Немалы ўклад малога бізнесу

У эканоміку рэгіёна ўносіць немалы ўклад і малы бізнес. У тым ліку і гэта ў свой адрас пачулі ўдзельнікі традыцыйнай штогадовай сустрэчы са старшынёй райвыканкама – прадстаўнікі бізнес-структур Ляхавіччыны. За круглым сталом – кіраўнікі ТАА, ЗАТ, ПП. Назвы некаторых з іх даўно ўжо гучаць брэндам: «Трансэлектракамплект», «Ляхавіцкі завод «Металапластмас», «Бляшаначны завод «Інтэрлак», дастаткова буйныя працадаўцы і падаткаплацельшчыкі «Ібіра», «Ажуруна» і іншыя. Усяго ў дыялогу прынялі ўдзел каля двух дзясяткаў першых, як правіла, асоб прыватных кампаній.

Мэта такіх міні-форумаў у фармаце «бізнес-улада», адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, – абмеркаваць пытанні, якія хвалююць абодва бакі.
Падпісаны Прэзідэнтам Дэкрэт «Аб развіцці прадпрымальніцтва» ў пэўнай ступені стаў фонам сустрэчы і, канешне, закліканы палепшыць бізнес-клімат у тым ліку і Ляхавіччыны. Некалькі лічбаў, высноў і фактаў, якія яго (гэты клімат) сёння фарміруюць.
З прыкладна 10700 рэальна занятых у эканоміцы раёна чалавек 1700 працуюць у сферы прадпрымальніцтва. А такі ключавы паказчык эканамічнай эфектыўнасці рэгіёна, як экспарт паслуг, на 95 працэнтаў з’яўляецца заслугай іменна прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці. Трэць адпраўленых раёнам за мяжу тавараў з’яўляецца прадуктам прыватнай вытворчасці. Выключную важнасць дзелавой актыўнасці пацвярджае і тое, што даходную частку раённага бюджэту прыкладна на чвэрць фарміруюць прыватнікі.
І іменна бізнес-сферу як найбольш гібкага, мабільнага і дынамічнага ўдзельніка эканамічнага рынку можна і трэба разглядаць у якасці адной з кропак росту на шляху да павелічэння бюджэтнай самадастатковасці рэгіёна.
На фоне вынікаў і безумоўных заслуг да некаторых структур малога бізнесу раённая ўлада, што называецца, мае пытанні. У першую чаргу, па заработнай плаце: як адзначыў кіраўнік раёна, вынікі эканоміка-фінансавай дзейнасці асобных прадпрыемстваў не заўсёды адпавядаюць сумам, прапісаным у разліковых квітках іх работнікаў. Ды і ўвогуле, апошнім часам заработкі ў прыватным сектары раёна зменшыліся і саступаюць аналагічнаму сярэднераённаму паказчыку. І гэта на фоне некалькіх папярэдніх гадоў, калі становішча адрознівалася ў іншы бок.
А памер заработка кожнага працаўніка важны яшчэ і з пункту гледжання фарміравання бюджэту. У нашым выпадку яго даходную частку больш як на 35 працэнтаў складаюць падаходныя падатковыя адлічэнні. Вобразна кажучы, чым большымі будуць зборы (размова, канешне ж, не толькі пра падаходны падатак), тым больш роўнымі і ўдасканаленымі ў плане пакрыцця стануць дарогі і вуліцы, больш сродкаў можна будзе накіраваць на рамонт і будаўніцтва жылых дамоў і аб’ектаў сацыяльна-бытавой сферы.
А яшчэ і найперш, паўната бюджэту – гэта якасць адукацыі і медыцыны, у значнай ступені – цяпло ў дамах, гэта фізічная культура і спорт, развіццё культуры.
Прыдаць рух нерухомасці, прымусіць працаваць на канкрэтных патэнцыяльных гаспадароў і эканоміку будынкі, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці раёна, аднак, не выкарыстоўваюцца. Аўкцыёны, дзе яны выстаўляліся ў якасці лотаў, вынікаў не прынеслі. Апошнім крокам на шляху іх новай гаспадарчай рэабілітацыі з’яўляецца продаж аб’екта за базавую велічыню. Факт продажу па такой сімвалічнай цане накладае на пакупніка шэраг абавязкаў: два гады адводзіцца на рамонт-рэканструкцыю, пера- ці даабсталяванне. Яшчэ тры гады – абавязковасць вядзення гаспадарчай дзейнасці. Пасля чаго новы гаспадар атрымлівае права распараджацца аб’ектам па сваім жаданні: прадаваць, перадаваць і іншае.
У спісе прапанаваных бізнесу падчас гэтай сустрэчы «аднабазавых» аб’ектаў нерухомасці значыліся будынкі былых Мядзведзіцкай і Свяціцкай школ, некалькі размешчаных у розных месцах раёна будынкаў былых лазняў.
Прадукцыйнасць працы з’яўляецца адным з важнейшых крытэрыяў паспяховасці любой вытворчасці. Можна назваць нямала шляхоў яе павелічэння. Напрыклад, пытанне можна вырашыць шляхам замены старога абсталявання на новае, сучаснае. Што вельмі дорага. Паляпшэнне кваліфікацыі работнікаў таксама здольна вывесці выпрацоўку на больш высокі ўзровень. Але і гэта не надта танны, не вельмі хуткі і дастаткова клапатлівы шлях наверх. Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба звярнула ўвагу прысутных, што без асаблівых фінансавых укладанняў выйсці на новыя паказчыкі прадукцыйнасці дапаможа асабліва ашчадная арганізацыя вытворчага і працоўнага працэсаў. У якасці прыкладу выступіла адно са спецыялізаваных у машынабудаванні брэсцкіх ТАА. Усяго і расходаў, што выраб неабходных стэлажоў і шафаў, нанясенне ўказальнікаў і новых абазначэнняў, іншае. У якасці «іншага» – псіхалогія работнікаў, вытворчая дысцыпліна. Як высветлілася, некаторыя з прысутных у малой зале райвыканкама пабывалі ў Брэсце. Убачанае ўспрымаюць за вартае ўвагі, перадавое. Але на пытанне старшыні райвыканкама, ці ўкаранілі ў сябе на прадпрыемстве нешта з убачанага, адзін з іх адказаў ад- моўна. Маўляў, патрэбна многае ламаць. І гэта іменна той выпадак, калі ламаць складаней, чым будаваць.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *