Кніга для гісторыі

Гарадскія ўлады працуюць  над вяртаннем Брэсцкай  (Радзівілаўскай) Бібліі на радзіму, паведаміў журналістам старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук   15 снежня на адкрыцці памятнага знака Брэсцкай Бібліі

«Мы не ўтойваем, што вядзём работу, каб вярнуць у Брэст поўнае выданне Брэсцкай Бібліі. У свеце цяпер налічваецца каля 70 экзэмпляраў у той ці іншай ступені захаванасці. Вядзём перагаворы з прыватнымі калекцыянерамі, каб грамадскі фонд, створаны да тысячагоддзя горада, выступіў заказчыкам або спонсарам гэтай унікальнай падзеі. Спадзяюся, у нас атрымаецца вярнуць Біблію ў аўтэнтычным стане. Робім для гэтага ўсё магчымае», – сказаў Аляксандр Рагачук.
Паводле слоў мэра Брэста, выданне Бібліі ў 1563 годзе – адна са значных дат у гісторыі Брэста. Памятны знак у яе гонар устаноўлены ў цэнтральнай частцы горада, на скрыжаванні вуліц Пушкінскай і Кірава. Яго вышыня – 1,8 метра. Масіўная бронзавая аснова нагадвае разгорнутую кнігу, на адной старонцы якой можна ўбачыць адбітак «Брэсцкая Біблія. 1563», на другой – гравюру. Камень для пастамента спецыяльна прывезены з Карэліі. На выраб помніка накіравана Br80 тысяч. Большую частку сродкаў выдзеліў бюджэт, больш за Br20 тысяч склаў уклад мецэнатаў.
«Зрабіць такі значны праект – вялікая радасць. Гэта мая першая манументальная работа. Памятны знак Брэсцкай Бібліі з’яўляецца сімвалам сілы чалавечай думкі, цягі да ведаў, асветы. Яе выданне – пераломны момант у гісторыі не толькі Брэста, а ўсёй краіны», – лічыць аўтар праекта скульптар Антон Нічыпарук.
Новы архітэктурны аб’ект мае таксама прыкладны характар: ён лакальна раздае Wi-Fi. Уладальнікі гаджэтаў паблізу помніка могуць выбраць падключэнне з назвай Brestbibel, а затым перайсці ў браўзер, дзе размешчана інфармацыя пра Брэсцкую Біблію на рускай, беларускай, украінскай, польскай, англійскай і кітайскай мовах. Чытачам прапануецца азнаёміцца з гістарычнымі фактамі аб кнізе, паглядзець фатаграфіі, яе розныя выданні. У далейшым рэсурс плануецца напоўніць звесткамі і аб іншых турыстычных аб’ектах абласнога цэнтра. «Сённяшняя падзея значная па многіх складніках. Але самае важнае – яна павінна падштурхнуць да вывучэння нашай гісторыі. У Брэсце налічваецца 111 помнікаў і памятных знакаў. На мой погляд, іх недастаткова, таму што тысячагадовая гісторыя горада ўмясціла ў сябе нямала яркіх падзей», – рэзюмаваў старшыня гарвыканкама.
БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *