Пра задачы і рэсурсы. з 1 па 30 лістапада на Ляхавіччыне аб’яўлены месячнік па зборы другаснай сыравіны

Нарыхтоўка і перапрацоўка другаснай сыравіны павінна стаць асновай для матэрыяльнага і эканамічнага дабрабыту.

Як паведамляў «ЛВ», з 1 па 30 лістапада на Ляхавіччыне распараджэннем старшыні райвыканкама аб’яўлены месячнік па зборы другаснай сыравіны. І тое, што такое мерапрыемства ў нашым раёне арганізавана ўжо другі раз за гэты восеньскі сезон, пацвярджае яго важнасць і значнасць. Не толькі экалагічную (ператвараць у смецце тое, што можа паслужыць сыравінай для многіх карысных рэчаў, азначае ў літаральным сэнсе забруджваць навакольнае асяроддзе), але і эканамічную.
Што датычыць апошняй, то ў дзяржаўных маштабах эканомія ад перапрацоўкі другасных рэсурсаў можа і павінна вымярацца сур’ёзнымі лічбамі. Нацыянальная стратэгія па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі прадугледжвае, што да 2030 года ў Беларусі будзе перапрацоўвацца да 40 працэнтаў адходаў, а да 2035 года – да 50.

Але, безумоўна, для гэтага трэба пастарацца вельмі і вельмі многім. У першую чаргу – усім нам сартаваць адходы па відах, а не выкідваць у адзін кантэйнер. І, канешне, наладзіць паасобны збор другаснай сыравіны так, каб людзям было зручна пазбаўляцца ад непатрэбных дома рэчаў, каб прадпрыемствы былі зацікаўлены ў зборы і здачы макулатуры, пластыку, металалому, шын і г.д., а не вывозілі патэнцыяльныя другасныя рэсурсы на сметнікі.

Што датычыць арганізацыі збору, то гэта задача для аператараў па нарыхтоўцы другаснай сыравіны. У нашым раёне – райпо і камунгаса. Ім падчас месячніка распараджэннем кіраўніка раёна даручана забяспечыць збор у тым ліку і малых партый  макулатуры, пластыку, шкла, арганізаваць для гэтага  работу перасоўных нарыхтоўчых пунктаў. Тым больш, справы па выкананні даведзенага задання ў раёне не самыя бліскучыя.

А цяпер гісторыя з рэальнага жыцця. У рэдакцыю патэлефанаваў жыхар вёскі Смаленікі: маўляў, вяскоўцы сабраліся паўдзельнічаць у зборы шкла, а зрабіць гэта не атрымліваецца. Па яго словах, у кааптрансе (адно з падраздзяленняў райпо), куды звярнуліся смаленічане, адмовіліся ехаць – малая партыя. Зразумела, не 5 тон, тым не менш хтосьці сабраў 15-20 кілаграмаў шкла, а хтосьці і 50, і больш за 100.

Пасля ўмяшання ў сітуацыю рэдакцыі і аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама райпоўская машына ў вёску ўсё ж выехала – па дамоўленасці з мясцовымі жыхарамі. Праўда, як аказалася, без вагаў. Каб узважыць другасную сыравіну і атрымаць за яе грошы, вяскоўцам давялося  «дэлегаваць» свайго прадстаўніка ў горад – на веласіпедзе і пад дажджом. У Мядзведзічы, дзе таксама былі гатовы падзяліцца другаснай сыравінай, машына ў гэты дзень так і не прыехала…

Выкананне задання па нарыхтоўцы другаснай сыравіны – адзін бок справы. Ёсць і другі. Думаецца, каб у Смаленіках не аказалася такога настойлівага чалавека, які давёў справу да канца, то недзе за вёскай у хуткім часе з’явіўся б чарговы несанкцыянаваны сметнік, які сельвыканкаму давялося б ліквідаваць за свае грошы…

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *