыёмы, круглыя сталы, ушанаванні, дабрачынныя акцыі. Усё гэта і многае іншае заклікана нагадаць: мама – самы дарагі чалавек для кожнага, а клопат пра жанчыну і сям’ю ў Беларусі – справа дзяржаўнай важнасці.
На Ляхавіччыне Тыдзень маці таксама ў цэнтры ўвагі зацікаўленых службаў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў.  План мерапрыемстваў – шырокі.
Пракансультавацца па пытанні дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, нашы зямлячкі змогуць падчас прамой тэлефоннай лініі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама  13 кастрычніка.
Пра сям’ю і дапамогу
13 кастрычніка 2017 года з 10.00 да 12.00 начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ляхавіцкага райвыканкама Калбаса Леанід Іосіфавіч правядзе прамую тэлефонную лінію на тэму «Рэалізацыя Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей». Пытанні можна задаваць па тэлефоне 2-14-45.
Прадстаўнікі райвыканкама гэтымі днямі наведаюць маці, чые дзеці загінулі ў мірны час пры выкананні службовых абавязкаў.
Медыкі правядуць кансультацыі для жанчын па пытаннях аховы здароўя, а прадстаўнікі раённай арганізацыі «Белая Русь» падрыхтавалі падарункі для жыхарак раёна, якія народзяць дзяцей
14 кастрычніка, і гатовы ўручыць гэтыя падарункі  прама ў Баранавіцкім радзільным доме.
Дабрачынную акцыю «Міласэрнасць» праводзяць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа. У цэнтры ўвагі – адзінокія жанчыны шаноўнага ўзросту, якія зараз знаходзяцца ў аддзяленні сястрынскага догляду Крывошынскай участковай бальніцы і Ганчароўскім доме сумеснага пражывання пажылых людзей.
У ТЦСАН збяруцца і ўдзельніцы школы маладых бацькоў, каб абмеркаваць асноўныя запаведзі здаровай сям’і. Раённая купалаўка напярэдадні Дня маці правядзе літаратурна-музычны вечар, а гарадскі Дом культуры –  арыгінальныя і цікавыя майстар-класы па ўпрыгожванні кандытарскіх вырабаў і цырульным майстэрстве. Урачысты канцэрт у ГДК стане падарункам для ўсіх ляхавічанак.
Традыцыйна актыўна рыхтуюцца да свята школьнікі і дзетсадаўцы. Ва ўстановах адукацыі арганізаваны фотавыстаўкі і выстаўкі дзіцячай творчасці, конкурсы сачыненняў, кніжныя экспазіцыі, акцыі «Падарунак любімай маме», праходзяць тэматычныя класныя гадзіны і канцэрты.  Рабяты з дапамогай педагогаў афармляюць насценгазеты, рыхтуюць літаратурныя кампазіцыі і, канешне, святочныя ранішнікі, на якія ад душы запросяць сваіх самых дарагіх і любімых матуль.
Рыхтуюцца адзначыць свята і многія працоўныя калектывы.
А вы памятаеце пра мамін дзень?
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Падзялiцца:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *