Вакол ажэшкінскага парку

Ура! Задуманае атрымалася, спраўдзілася: насупраць векавога дуба, пасаджанага Элізай Ажэшкай у 1909 годзе ўфальваркуБохвіцаў у Флер’янове, на адлегласці некалькіх метраў ад яго — нованароджаны парк з пакуль яшчэ танюткіх кволенькіх  саджанцаў. Дакладней, паркам ён стане пазней, калі дрэўцы набяруць моц, падрастуць, закучаравяцца кронай.  Сёння ж — 100 дубкоў, сярод якіх і прарошчаныя  з жалудоў ажэшкінскага, укараняюцца і прывыкаюць да свайго         пастаяннага месца жыхарства. Дата  нараджэння парку — 21 красавіка 2011 года.

Шчыравалі над пасадкай  навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа на чале з першым сакратаром райкама БРСМ Тамарай Пракап’юк, начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргеем Баргамонам, якімі, у сваю чаргу, кіравалі Герой Сацыялістычнай Працы, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Генрых Траццяк і яго  паплечнік, палкоўнік у адстаўцы Валянцін Багатыроў.

Урачыстасць і важкасць моманту не перабольшаныя. Расці парк! Будуць цягнуцца да сонца і дубкі, пасаджаныя старшынёй раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыем Бурдуком, а таксама старшынёй СВК «Шлях новы» Аляксандрам Вашчуком, якія не проста завіталі, каб пабачыць-паназіраць за дзействам, а сталі яго ўдзельнікамі. Прасцей кажучы, узялі ў рукі лапаты і з веданнем справы пасадзілі па дрэўцу. Тут жа знаходзіліся і намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук, і, натуральна, супрацоўнікі раёнкі.

Падзею гэту — пасадку парку — для раёна можна лічыць гістарычнай і ў прамым, і ў пераносным сэнсе гэтага слова. Звязаная з гісторыяй, яна нібы злучае мінулае, сённяшні дзень і будучыню.

А пачыналася ўсё з публікацыі «Заверасніла» пад рубрыкай «Маналогі…». Менавіта ў ёй была агучана ідэя рэдакцыі: даць працяг ажэшкінскаму дубу — пасадзіць парк ці алею з «радаслоўнай».     Частка саджанцаў такой і з’яўляецца, астатнія ахвотна прадастаўлены мясцовым лясгасам.

Ідэя стала іскрай, з якой у добрым сэнсе гэтага паняцця разгарэлася полымя. Яе падтрымаў і актыўна пад-ключыўся да ажыццяўлення нераўнадушны Генрых Траццяк. У выніку сумесных разважанняў і пошукаў з’явіўся план адраджэння сядзібы Бохвіцаў у Флер’янове. План маштабны і прыгожы, пра яго больш падрабязна пагаворым пазней. Адзначу, што адобрыў яго кіраўнік раёна Дзмітрый Бурдук. Першы пункт намечанага ўжо выкананы:  у падрыхтаваную сіламі СВК «Шлях новы» зямлю пасаджаны маладзенькія дубкі. Нованароджаны парк трэба даглядаць, паліваць дрэўцы і сачыць за парадкам. І працягваць шчыраваць вакол сядзібы. А пазней, магчыма, калі ўсе мы вельмі  пастараемся і захочам, тут адновіцца стары дом Бохвіцаў і з’явіцца музей. І многае іншае, але пра гэта пазней.

Расці, ажэшкінскі парк! Цябе прыдумала раёнка, а дапамаглі  ажыццявіць ідэю нераўнадушныя, улюбёныя ў свой край землякі. Такія мы — ляхавічане!

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *