Не бывае былых афіцэраў

Калі аднойчы давялося служыць, адчуць значнасць, неабходнасць вайсковай справы, нельга забыцца на гэта пачуццё. Ці ж не яно завецца адказнасцю, той што незалежна ад формы   адзення – армейскай ці цывільнай, заўсёды з табой, крочыць побач, кіруе жыццёвым выбарам? На гэтае, няхай і рытарычнае, пытанне ўпэўнена і сцвярджальна адказвае Аляксей Навіцкі. Калі коратка: закончыў Мінскае вышэйшае ваеннае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча СПА, пасля была служба ­­­­­­­ў зенітна-ракетных войсках, з 2008 года – у Ляхавіцкім раённым ваенным камісарыяце, а ў 2013-м яго ўзначаліў.
Сапраўды, армія пачынаецца з ваенкамата. Адсюль пуцёўку ў ваеннае жыццё атрымала мноства юнакоў. Аляксей Іванавіч расказвае:
– Некаторыя юнакі хоць і не надта хацелі ісці ў армію, але пасля такой школы жыцця засталіся служыць па кантракце. Прыемна, што многія школьнікі ў нашых сустрэчах і размовах убачылі-пачулі тое, што стала вырашальным у выбары будучай армейскай прафесіі. І сёння яны курсанты, выпускнікі розных вышэйшых ваенна-вучэбных устаноў. Перакананы, што людзі з афіцэрскімі пагонамі, тыя, хто абараняе краіну, служыць у розных армейскіх падраздзяленнях, – гэта гонар краіны.
Ваенная загартоўка дапамагае Аляксею Навіцкаму і на сённяшняй – цывільнай –  пасадзе. Ён – галоўны спецыяліст райвыканкама, у чыёй кампетэнцыі пытанні тэрытарыяльнай абароны раёна.
Летась сілавыя структуры раёна былі задзейнічаны ў сумесным стратэгічным вучэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад-2017». Дарэчы, па выніках вучэння, як адзначыў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл – першы намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Алег Белаконеў, савет абароны Ляхавіцкага раёна годна і паспяхова выканаў пастаўленыя задачы.
Сярод узнагарод Аляксея Навіцкага асаблівае месца займае медаль «За бездакорную службу» III ступені. Мусіць, бездакорнасць – тая характарыстыка, што суправаджае ўсю яго працоўную біяграфію. А яшчэ Аляксей Іванавіч (на здымку справа) актыўны член раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў і ў яго шмат сумесных спраў са старшынёй гэтай арганізацыі Аляксандрам Русіным і начальнікам адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Аляксандрам Байчыкам.
– Вельмі важна перадаць тое, што мы ведаем, маладому пакаленню. І гэта не толькі гісторыя стварэння Узброеных Сіл краіны, самае важнае ­– любоў да Радзімы, адказнасць за яе і працяг сёння і цяпер слаўных традыцый.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *