Ягор – сярэбраны прызёр

20 студзеня ў РЦАП «Стайкі» фінішавала першынство Рэспублікі Беларусь па дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат 2001-2003 гадоў нараджэння. Выступленне на такім узроўні юных спартсменаў – гэта яшчэ і агляд бліжэйшага рэзерву, праверка ў канкурэнтнай справе тых, каму ў блізкай перспектыве рэальна прэтэндаваць на месца ў зборных краіны.
Турнірны склад зборнай каманды Брэсцкай вобласці фарміравалі ў тым ліку і тры выхаванцы трэнера Віктара Богуша. Вераніка Хвясько, Кацярына Анціпава і Ягор Юруць заваявалі права быць сярод 16 брастаўчан-удзельнікаў рэспубліканскага турніру прыкладна месяц назад. Тады, на абласным першынстве ў Баранавічах, яны былі мацнейшымі ў сваіх вагавых катэгорыях.
У «Стайках» Вераніка з Кацярынай да вырашальных схватак не дабраліся – прайгралі на папярэднім этапе спаборніцтваў. Іншы сцэнарый выступлення «напісаў» для сябе Ягор. Чатыры запар пераможныя выхады на татамі далі ляхавіцкаму дзюдаісту права пазмагацца за тытул пераможцы рэспубліканскага першынства. Але фінал склаўся не на карысць Ягора, які пакінуў стайкаўскае татамі ў якасці сярэбранага прызёра. Што ж, і серабро метал высакародны.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з сайта http://lyahovichi.edu.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *