Коласаўскія чытанні. 3 лістапада спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння славутага сына беларускай зямлі

Што характарызуе майстра? Магчыма, стаўленне да   працы – глыбокае, з любоўю, і важна, каб ашчаднае, прапушчанае праз сэрца. Можа яшчэ прызнанне,   вядомасць і аўтарытэт? Мае рацыю і гэта. Але, здаецца, яшчэ адна рэч прэтэндуе на першынство ў гэтых разважаннях – вечнасць, актуальнасць і патрэбнасць людзям.
Такі быў і ёсць Якуб Колас, яго талент і праз сотню гадоў прымушае літаральна зачытвацца празаічнымі творамі, паэтычнымі шэдэўрамі, а п’есы, што ставяцца на розных сцэнах краіны, заўсёды знаходзяць свайго шматлікага гледача. На пачатку кастрычніка тэатральны калектыў гарадскога Дома культуры паставіў малавядомую п’есу «Антось Лата» класіка беларускай літаратуры і зацікавіў гледачоў, засяродзіў  іх увагу на праблемах, даў нагоду для разваг. Пра гэта сведчыць шмат водгукаў, якія  давялося пачуць пасля спектакля    (гл. «ЛВ» ад 21 кастрычніка 2017 года).
Вось ён, майстар, незалежна ад часу – жыве сярод нас. Праз кніжныя старонкі вучыць, падказвае, накіроўвае, нагадвае пра тое, што часта ў мітусні дзён застаецца па-за межамі ўвагі, пра такую важную для кожнага акалічнасць, як любоў да месца, што  заўсёды будзе родным,  – да Бацькаўшчыны.
Паслязаўтра спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння славутага сына беларускай зямлі. У гонар чалавека,  які на ўвесь свет заявіў, што ёсць такі народ – беларусы, які паставіў беларускую літаратуру ў адзін рад з лепшымі ўзорамі  сусветнай, па ўсёй краіне гэтымі днямі праходзяць шматлікія выстаўкі, чытанні, вечарыны.
Дзень нараджэння класіка   3 лістапада тэлеканал «Беларусь-3» адзначыць тэматычным эфірам, у якім будзе і  мастацкі фільм «Першыя выпрабаванні» па матывах вядомай трылогіі «На ростанях», спектакль «Сымон-музыка», сустрэча з сынам і ўнучкай паэта і традыцыйнае ўжо чытанне вершаў у выкананні артыстаў тэатра і кіно. На радзіме Якуба Коласа ў Стаўбцоўскім раёне адбудзецца свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «То – водгулле душы паэта».
Не застанецца без увагі 135-годдзе песняра і на Ляхавіччыне.
3-4 лістапада ў бібліятэках горада  і раёна чытачоў чакае шмат цікавых сустрэч, прысвечаных гэтай гадавіне. Купалаўка запрашае ляхавічан на кніжную выставу «Казкі яго жыцця». У Ліпскай сельскай бібліятэцы адбудзецца літаратурны вечар, а час паэзіі   «Як песня народа – неўміручы наш Колас» пройдзе ў Вялікай Лотве, выстава-прадстаўленне ладзіцца ў Тухавічах, рыхтуюцца да падзеі і ў Галаўнінцах, і ў Сваятычах.
Вучні Дараўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячага сада-сярэдняй школы пасля канікулаў стануць удзельнікамі фестывалю дзіцячых малюнкаў па творчасці паэта.  Плануецца, што ў снежні яны трапяць на спектакль  у Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Вучні СШ № 2 таксама праілюструюць творы Коласа, а на паэтычнай вечарыне будуць гучаць вершы паэта, дзеці больш падрабязна пазнаёмяцца з біяграфіяй, праінсцэніруюць асобныя творы.
Маргарыта КУХТА.
Падзялiцца:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *