Узрост газавай пліты,ці Для чаго неабходна паверка газавых лічыльнікаў

Начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Ігар Чвыр (справа), галоўны інжынер Юрый Разжалавец  і майстар Алег Кабяльчук.

Нумар аварыйнай газавай службы 104 павінны ведаць і дзеці, і дарослыя. Сюды трэба телефанаваць, калі, напрыклад, адчуваецца пах газу ў кватэры ці калі выходзіць са строю, патрабуе замены газавае абсталяванне. Пры гэтых праблемах нашы землякі атрымліваюць дапамогу ад супрацоўнікаў Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння – структурнага падраздзялення вытворчага ўпраўлення «Баранавічыгаз».

Начальнік ВУ «Баранавічыгаз» Уладзімір Столяр расказвае, што здараецца, калі  перад газавікамі зачыняюць дзверы. Наспеў час здаць лічыльнік на паверку, а гаспадар кватэры мяркуе, што яму гэта не трэба. І вельмі памыляецца.
Элементы газавых лічыльнікаў пры эксплуатацыі зношваюцца, могуць выдаваць некарэктныя даныя (міжпаверачны інтэрвал для бытавых прыбораў, складае не больш за 96 месяцаў ці 8 гадоў). Супрацоўнікі газазабеспячальнай службы дзейнічаюць у межах заканадаўства і ў  інтарэсах насельніцтва. Паміж газазабеспячальнай арганізацыяй і абанентам заключаны дагавор, які прадугледжвае абавязак спажыўца забяспечыць своечасовую паверку бытавога лічыльніка газу. Калі гэта не зроблена, то ўлік спажытага паліва ажыццяўляецца па сабекошце. На сёння кубаметр газу ў кватэры з плітой без лічыльніка каштуе 3 рублі 98 капеек, з лічыльнікам – 0, 308 рубля. Вось і эканомія.
– Хачу адзначыць, што ў адносінах да газавага абста-лявання не можа быць асобнага меркавання. Бяспека – паняцце агульнае, а кантроль за спраўнасцю прыбораў –абавязак кожнага ўласніка жылля, – падкрэслівае Уладзімір Столяр.
У нашым раёне каля 5 000 карыстальнікаў газавых катлоў і воданагравальнікаў. Работу прыбораў рэгулярна – раз у год – павінны правяраць супрацоўнікі газазабеспячальнай арганізацыі. Тут, як і ў выпадку са здароўем, нельга займацца «самалячэннем» – толькі спецыяліст можа вызначыць наяўнасць цягі ў дымавых і вентканалаў, стан газаправодаў, газавага абсталявання, выявіць уцечкі. Ачыстка, рэгуліроўка, настройка работы катла – здаецца, нескладаныя дзеянні тэхнічнага абслугоўвання, але іх важнае прызначэнне – бяспека. Грэбаваць яе нормамі – падвяргаць рызыцы жыццё сваё і іншых. Дарэчы, з пачатку года ў нашым раёне па розных прычынах газавікі адключылі ад газазабеспячэння больш за 300 адзінак абсталявання, выдалі каля 800 прадпісанняў на ўхіленне недахопаў.
Бывае і так, што гаспадары домаўладанняў самавольна змяняюць канструкцыю газаправода, самастойна замя-няюць газавыя пліты і калонкі. У такім выпадку арганізацыя мае права спыніць падачу газу.
Напачатку верасня ў Бярозаўскім раёне сем чалавек атруціліся чадным газам. Прычына – парушэнне правілаў карыстання газам у быце: уласнік кватэры самавольна пад-ключыў выцяжку з калонкі ў выцяжку газавай пліты. А гэта катэгарычна забаронена. У гэтым выпадку ўсё абышлося меддапамогай. На жаль, так бывае не заўсёды…
Самавольнае падключэнне кухоннай пліты ці іншых прыбораў караецца штрафам у памеры да 20 базавых велічынь.
Любая рэч мае свой тэрмін эксплуатацыі. Бяспечны ўзрост газавага абсталявання складае 10-12 гадоў. Пасля абанент павінен звярнуцца ў гаргаз для дыягностыкі прыбораў і тэхабслугоўвання з мэтай прадаўжэння тэрміну службы прыбораў. Пасля заканчэння нарматыўнага тэрміну эксплуатацыі патрабуецца абавязковая замена пліты, катла ці калонкі (20 гадоў), нават, калі пры гэтым прыбор выглядае яшчэ добра.
Гэта, дарэчы, датычыцца і рызінавых шлангаў да газавых пліт. Іх тэрмін служ-бы – 7 гадоў. Важна, каб спажыўцы газу разумелі і патрабаванне неабходнасці замены алюмініевых труб, якія пры высокіх тэмпературах прагараюць, на трубы з нержавеючай сталі. Названыя палажэнні не толькі прапісаны ў правілах карыстання газам у быце, але і падмацаваны шматлікімі жыццёвымі прыкладамі.
Асобна пра карыстанне газавай плітой дзецьмі. Часта бацькі лічаць, што сын ці дачка могуць і самі разагрэць ежу. Правіламі ж вызначана, што дзецям да 12 гадоў гэта забаронена. Не цяжка здагадацца, да чаго можа прывесці і сушка над плітой бялізны ці абагрэў памяшкання блакітным агеньчыкам.
Пашкоджанне газаправода пры правядзенні будаўніча-мантажных работ – яшчэ адна праблема. Такі выпадак быў зафіксаваны ў кастрычніку ў Пінску, дзе гаспадыня прыватнай сядзібы без дазволу на правядзенне земляных работ вырашыла ўстанавіць апору вулічнага асвятлення ў ахоўнай зоне газаправода. Штраф за падобнае парушэнне складае ад 30 да 50 БВ.
Парадку пры захоўванні патрабуюць і газавыя балоны. Ні ў якім разе яны не павінны захоўвацца ў гаспадарчых пабудовах і іншых не прызначаных для гэтага месцах. Зноў прыклад з жыцця: напрыканцы лістапада ў Драгічыне ўзарваўся балон, які знаходзіўся ў гаспабудове. Вынік – паўразрушанае і абгарэлае збудаванне. Добра, што не пацярпелі людзі.
– Газавая бяспека не здымаецца з парадку дня ні ў які сезон. Важна, каб газавае абсталяванне своечасова праходзіла тэхабслугоўванне, было спраўным, надзейным і бяспечным. А гэта магчыма толькі пры ўмове ўзаемадзеяння ўласнікаў домаўладанняў і кватэр з супрацоўнікамі газазабеспячальнай арганізацыі, – адзначае начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Ігар Чвыр.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Слесар Іван Гецман.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *