У дзяржаўнай палітыцы сацыяльныя акцэнты

Пытанні сацыяльнага характару актуальныя заўсёды. Яны закранаюць самыя хвалюючыя і блізкія для кожнага тэмы – тое, што датычыць нашага здароўя, дабрабыту, камфорту, навучання і выхавання дзяцей і многага іншага. Пра тое, што мае выключна важнае значэнне, але часта застаецца за межамі нашай увагі ў паўсядзённым жыцці, – размова з намеснікам старшыні  райвыканкама Дзіянай ТРЫСЦЕНЬ.

– Расходная частка бюджэту мае сацыяльную накіраванасць. Дзіяна Іванаўна, што на справе стаіць за гэтымі сухімі радкамі штогадовых бюджэтных справаздач?
– На справе за гэтымі радкамі вельмі красамоўныя лічбы і факты.
Толькі задумайцеся: утрыманне і развіццё ўстаноў сацыяльнай сферы ў агульным аб’ёме расходаў раённага бюджэту складае прыкладна 75 працэнтаў – тры чвэрці. Большая частка гэтых сродкаў – зарплаты бюджэтнікаў: медыкаў, работнікаў сферы адукацыі, культуры, фізкультуры і спорту, сацыяльнай службы і некаторых іншых.
Найбольш важкі артыкул у бюджэтных расходах – адукацыйны, на яго накіроўваецца каля 39 працэнтаў бюджэтных грошай. За 11 месяцаў сума склала амаль 11,5 мільёна рублёў. Акрамя ўжо згаданай зарплаты, гэта яшчэ і ўтрыманне ўстаноў адукацыі, у тым ліку неабходныя рамонты і рэканструкцыі ў іх, бясплатнае школьнае харчаванне для пэўных катэгорый дзяцей. Істотна танней, чым ёсць, абыходзіцца для бацькоў дзіцячы адпачынак у аздараўленчых лагерах, немалая частка кошту пуцёвак датуецца з бюджэту.
Бясплатнае для насельніцтва медабслугоўванне, забеспячэнне медыкаментамі, харчаванне пацыентаў стацыянара ў бальніцы таксама каштуюць нятанна, але плацяць за ўсё гэта не самі людзі, а бюджэт. З бюджэту выплачваецца дзяржаўная адрасная дапамога для маламаёмных грамадзян і сем’яў, фінансуецца бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчаванне дзяцей першых двух гадоў жыцця…
Гэты пералік, канешне, не вычарпальны і налічвае яшчэ нямала пунктаў, якія так ці інакш закранаюць інтарэсы вельмі многіх, калі не ўсіх нашых землякоў.
Дарэчы, магчыма не ўсе ведаюць, што раённы бюджэт датацыйны. У агульным аб’ёме бюджэту раёна ўласныя даходы складаюць менш за палову, астатняе – рэспубліканскія датацыі. Акрамя таго, сродкі на развіццё сацыяльнай сферы раёна прадугледжаны і ў абласным бюджэце.
– Для таго, каб работа па павышэнні якасці жыцця і дабрабыту насельніцтва была сістэмнай, у Беларусі распрацаваны дзяржаўныя мінімальныя сацыяльныя стандарты. Як яны выконваюцца ў нашым раёне?
– Мінімальны ўзровень гарантый ва ўсіх сацыяльна значных сферах вызначаюць 43 нарматывы. Яны ўстанаўліваюць віды, аб’ём і якасць важнейшых сацыяльных па-слуг у галінах ЖКГ, аховы здароўя, адукацыі, культуры, фізкультуры і спорту, сувязі, гандлю і транспарту, бытавога і сацыяльнага абслугоўвання.
У раёне праводзіцца пастаянная работа па ўкараненні і падтрыманні на належным узроўні нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў.
Узяць да прыкладу сістэму адукацыі раёна. Тут выконваюцца ўсе 10 нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў, адзначаецца станоўчая дынаміка ў іх забеспячэнні. Так, месцамі ў дашкольных установах забяспечаны больш за 96 працэнтаў дзяцей (нарматыў – 85,5 працэнта), падрыхтоўкай да навучання ў агульнаадукацыйных установах ахоплены 100 працэнтаў дзяцей 5-гадовага ўзросту. Што датычыць сродкаў на ўтрыманне аднаго дзіцяці ў дашкольных, агульнаадукацыйных і спецыялізаваных установах, то нарматывы нават значна перавышаюцца. Як і ў забеспячэнні адукацыйных устаноў камп’ютарнай тэхнікай: у нас адзін камп’ютар прыпадае на 8 вучняў (нарматыў –  на 30). Не лішнім будзе нагадаць, што тыя ж камп’ютары трапляюць у школы дзякуючы бюджэтнай падтрымцы.
У поўным аб’ёме ўкаранёны мінімальныя стандарты ў транспартным абслугоўванні, сувязі, сацыяльным забеспячэнні, культуры.
Нямала нарматываў дзейнічае ў сферы аховы здароўя: напрыклад, забяспечанасць ложкамі, брыгадамі хуткай медыцынскай дапамогі, урачамі, аптэкамі і г.д.
Зараз у раёне выконваюцца ўсе сацыяльныя стандарты за выключэннем стандартаў па забяспечанасці ўрачамі першаснага звяна, урачамі агульнай практыкі і тэрапеўтамі ў сувязі з адсутнасцю доктара ў Ганчароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Гэта зусім не азначае, што вяскоўцы пакінуты без медабслугоўвання. Пакуль малады спецыяліст знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, у гэтай медустанове па сумяшчальніцтве працуюць урачы з цэнтральнай раённай бальніцы.
Што датычыць далейшай работы па ўдасканаленні дзяржаўных сацыяльных стандартаў, то яна будзе накіравана на забеспячэнне насельніцтва максімальна якасным і даступным абслугоўваннем ва ўсіх сацыяльна значных сферах.
– Але забеспячэнне якаснага і камфортнага жыцця кожнага з нас не абмяжоўваецца толькі выкананнем мінімальных сацыяльных стандартаў…
– Безумоўна. Работа ў гэтым накірунку больш аб’ёмная, усеахопная і, можна сказаць, усеагульная. І літаральна ўсе яе асноўныя накірункі прадугледжаны дзяржаўнымі праграмамі, прынятымі ў Беларусі на бліжэйшую пяцігодку. Распрацаваны раённыя комплексы мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржпраграм. У іх выкананні на месцах задзейнічаны не толькі дзяржаўныя органы і арганізацыі, але і зацікаўленыя службы, установы, прадпрыемствы, грамадскія аб’яднанні.
Напрыклад, у раённым комплексе мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» прадугледжаны стварэнне ўмоў для паляпшэння здароўя насельніцтва, шырокая інфармаванасць пра фактары рызыкі, прапаганда здаровага ладу жыцця, умацаванне сямейных каштоўнасцяў, павелічэнне нараджальнасці і скарачэнне ўзроўню смяротнасці, павышэнне чаканай працягласці жыцця, якасці і даступнасці паслуг сістэмы аховы здароўя і г.д. Як бачыце, пытанні вельмі сур’ёзныя, і працаваць над іх вырашэннем павінны не толькі медыкі. Праводзіцца вялікая работа па ўсіх накірунках –  ад падтрымкі інстытута сям’і да папярэджання п’янства і алкагалізму, распаўсюджання ВІЧ-інфекцыі і туберкулёзу.
Многае робіцца па рэалізацыі Дзяржпраграмы аб сацыяльнай абароне і садзеянні занятасці насельніцтва. Аказваецца дапамога ў працаўладкаванні (у службе занятасці з пачатку года дапамаглі працаўладкавацца  276 грамадзянам) , забяспечваецца сацыяльная падтрымка беспрацоўных, арганізуецца другасная занятасць школьнікаў, прафесійнае навучанне для беспрацоўных. Як вынік – узровень беспрацоўя да эканамічна актыўнага насельніцтва на 1 снежня склаў 0,5 працэнта. Прымаюцца меры па папярэджанні вытворчага траўматызму, стварэнні безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў і пажылых землякоў, сацыяльнай інтэграцыі гэтых катэгорый грамадзян.
Наша надзея, наша будучыня – падрастаючае пакаленне. Цяжка нават пералічыць, што робіцца для таго, каб стварыць хлопчыкам і дзяўчынкам належныя ўмовы для вучобы, адпачынку, аздараўлення, развіцця здольнасцяў. Мерапрыемствы прадугледжаны не толькі Дзяржпраграмамі «Адукацыя і маладзёжная палітыка», развіцця фізічнай культуры і спорту, але і галіновымі праграмамі. Вынік красамоўны –  высокія дасягненні нашых юных землякоў на міжнародных, рэспубліканскіх, абласных алімпіядах і конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. 7 выхаванцаў ДЮСШ увахо-дзяць у нацыянальную зборную каманду па відах спорту. У раённы банк адоранай моладзі ўключаны 168 вучняў.
– Зразумела, з таленавітымі і адоранымі рабятамі працаваць лягчэй, больш прыемна і перспектыўна. Але, на жаль, даволі часта ў поле зроку трапляюць зусім іншыя дзеці – з няпростымі лёсамі.
– Многія чулі выраз «сям’я ў сацыяльна небяспечным становішчы». Такі статус ячэйка грамадства атрымлівае, калі бацькі не захацелі забяспечыць сваім дзецям належныя ўмовы пражывання, клопат і бяспеку, злоўжываюць алкаголем, не працуюць, дэбашыраць. Па стане на пачатак снежня ў Ляхавіцкім раёне ў сацыяльна небяспечным становішчы прызнаны 77 непаўналетніх з 38 сем’яў, і, безумоўна, такім хлопчыкам і дзяўчынкам патрэбна асаблівая ўвага з боку дзяржаўных органаў і арганізацый.
Калі іншыя меры аказваюцца безвыніковымі, Дэкрэт № 18 прадугледжвае прызнанне дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабранне іх з сям’і. Апошняя мера, магчыма, непапулярная, але даволі дзейсная. Нядбайныя бацькі прызнаюцца абавязанымі асобамі, павінны прымусова лячыцца, працаваць, кампенсаваць дзяржаве расходы, патрачаныя на ўтрыманне іх дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні. Іншае пытанне, што спагнаць бацькоўскія даўгі – справа не з лёгкіх. Як і прымусіць сумленна працаваць тых, хто не гарыць жаданнем вярнуць сваё дзіця.
Сёння на ўліку ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму 75 абавязаных асоб, чые дзеці выхоўваюцца ў нашым раёне ў замяшчальных сем’ях – апякунскіх, папячыцельскіх, прыёмных, дамах сямейнага тыпу. Так, дзеці дагледжаны, накормлены, апрануты – пра гэта фінансава паклапацілася дзяржава. Гора-бацькі ж кампенсавалі крыху больш за палову патрэбнай сумы. І запазычылі сваім дзецям не толькі грошы, але і тое, што імі не вымераеш. Недахоп бацькоўскай любві часцяком цяжка кампенсаваць нават у самай добрай замяшчальнай сям’і.
На жаль, бывае і так, што ніякія аргументы і ніякая падтрымка не дапамагаюць выправіць сямейную сітуацыю, і адзіна магчымым вый-сцем застаецца пазбаўленне бацькоўскіх правоў. І калі яшчэ 10-15 гадоў назад такую працэдуру праходзілі ў раёне штогод 30-35 дзяцей, то ў апошні час 3-4 за год. Лічу, што гэта даволі красамоўная статыстыка, якая пацвярджае эфектыўнасць Дэкрэта № 18 і дзяржаўнага клопату ў пытаннях абароны сям’і і дзяцей.
Дарэчы, што датычыць дзяржаўнага клопату, нельга не згадаць адзін вельмі аптымістычны факт. За апошнія гады ў раёне павялічылася колькасць мнагадзетных сем’яў. Калі на пачатак мінулага года іх было 337, то на 1 студзеня сёлета – ужо 410. Не апошняя роля ў гэтым – дзяржаўнай падтрымкі, у прыватнасці, сямейнага капіталу, што належыць мнагадзетным сем’ям. І калі ў 2015-м гэты від дзяржпадтрымкі быў назначаны 40 сем’ям, то сёлета – ужо 69.
Гутарыла Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *