«Грыпаваць – гэта не для нас, прышчэпленых»

Заімжэла, задажджыла, заветрыла  сапсавалася не толькі надвор’е. Чэргі каля кабінетаў тэрапеўтаў райпаліклінікі ўсё больш папаўняюцца тымі, хто скардзіцца на высокую тэмпературу, боль у горле, слабасць, заложанаць носа, кашаль. Сімптомы вядомыя,  такая непрыемная сітуацыя знаёмая многім. Асабліва яна абвастраецца ў асенне-зімовы сезон.
Задача нумар адзін не захварэць – папярэдзіць. А ў гэтай справе надзейнае вырашэнне – прышчэпка ад грыпу. Вакцына «Грыпол-Плюс», якой сёння прапаноўваюць прышчапіцца медыкі, расійскай вытворчасці. Яны падкрэсліваюць: гэты высокаачышчаны прэпарат, добра пераносіцца і дарослымі, і  дзецьмі.
Імунізацыя павінна завяршыцца да канца лістапада, аднак у нашым раёне плануецца закрыць прышчэпачную кампанію значна раней. Сёлета як мінімум 40 працэнтаў насельніцтва (а гэта больш за 10400  чалавек)  надзейна абароняць сябе ад захворвання грыпам і вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. Многія гэта ўжо зрабілі.
За кошт рэспубліканскага бюджэту па стане на 8 лістапада імунізаваліся 2847 жыхароў раёна, з якіх 530 дзяцей. За гэтыя сродкі перш за ўсё вакцынуюцца дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, а таксама дзеці ад 3 гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, асобы, старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя, медыцынскія работнікі, асобы з устаноў кругласутачнага знаходжання дзяцей і дарослых.
Яшчэ 4062 чалавекі прышчапілася за кошт мясцовага бюджэту: школьнікі і навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў, супрацоўнікі сферы бытавога абслугоўвання, адукацыі, гандлю і грамадскага харчавання.
Актыўна ідзе кампанія па вакцынацыі і на прадпрыемствах раёна: больш за 1374 чалавекі ўжо зрабілі прышчэпкі, тым самым забяспечылі сабе здаровую восень і зіму.  Між іншым, пажадана, каб на кожным прадпрыемстве ці ў арганізацыі імунізаваліся не менш за 40 працэнтаў супрацоўнікаў. Чым больш такіх работнікаў, тым меншая рызыка распаўсюджвання віруса ў калектыве.
Як і кожны год, калектывы камунгаса, ПМС, «Трансэлектракамплекта», «Інтэрлака», ТБЗ «Ляхавіцкі», ільнозавода, КСУП «Тальмінавічы» і «Востраў-Агра»,  кафэ «Калі ласка», гандлёвай сеткі «Еўраопт», гандлёвага дома «Уладзімір» і іншыя толькі «за» вакцынацыю. Іншая сітуацыя з супрацоўнікамі раённага вузла паштовай сувязі, кансервавага завода, завода «Металапластмас», некаторымі іншымі.
– Самае галоўнае зрабіць прышчэпку своечасова. Чым раней, тым лепш. Праз 8-12 дзён сфарміруецца патрэбны ўзровень абароны супраць вірусаў грыпу, які захаваецца на працягу 6-12 месяцаў. Калі можна зрабіць прышчэпку, навошта падвяргаць сябе магчымасці захварэць, – канстатуе загадчыца паліклінікі Наталля Гарбачова.
Зрабіць прышчэпку лепш за ўсё восенню. Галоўнае, паспець да пачатку ўздыму захворванняў грыпам і ВРВІ. Вакцына садзейнічае фарміраванню імунітэту, які захаваецца на працягу   6-12 месяцаў.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *